Усе навіны

Украінка Цурэнка пра зняцце з матча з Сабаленка: «Адбылася панічная атака. Да гульні з Векіч СЕА WTA сказаў, што гульцы з Расіі і Беларусі вернуцца на АГ, а іх падтрымка вайны не павінна засмучаць»

13 сакавіка 2023, 10:10

Украінская тэнісістка Леся Цурэнка (№95 WTA) пракаментавала адмову ад матча супраць беларускі Арыны Сабаленка (№2 WTA) у трэцім крузе турніру WTA 1000 у Індыян-Уэлс, ЗША.

«Прычынай адмовы стала панічная атака. Афіцыйна будуць напісаны «асабістыя прычыны», але фактычна гэта праблемы з дыханнем і, можна сказаць, істэрыка.

Некалькі дзён таму ў мяне была размова з нашым СЕА WTA Стывам Сайманам, і я была цалкам шакаваная тым, што пачула. Ён сказаў мне, што сам ён вайну не падтрымлівае, але калі гульцы з Расіі і Беларусі яе падтрымліваюць, то гэта толькі іх уласнае меркаванне, і меркаванне іншых людзей не павінна мяне засмучаць.

У той жа час ён адзначыў, што калі б з ім такое адбывалася і ён быў бы на маім месцы, ён адчуваў бы сябе жахліва.

Акрамя таго, ён выказаў упэўненасць, што расіяне і беларусы вернуцца на Алімпіяду, і сказаў, што гэта адбудзецца менавіта так, як адбываецца зараз у тэнісе. Таксама ён сказаў, што «фэйр-плэй» і алімпійскія прынцыпы не парушаны, а якраз наадварот. Менавіта той факт, што яны выступяць на Алімпіядзе, пакажа, што гэтыя прынцыпы працуюць, што ўсе роўныя і ўсе маюць магчымасць там выступаць.

На пытанне ці разумее ён, што кажа мне гэта падчас актыўнай фазы ваеннай агрэсіі Расіі ў маёй краіне, ён сказаў, што так, і гэта яго меркаванне.

Я была зусім шакаваная гэтай гутаркай і ўжо ў мінулай гульні (супраць харваткі Донны Векіч – заўв.) было неверагодна складана гуляць, складана сабрацца і сёння, калі прыйшоў час ісці на корт. У мяне пачалася панічная атака, я проста не змагла туды выйсці. Вельмі спадзяваюся, што змагу ўсю гэтую інфармацыю пераварыць і буду гатова да наступнага турніру.

Наша размова са Стывам Сайманам адбылася яшчэ да матча супраць Донны Векіч. У мяне назапасілася некалькі пытанняў да яго: напрыклад, па якасці мячоў у Мантэрэі, дзе я з-за гэтага не змагла дагуляць турнір, і шматлікія гульцы скардзіліся на болі ў плячах, кісцях і локцях.

Таксама ў мяне было шмат пытанняў па дапамозе ўкраінцам, і мы плаўна перайшлі да вострых тэм, і я ўсё гэта ад яго пачула. Я пад уражаннем ад усяго гэтага проста ментальна сарвалася, шчыра кажучы.

Напрыклад, я задавала яму пытанне, ці будзе ўкраінцам у WTA-туры прадстаўлена такая дапамога, якая была на Australian Open, дзе арганізатары па запыце падалі дадатковае пражыванне і харчаванне кожнаму ўкраінцу столькі, колькі было неабходна.

На гэтае пытанне я пачула адказ: «Я буду працягваць назіраць за сітуацыяй». То бок фактычна ён даў зразумець, што ніякай дапамогі не будзе, як яе не было ўвесь год.

Пра маю размову са Стывам ведаюць толькі гульцы нашай групы, з кім мы ўвесь час на сувязі, ведае Эліна [Світоліна]. Усе таксама шакіраваны. Мы папрасілі арганізаваць канферэнц-кол з Саветам дырэктараў WTA, каб падняць пытанне, як такі чалавек, як Стыў Сайман, можа быць лідарам у WTA, і што нам з усім гэтым рабіць.

Як нам далей разумець, што нашая арганізацыя хоць неяк абараняе нашыя правы? Я проста не разумею, як адбылося ў гэтым свеце, што трэба тлумачыць такія рэчы. Гэта вельмі дзіўна і вельмі балюча», – сказала Цурэнка.