Усе навіны

Трэнер украінкі Цурэнка Уласаў: «Трэнер расійскай тэнісісткі Кудэрметавай у размовах з іншымі прама заяўляў, што Пуцін – прыгажун, а ўся Еўропа павінна стаяць на каленях»

15 сакавіка 2023, 22:34

Трэнер украінскай тэнісісткі Лесі Цурэнка Мікіта Уласаў распавёў «Трыбуне» пра тое, як у туры беларускія і расійскія тэнісісткі маўчалі пра вайну ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Украіны, а таксама пра бяздзейнасць WTA ў дачыненні да людзей, якія падтрымалі вайну.

– Год таму ты і Марта Касцюк выказвалі надзею, што людзі ўсё ж такі пазначаць сваю пазіцыю, адкажуць на пытанні ўкраінак. Вы спадзяваліся на лепшае, чакалі нечага. Калі гэтае чаканне скончылася?

– На самай справе, вясной 2022-га мы чакалі нейкіх крокаў ад беларусак і расіянак, думалі, яны ўсё ж неяк выкажуцца, а розум у WTA возьме верх. Амерыканцы ж топяць за дэмакратыю, яны, на нашу думку, павінны былі ўмяшацца і рэальна заклікаць людзей выказацца, каб вырашыць пытанні і рознагалоссі. Але ні з боку тэнісістак, ні з боку WTA, як мы бачым, нічога не было. Ні тады, ні цягам года.

А чакаць нечага станоўчага мы перасталі, напэўна, практычна адразу, яшчэ ў красавіку. Трэнер расійскай тэнісісткі Веранікі Кудэрметавай у размовах з іншымі трэнерамі з розных краін прама заяўляў, што Пуцін – прыгажун, а ўся Еўропа павінна стаяць на каленях. І Расія, і Пуцін – «лепшы палітык XXI стагоддзя» – усё правільна робяць. Ніякіх заўваг наконт гэтага ніхто не рабіў, усіх усё задавальняла. І тады мы зразумелі, што пры такім стаўленні чакаць нейкай дапамогі для ўкраінак бессэнсоўна, – сказаў Уласаў.