Tribuna/Тэніс/Блогі/Беларуская тэнісістка працягвае кар'еру, але запускае ў Варшаве сваё кафэ. Яму ўжо зрабіла рэкламу Сабаленка

Беларуская тэнісістка працягвае кар'еру, але запускае ў Варшаве сваё кафэ. Яму ўжо зрабіла рэкламу Сабаленка

Спецыялізуецца на пары, і ў новую сферу прыйшла не адна.

Аўтар — Pam-pam
20 лютага, 08:43
2
Беларуская тэнісістка працягвае кар'еру, але запускае ў Варшаве сваё кафэ. Яму ўжо зрабіла рэкламу Сабаленка

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава стала адной з заснавальніц кавярні пад назвай Just Like You. Новае месца адкрылася ў Варшаве па вуліцы Луцкая ў 15 хвілінах ад Палаца навукі і культуры - то-бок самага цэнтра польская сталіцы.

Афіцыйна ўстанова адчыняе дзверы толькі ў аўторак, але ўжо некалькі дзён яна працуе ў тэставым рэжыме. У Just Like you абяцаюць фірмовую каву і сняданкі на працягу ўсяго дня, праўда, меню ў агульным доступе пакуль няма.

Рэкламу новаму месцу зрабіла нават 2-я ракетка планеты Арына Сабаленка – рэжымніца рэпоснула фота з акаўнта кавярні і павіншавала сваю партнёрку па парным турніры ў Адэлаідзе-2023 (там яны дайшлі да паўфіналу).

Марозава ў цэлым з'яўляецца спецыялісткай менавіта па парных спаборніцтвах – беларуска займае 72-і радок у сусветным рэйтынгу, а найвышэй за карʼеру была ў кастрычніку-2018 - 37-й. У адзіночным разрадзе Марозава не ўзбіралася вышэй за 468-ы радок.

На яе рахунку чатыры парныя тытулы – апошні быў узяты ў чэрвені 2023-га на турніры у Бад-Хомбургу (Германія). Той матч яшчэ запомніўся цуда-ударам партнёркі Лідзіі Інгрыд Марцінс, які прымусіў беларуску засмяяцца.

У сезоне-2024 Марозава паспела ўзяць старт на двух турнірах. У студзені на Australia Open у 1/64 разам з полькай Катажынай Петэр саступіла японска-сербскаму дуэту Ааяма/Круніч, а ў пачатку лютага з той жа напарніцай прайграла ў 1/16 фіналу Transylvania Open амерыканскай пары Макнелі/Мухамад.

Кавярню ў польскай сталіцы Марозава адкрывае не адна – яе партнёркай па бізнесе стала Валерыя Коршун. Пра дзяўчыну вядома зусім не шмат – яна мае дзве вышэйшыя адукацыі, скончыўшы ў Мінску лінгвістычны і эканамічны ўніверсітэты. Згодна інфармацыі на старонцы Linkedin, Коршун у 2012-м уладкавалася менеджарам па забеспячэнні і праектам у групу кампаній ТАА «Завод сістэм астуджэння» і ТАА «Завод радыятараў», дзе за 11 гадоў дарасла да намесніка начальніка аддзела продажаў.

Ад сакавіка 2022-га дзяўчына працуе менеджарам па развіцці бізнесу ў кампаніі Regula, якая пазіцыянуе сябе як глабальны распрацоўшчык прылад і рашэнняў для праверкі асобы.

Першае сумеснае фота бізнес-партнёрак, якое можна знайсці ў сеціве, датавана ліпенем 2019-га – тады дзяўчаты ў кампаніі сябровак наведалі адно з кафэ ў Мінску.

А гэта ўжо кастрычнік 2023-га, магчыма, тут сяброўкі ўжо абмяркоўвалі сваю бізнес-ідэю.

Улетку 2023-га Коршун суправаджала Марозаву на «Уімбілдоне» - тэнісістка выбыла там ў трэцім коле парнага разраду, дзе гуляла разам з бразільянкай Інгрыд Гамара-Марцінс.

І фатаграфавалася з іспанскім тэнісістам Карласам Алькатрасам.

Коршун прыадкрывала працэс падрыхтоўкі кафэ да адкрыцця. Вось так, напрыклад, выглядала памяшканне ў апошнія дні студзеня.

А вось Коршун і Марозава купляюць мэблю для Just Like You.

Прэзентацыя кавяргні для сяброў і блізкіх адбылася на днях. Патрапіў туды і стэндап-комік Ідрак Мерзалізадэ, які перад гэтым паспеў зганяць на матч Іллі Шкурына.

Гасцям прапанавалі пакінуць свае пажаданні на абрусе. Адным з іх стала «адбіцца максімальна хутка».

Паводля афіцыйнага сайту WTA, за кар'еру 31-гадовая Марозава зарабіла на тэнісе амаль 659 тысяч долараў. Праўда, гэтая сума не ўлічвае падаткаў, выдаткаў на перасоўванне па свеце, падрыхтоўку і гэтак далей.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты