Tribuna/Футбол/Блоги/Ікра/Басейн Хрыста Збавіцеля

Басейн Хрыста Збавіцеля

Гісторыя аб унікальным басейне «Масква», які быў пабудаваны на месцы Храма Хрыста Збавіцеля і які быў зруйнаваны для яго аднаўлення.

Блог — Ікра
Автор — khvnsk
6 марта 2015, 01:50
1

Храм Хрыста Збавіцеля - адзін з сімвалаў Масквы і галоўны храм Рускай Праваслаўнай Царквы. Будаваўся на працягу 44 гадоў: закладзены ў 1839 годзе, канчаткова асвячоны толькі ў 1883.

Магчыма, нехта не ведае, але сучасны будынак - гэта адбудаваная копія арыгінальнага храма, які быў разабраны і ўзарваны камуністамі ў 1931 годзе. На месцы царквы ў самым цэнтры Масквы планавалася пабудаваць гіганцкі дом саветаў, вышынёй у 420 метраў з помнікам Леніну на самым версе.

Паўтара гады спатрэбілася, каб разабраць абвалкі, пасля пачалося рыццё катлаванаў і кладка фундамента. Далейшым планам (пэўна, на шчасце) перашкодзіла другая Сусветная вайна. З металічных элементаў фундамента зрабілі супрацьтанкавыя яжы для абароны Масквы, а потым выкарыстоўвалі для будавання мастоў на чыгунцы.

Пасля заканчэння вайны было не да пафасных хмарачосаў, і ад праекта дома саветаў прышлося адмовіцца. Замест яго ў 1958 годзе пачалося будаўніцтва плавальнага басейна, якое скончылася праз 2 гады.

Спартыўны аб'ект быў круглай формы, падзелены на сектары, з асобным сектарам для спартоўцаў.

Басейн "Масква" быў у нейкім сэнсе ўнікальным: гэта быў басейн пад адкрытым небам, які працаваў круглы год. Тэмпература вады падтрымлівалася пры дапамозе штучнага падагрэву. Вялікая плошча выпарэнняў была прычынай узнікнення карозіі бліжэйшых будынкаў і псавання экспанатаў пушкінскага музея.

Першы час пасля адкрыцця па Маскве хадзілі чуткі, што ў "Маскве" часта тонуць людзі. Маўляў, гэта помства за разбурэнне храма. Аднак невядома, як было на самой справе.

Таксама першапачаткова была ідэя напаўняць басейн марской вадой з падземнага мора, якое ляжыць на глыбіні ў 1600 метраў. Але бурэнне ні да чаго не прывяло, і свідравіну заглушылі.

Для таго каб паплаваць у "Маскве" не трэба было мець аніякіх медыцынскіх дакументаў. Білеты можна было купіць каля бліжэйшай станцыі метро. На пракат выдаваліся ўсе неабходныя рэчы.

Медперсанал пільна сачыў за станам вады і памяшканняў басейна. За 33 гады гады ў санэпідэмстанцыі ані разу не ўзнікла прэтензій да якасці вада, якая правяралася супрацоўнікамі басейна кожныя 3 гадзіны.

"Масква" спыніла сваю дзейнасць у 1991 годзе за 4 гады да зносу. Абслугоўванне стала нерэнтабельным з-за рэзкага росту тарыфаў на ваду і электраэнергію. 16 верасня 1994 года басейн афіцыйна ліквідаваны і пераданы будаўнікам для аднаўлення Храма Хрыста Збавіцеля.

Праз 5 гадоў, 31 снежня 1999 года, адбудаваны Храм Хрыста Збавіцеля быў адчынены, а ўначы з 6 на 7 студзеня 2000 там упершыню прайшла калядная літургія.

Сёння нічога не нагадвае, што ў гэтага месца была такая гісторыя. Па-свойму трагічная, але па-свойму ўнікальная. Ходзіць шмат абмяркоўванняў таго, што трэба было басейн захаваць, а царкву адбудаваць у іншым месцы, ці ўвогуле не аднаўляць. Але дакладна добра, што кола гісторыя не дала з'явіцца пачварнаму дому саветаў.

Для стварэння гэтага тэксту былі выкарыстаныя матэрыялы блога Іллі Варламава