Tribuna/Футбол/Блоги/#ПЕРШЫРЭГ1ЕН. #тутэйшыя/Нататкі трэнерышкі #1. Пачатак сезону «Першага Рэгіёна»

Нататкі трэнерышкі #1. Пачатак сезону «Першага Рэгіёна»

Вітаем Вас у нашым блогу!  Ён будзе пра вясёлае жыццё маленькай, але ганарлівай (як птушка ў адным вядомым фільме) аматарскай футбольнай каманды, якая ў цяжкі час вырашыла сваімі сіламі выйсці на рэспубліканскі ўзровень, ды адначасна зрабіць сваю футбольную прастору і футбольную школу ў родным для большасці гульцоў горадзе. 

Автор — Першы Рэгіён
8 мая 2020, 02:01
12
Нататкі трэнерышкі #1. Пачатак сезону «Першага Рэгіёна»

Вітаем Вас у нашым блогу!

Ён будзе пра вясёлае жыццё маленькай, але ганарлівай (ну як птушка ў адным вядомым фільме) аматарскай футбольнай каманды, якая ў цяжкі час вырашыла сваімі сіламі выйсці на рэспубліканскі ўзровень, ды адначасна зрабіць сваю футбольную прастору і футбольную школу ў родным для большасці гульцоў горадзе. Будзе некалькі рубрык, у якіх мы будзем расказваць і паказваць усё максімальна сумленна і адкрыта. Спадзяёмся, што Вам будзе цікава і весела! Ну што, як кажа лепшы футбольны блогер Беларусі – пам-пам, паехалі!

Я Кірыл Кудзей, гуляючы трэнер каманды «Першы рэгіён» і я з гонарам буду адкрываць наш блог сваёй рубрыкай. У ёй буду расказваць пра тое, як я і мае таварышы па трэнерскім штабе ўбачылі гульні каманды, працэс падрыхтоўкі да іх, іх аналізу, улічваючы спецыфіку аматарскай каманды і лігі. Ну і крыху вясёлага і займальнага.

Галоўнае пытанне сённяшняга запісу вельмі злучана з галоўнай тэмай нашага сённяшняга жыцця – каронавірус і ягоны ўплыў на ўсё. Ён прымусіў студэнтаў БДУ быць у Мінску, а наш каляндар ператварыў у каляндар хакейнай каманды – з серыямі гульняў дома і ў гасцях. Тры запар выезды – дзе два першых у адны з самых «цяжкіх» па вірусе Стоўбцы і Мінск – гэта было сапраўднае пекла ў плане збору наймацнейшага складу на гульні… Адна справа, калі ў вышэйшай лізе гуляюць людзі за вялікія грошы і добра кормяць гэтым сем’і, а іншая – калі тата, сын ці муж кажа, я паеду пагуляю з хлопцамі ў футбік у задавальненне. Скажу чэсна, калі табе тэлефануе ключавы футбаліст і кажа, што ён ці яго блізкія сумняюцца, ці трэба ехаць на выезд, і ты спрабуеш рабіць тое, што рабіць проста не маеш ніякага маральнага права, а менавіта – угаворваці паехаць – то адчуваеш сябе поўным крэтынам. А ў першым туры гэта ўсё адбывалася яшчэ і напярэдадні Вялікадня… Не зусім прадуманае рашэнне кіраўніцтва федэрацыі, на мой суб’ектыўны пагляд, пачынаць аматарскую лігу напярэдадні такіх святаў і з улікам пандэміі, але мы ўвязаліся ў гэту гульню, таму адступаць было няма куды. Кіруючыся наказам САЗ і пакінуўшы дома для перастрахоўкі яшчэ і пару засаплівіўшых таварышаў, мы збіраліся на першы матч.

І першае і галоўнае, што я хачу зрабіць тут – гэту выказаць сваю неверагодную павагу і падзяку тым мужыкам, хто паехаў ды іх выдатным бацькам, жонкам і сяброўкам за разуменне і адвагу!

Тур 1. «Кронан» Стоўбцы

Пачыналі мы ў Стоўбцах на гістарычным першым газоне з футбольнага манежа. З яго адкрыццём злучана вясёлая гісторыя з майго жыцця –наша дзіцячая каманда з брэсцкага СДЮШАР-5 паехала на турнір-адкрыццё манежа. Мы гулялі ў матчы за трэцяе месца, а перад намі выступала каманда, у якой гуляў прэзідэнт (так, гэта менавіта той матч, дзе ён зрабіў свой знакаміты фінт з пераступаннем). Іх гульня скончылася, мы прыйшлі на лаўку запасных, якая стаяла крыху наводдаль ад астатніх і на якой сядзеў у час сустрэчы, вядома, толькі адзін чалавек. І на ёй наш злёгку дзіўны трэнер знайшоў грабянец прэзідэнта, спыніў размінку, сабраў усіх вакол сябе і замест устаноўкі на гульню з запалам расказваў 15 хвілін, што ён цяпер Асаблівы.

Шкада, што газон, які перавандраваў у Стоўбцы, час не пашкадаваў, як і, уласна, самога Асаблівага. У 2020 годзе трава была падобна на зялёныя валасы героя самага папулярнага фільма мінулага года, але значна радчэйшыя – увогуле, буцы можна было не апранаць, як і зрабілі нашы самыя паразумелыя футбалісты. На размінцы крыху атрымалася адаптавацца, але з’явілася з-за гэтага яшчэ адна кадравая праблема – у нашага асноўнага апорнага паўабаронцы Андрэя Кінаха з’явілася боль у прыводзячай мышцы і ён смог правесці з гэтым на полі толькі тайм, увесь час перастрахоўваючыся пры рэзкіх рухах.

Падрыхтоўка да першых гульняў у плане разбору суперніка ў другой лізе – гэта як варажба на кававай гушчы. Усю перадсезонку гулялі адны футбалісты, а на першую гульню выходзіць іншая каманда. Таму гулялі ад сябе – базавай схемай выбралі папулярную цяпер у тры цэнтральныя абаронцы, што ў першым тайме і дазваляла ўпэўнена кантраляваць мяч на сваёй палове поля, а гэта, у сваю чаргу, стрымлівала хуткасныя якасці маладых хлопцаў з лініі атакі «Кронана». Таксама мы правялі некалькі добрых контратак, адна з якіх завяршылася ўдарам у крыжавіну. Пры пазіцыйных атаках з сярэдзіны тайма, адзін з абаронцаў пачаў высоўвацца вышэй для розыгрышу мяча, што дазволіла перайсці да больш высокага валодання і прывяло да серыі стандартаў ля брамы гаспадароў, што, улічваючы ўвагу ім на трэнероўках і нашай перавагі ў антрапаметрычных дадзеных, прывяло да серыі небяспечных момантаў і нашага першага гола ў чэмпіянаце. Пасля гэтага, нажаль, мы па інэрцыі працягнулі ісці наперад вялікімі сіламі і атрымалі дзве вострыя контратакі праз зону, дзе ў нас гуляў менш хуткасны абаронца, пасля няўдала разгуляных стандартаў і гаспадары змаглі з дапамогай рыкашэту ў адной з іх адыграцца. Другі тайм пачаўся са змушанай замены, якая, выходзячы з беднага ростара на гульню, прымусіла нас яшчэ і змяніцьсхему на 4-3-2-1, чым мы паспрабавалі колькасна замяніць страчанага якаснага выканаўца ў сярэдзіне поля. У плане стварэння наша гульня стала заўважна горш, а пасля таго, як у жорсткім стыку атрымаў пашкоджанне і пайшоў з поля яшчэ адзін гулец, мы перайшлі на яшчэ больш абарончыя 4-4-1-1 і спадзяваліся на рэдкія контратакі і стандарты. Забіць не атрымалася, але і асаблівай вастрыні ля сваёй брамы стварыць не дазволілі, што пацешыла. Улічваючы, што пад канец матча здарылася яшчэ і мае неабавязковае выдаленне, то выязной нічыёй, улічваючы ўсе акалічнасці, мы, у прынцыпе, былі не надта скрыўджаны.

Якасны першы тайм, забіты гол са стандарта, добрая гульня ў абароне ў нізкім блоку ў другім тайме – не самы горшы пачатак чэмпіянату для хлопцаў, 90% якіх першы раз гуляла ў матчах такога ўзроўня.

Адзінае, што хацелася б асобна адзначыць з негатыўных момантаў нашага дэбюту ў чемпе – гэтае, максімальна дзіўнае для нас, жлобства гаспадароў. У моманце, калі наш гулец атрымаў пашкоджанне, мы за неменню ўласнага доктара звярнуліся да трэнерскага штаба і медперсаналу з просьбай яму дапамагчы і хаця б падмарозіць нагу, на што трэнеры моўчкі адвярнуліся і зрабілі выгляд, што не чуюць. А лекар каманды «Кронон», пэўна што, тэкст клятвы Гіпакрата забыўся. Суддзя разам з намі ўсміхнуўся і выклікаў на поле брыгаду хуткай дапамогі, якая, як і чакалася, была хоць і экіпіявана для змагання з каронавірусам, змагацца з наступствамі моцнага ўдару суперніка апынулася не гатова…

Тур 2. БДУ Мінск

Сабраць аптымальны склад нам ізноў не атрымалася, але затое атрымалася знайсці відэазапіс гульні першага тура будучых супернікаў. На запісе мы ўбачылі досыць арганізаваную каманду, маладую, добра фізічна і тактычна падрыхтаваную, але якая згуляла неяк скавана супраць магутнага пінскага «Стэнлеса». БДУ скарыстала схему 4-1-4-1, спрабавала выходзіць з абароны праз кароткі пас, мела ўвесь час добра вызначальную структуру пры пачатку атакі і характэрныя дзеянні абаронцаў пры ўсіх трох галах, прапушчаных у першым матчы. Мы здолелі дазаявіць дасведчанага Сяргея Катка і Сяргея Вятрука, які аднавіўся ад цяжкага пашкоджання, якія дадалі нам варыяцыйнасці ў знякроўленым пашкоджаннямі цэнтры поля. План на гульню быў складзены з улікам асаблівасцяў пачатку атак суперніка – мы жадалі наколькі гэта будзе магчыма доўга, выходзячы з неаптымальнай фізічнай гатовасці, лавіць суперніка ў ствараныя супраць крайніхабаронцаў флангавыя пасткі, забіць хуткі гол, дзякуючы гэтаму, і сесці ў нізкі блок пры абароне, мяркуючы на хуткіх крайніх гульцоў наперадзе. Вялікі ўплыў на гульню зрабілі пагодныя ўмовы – першы тайм мы гулялі супраць мацнейшага ветру…

Каманда на працягу першых 15 хвілін ідэальна выконвала ўстаноўку, план працаваў і дазваляў ствараць моманты ля чужой брамы, якія, нажаль, не атрымалася ўвасобіць у галы. Пасля неапраўдана рызыкоўнага рашэння ў цэнтры поля і крыўднага рыкашэту ад нашага абаронцы, мяч выкаціўся на ход да самотнага нападніка супернікаў, які адкрыў рахунак. Не паспелі мы развесці – яшчэ адна памылка, падача з фланга і пасля барацьбы ўгары суддзя паставіў даволі, якраней казалі, «хатні» пенальці… 2-0, мы апынуліся ў накаўце і змаглі выраўняць гульню і пачаць ствараць галявыя моманты толькі на прыканцы тайма. Не было балансу ў цэнтры поля, дзе мы фізічна праселі пасля інтэнсіўнага прэсінгу на першых хвілінах, што дазвалялага спадарам выходзіць хутка з абароны.Добрыя дзеянні абаронцаў пры падстрахоўцы і ўпэўненая гульня нашага брамніка не дазволілі гаспадарам завяршыць гэтыя перспектыўныя атакі. У перапынку ўдакладнілі пару момантаў, якія не атрымаліся з першага тайма, змянілі схему і правялі замену, дзякуючы чаму хацелі насыціць цэнтр поля і ўзяць мяч пад больш упэўнены кантроль на чужой палове. Гуляць мела быць па ветры, таму нічога яшчэ не было страчана. Хлопцы выдатна адрэагавалі на ўказанні, атрыманыя ў перапынку, узялі мяч пад кантроль і пачалі ствараць моманты ля брамы гаспадароў. Пасля выдатнай дыяганальнай перадачы Міхася Колбенёва і ўчаснага адчынення за спіну і відушчагаўдару галавой Паўла Дубука мы адыгралі адзін мяч. Далей працягнулі нагнятаць і было пару добрых момантаў, але гаспадароў выратавал брамнік. Апошнія 15 хвілін гульні не атрымаліся – пашкоджанне атрымаў выдатна дзейнічаўшы напачатку атак Аляксей Скачкоў і, увогуле, фізічна мы апынуліся не гатовы на штучнай пакрыцці да такой інтэнсіўнай гульні на працягу ўсяго матча. Сталі з’яўляцца зоны і моманты ля нашай брамы. Ад прапушчанага гола выратаваў некалькі разоў наш галкіпер. Наперадзе ў канцоўцы атрымалася толькі стварыць кароткі апошні наступ у дададзены час, але забіць не атрымалася.

1-2 на выездзе ў складаных пагодных умовах, з вялікімі кадравымі праблемамі. Хацелася большага, але ўдалы жрэбій пры выбары паловы поля ў першым тайме, вязенне і лепшая рэалізацыя момантаў была ў гэты дзень у каманды БДУ. З плюсаў – выдатнае выкананне пачатковага плана на гульню да прапушчанага гола і добры ціск да 75-ай хвіліны ў другім тайме, змаганне да канца пасля рахунка 0-2 у першай траціне гульнявога часу. Мінусы: паўторная страта канцэнтрацыі пасля прапушчанага выпадкова гола, дрэннае выкананне большасці стандартных становішчаў, асабліва вуглавых. Камандны настрой атрымылася злёгку падняць тым, што з Лёхай Скачковым не адбылося нічога страшнага (задняя мышца не была надарвана, а толькі моцны спазм) і скрыняй піва ад нашага капітана, які працуе ў Мінску, але заўсёды душой вандруе з намі ў бусе!Таксама па выніках гэтага матча хацелася б выказаць падзяку Уладзіміру Антонавічу Пігулеўскаму, які ўвайшоў у нашу сітуацыю (гульцы здавалі дзяржэкзамен ва ўніверсітэце ў Брэсце ў дзень гульні), памяняў расклад трэняровак і згадзіўся на гульню ў зручныя для нас 18-00.

Тур 3. «Чайка» Зэльва

Няўдалыя вынікі першых двух матчаў прымушалі нас максімальна мабілізавацца. Лакацыя выезду па зводках навін не ўваходзіла ў спіс неспрыяльных зон па каронавірусу, што дазволіла нам сабраць на 90% аптымальны і поўны склад упершыню ў сезоне. Я не гэтак забабонны, як Аляксей Іванавіч Шубянок, а вось хлопцаў кіроўца, які памяняўся (наш«дзядзька»-кіроўца атакуючага плана Ігар Новік не паехаў з-за занятасці на асноўнай працы) і новыя гульнявыя футболкі натхнілі яшчэ мацней. Мы ведалі, што ў другой лізе каманда дома і на выездзе – гэта дзве розныя каманды, таму не глядзелі на вынік матча з разраду 18+ будучых супернікаў у папярэднім туры ў Пінску. Тым больш бачылі поле, на якім павінны гуляць у аглядзе 1-га тура. Таму глабальных тактычных задум на гульню мы не выбудоўвалі, а рыхтаваліся да сапраўднага мужчынскага змагання костка ў костку. Можна сказаць, што ў гэты раз нам пашанцавала з надвор’ем – два дні ішоў невялікі дождж, які дазволіў скарэктаваць наш план на гульню ў бок проб максімальна ўпэўненага валодання мячом, асабліва на сваёй палове поля і выйсцяў з абароны за кошт перагрузаў у зоне мяча і кароткіх перадач. У атацы прасілі дзеяць максімальна смела пры сітуацыях адзін у адзін і ўвесь час прапанаваць сябе ў зоны за спінай абаронцаў. У прынцыпе, усё задуманае атрымлівалася, але зноў некалькі разоў падвяла рэалізацыя. Адзіны ж момант ля нашай брамы здарыўся пасля незразумелага рашэння суддзі – ён, не ўбачыўшы вельмі грубы ўдар цішком у калена шыпамі нашаму абаронцу падчас вярховага змагання, у адказ на прэтэнзіі прызначыў штрафны ў наш бок і даў жоўтую картку… пацярпеламу Максу Дручыку… Добра, што Коля Карповіч, здзейсніўшы выдатны сэйв, ліквідаваў пагрозу.

У перапынку першы раз у чэмпіянаце змен рабіць не было патрэбы, а ўсяго толькі была просьба яшчэ цярплівей і больш упэўнена валодаць мячом, працягваць нагнятаць і ствараць моманты ля брамы суперніка. Першую палову тайма гэта выдатна атрымвалася, але потым адбілася цяжкае поле і быў невялікі правал з-за ўзрослага катастрафічна адсотка шлюбу. Добра, што на гэтым адрэзку ў нас атрымалася захаваць канцэнтрацыю ў абароне і не прапусціць. Гэта дазволіла правесці замены і вярнуць кантроль над мячом, а ў выніку яшчэ і правесці добрую камбінацыю, якую выдатным ударам завяршыў нядаўна адзначыўшы 19-ы дзень нараджэння Андрэй Вярэніч. Пасля гола зноў давялося апусціцца ніжэй, бо ў гаспадароў з’явіўся на полі максімальна габарытны форвард, які выдатна чапляўся за мячы. У прынцыпе, апроч доўгіх закідаў і некалькіх удараў з не вельмі зручных пазіцый ля нашай брамы небяспекі не было створана. У канцоўцы на замену выйшаў Улад Новік, які двума жорсткімі фаламі сарваў дзве самыя перспектыўныя атакі гаспадароў, за шта заслужана атрымаў дзве жоўтыя карткі, але не даў развіць патэнцыйную пагрозу. Гэта было ў стылі лепшых традыцый Серхіё Рамаса – калі такі чалавек у тваёй камандзе – то ён топ, а калі ў суперніка – то выклікае максімальную нянавісць. Так здарылася і ў нас – пасля першага фолу ў атрымаўшага па нагах суперніка не вытрымалі нервы і ён вырашыў разабрацца з крыўднікам кулакамі, за што адправіўся адпачываць. Далей суддзя, калі сумленна, неяк ужо вельмі жорстка абышоўся і з яго таварышам, які паспрабаваў аспрэчыць выдаленне, і адправіў яго па тым жа адрасу… Мы давялі матч да перамогі і ў добрым настроі, з жартамі пра ўдачлівага кіроўцу і традыцыйнай скрыняй піва ад капітана паехалі дахаты. Густ перамогі вельмі крута апісаў у сваёй калонцы Данііл Чалаў з «Віцебска», а густ першай перамогі яшчэ прыемней у любой лізе)

Выдатныя моманты матча – цярплівыя і якасныя працяглыя розыгрышы мяча, выдатнае выйсце праз кароткі пас забароны ў першым тайме, мноства створаных момантаў, гол, забіты пасля выдатнага адкрывання, над якім працавалі на трэніроўках. Футбалісты, якія выйшлі на замену, выдатна ўпісаліся ў цяжкую гульню і дапамаглі забіць, а потым і захаваць вынік.

Мінус адзін, але вялікі – жудасная рэалізацыі галявых момантаў.

Таксама хочацца асобна адзначыць, што гаспадары арганізавалі матч і яго асвятленне ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах на выдатным узроўні і вельмі хочацца, каб у другой лізе такія невялікія каларытныя гарады і самабытныя калектывы прадстаўлены былі максімальна шырока.

Вiдэаагляд гульні з нашага Юцюб-канала:

Вынікі выязной серыі каротка:

  • ва ўмовах пандэміі сабраць аматарскую каманду на выезд – найскладнейшае заданне. Вельмі добра разумею словы прадстаўнікоў «Чайкі» ды «Івацэвічаў» пасля іх вандровак у Пінск ды Баранавічы;
  • трэба значна падцягваць фізічныя кандыцыі і рэалізацыю момантаў, калі хочам змагацца за высокія месцы;
  • каманда выдатна выконвае планы на матчы, указанні ў перапынках матчаў, досыць агрэсіўная ў адборы мяча і варыятыўная ў атацы;
  • выдатная гульня нашага галкіпера;
  • замены не саслаблялі гульню, нават улічваючы не аптымальны ростар на першыя гульні;
  • піва ад капітана пасля гульні заўсёды смачнае)
  • новыя патрабаванні да судзей выклікаюць ва ўсіх футбалістаў і трэнераў вялікія пытанні наконт мэты іх стварэння ды ўжывання. Тут усё ж дазволю сабе крыху падрабязней.

Суддзі выдатна правялі гульні (асабліва першыя два туры), але цяперашнія патрабаванні да іх працы прымушалі часам абсалютна неапраўдана занадта жорстка караць гульцоў, каб не быць пакаранымі самім. У футбалістаў з’яўляецца рэальная боязь смела і агрэсіўна прэсінгаваць супернікаў і гуляць у адборы, хоць менавіта гэтага патрабуюць сучасныя футбольныя тэндэнцыі, а разумеючыя гэта супернікі ўсё часцей пачынаюць крыкам і маляўнічымі падзеннямі дадаваць фарбаў эпізодам. Хацелася б, каб наш футбол не ператварыўся ў балет, а суддзя разумеў, што ён такі ж удзельнік матча, як і 22 гульцы на полі, а не нагляднік (а часам нават жорсткі кат), які хоча паказаць, што ён галоўны і ён вырашае.

Мы ўсё гэта ўлічваем пры падрыхтоўцы да першай хатняй сустрэчы супраць найстарэйшага клуба сярод нашых супернікаў (не пужайцеся, пакуль гэта «Маладзечна», а не землякі са старадаўняга «Руха»). Яго афіша разам з лепшымі фота з мінулых матчаў унізе, а гавору вялікі дзякуй кожнаму, хто прачытаў, чакаю вашых пытанняў і каментарыяў, ну і спадзяюся, што камусьці было цікава.

І, канешне, падпісвайцеся на наш блог, канал у Юцюбе і нашыя сацыяльныя сеткі:

Лучшее в блогах
Больше интересных постов