Tribuna/Бокс/Блоги/«Порою блажь великая»/Магію беларускага спорту забілі. Вось як гэта адбылося

Магію беларускага спорту забілі. Вось як гэта адбылося

Хаўтуры па былому.

25 октября 2021, 15:59
4
Магію беларускага спорту забілі. Вось як гэта адбылося

Хаўтуры па былым і катлеты з чалавечыны.

Абыякавых спартсменаў беларусы выхоўваюць праз астракізм і хейт. Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным маштабе, калі свае заўзеюць супраць сваіх. Але каб і свае маўчалі, а то і ўхвалялі, калі сваіх катуюць і з іх здзекуюцца, – такое таксама сустрэнеш вельмі рэдка. Таму маем, што маем: становішча балючае і непрыемнае, якое не дадае ні радасці, ні веры ў лепшае ніводнаму з бакоў.

Свае. Гэта галоўнае слова, якое прадвызначала маю любоў да беларускага спорту. Яно мяне з беларускім спортам яднае, як яднае з беларускай культурай або з беларускай навукай. У свеце заўжды можна адшукаць штосьці больш актуальнае, штосьці больш яркае, але менавіта за сваё і за сваіх перажываецца асабліва востра. Прынамсі, у мяне так. На кожнага Глеба можна адшукаць свайго Крышціяну Раналду, а на кожнага Салея – цэлую зборную Канады, але табе і да галавы такога не прыйдзе, калі Глеб і Салей – свае.

Для мяне гэта заўжды была асаблівая асалода – назіраць за тым, як звычайныя беларусы ператвараюцца ў зорак, бо ты бачыш гэты працэс ад пачатку. Вось нейкі хлопец дзерзка носіцца па пляцоўцы, а вось паважаны спецыяліст табе кажа, што ён загуляе ў НХЛ – і сапраўды, усё так адбываецца. І вось пра беларуса ўжо пішуць сусветныя медыя, а ты да гэтага быццам бы маеш пэўнае дачыненне, бо ты раней за многіх ведаў, што менавіта так і будзе.

Зараз, калі спартсменаў часта папракаюць, ёсць тэза, якая мне не вельмі падабаецца: мы вас не падтрымліваем, мы вас асуджаем, таму вы і гуляеце гаўняна. Гэта занадта наіўны самападман, а заклён чамусьці не ўплывае на атлетаў сапраўды высокага ўзроўню. Што нашыя (выбачайце, але «нашыя» пішу па звычцы) хакеісты, што нашыя футбалісты гуляюць плюс-мінус так, як натрэніраваліся.

Канешне, нейкая еднасць з народам, усведамленне ўласнай годнасці, хутчэй, ішлі б у плюс да натрэніраванасці. Баязлівасць, усведамленне сваёй здрады, няхай і вельмі добра абгрунтаванай, хутчэй, ідуць у мінус. Але нельга сказаць, што нацыянальныя каманды Беларусі ў самых папулярных відах спорту пачалі гуляць значна горай. Нічога тут кардынальна не памянялася ні па змесце, ні па выніках, акрамя таго, што мірыцца з недасканаласцю гэтых каманд раней было прасцей. Бо гулялі свае.

Вядома, што і сваім прылятала. Іх таксама пляжылі. Але калі раней гэта рабілася з надзеяй, што хутка, вось-вось, усё наладзіцца, то зараз робіцца з жаданнем, каб стала яшчэ горш, каб было дасягнутае самае дно. Каб спартсмены хаця б праз гэтае пагружэнне прайшлі праз тыя ж прыніжэнні, праз якія зараз праходзяць мільёны беларусаў. Такое вось дзіўнае народнае яднанне – яднанне ва ўзаемнай знявазе.

Беларусы, як мне падаецца, людзі не толькі мірныя, але і простыя. Сярод нас не так многа суперзорак сусветнага ўзроўню, таму ўсе доўгі час былі паміж сабой больш-менш нароўні, не звяртаючы ўвагі на даход і статус. Ну, мне так падавалася. Умоўна, я ведаю алфавіт і здольны скласці пару сказаў, а побач ёсць хлапец, які больш-менш рэгулярна трапляе па мячы. Ён не гуляе за «Рэал», а ў мяне няма Пулітцараўскай прэміі – і гэта нас у нейкім сэнсе радніла, рабіла сваякамі. Мяне цікавілі яго справы, і я гатовы быў пра гэтыя справы распавесці іншым беларусам, а яму было з кім падзяліцца няхай і не дужа глабальнымі, але падзеямі са свайго спартыўнага (ды і не толькі спартыўнага) жыцця. Вось дзе для мяне палягала магія айчыннага спорту. І вельмі спадзяюся, што яна натхняла не толькі журналістаў.

Ты мог патэліць за ўдакладненнем босу самага паспяховага футбольнага клуба краіны, а ён мог пасля гутаркі набраць табе і строга папрасіць не пісаць #####. Ты тэліш адразу пасля еўракубкавага матча маладому і перспектыўнаму Уладзіміру Юрчанку, а ён кажа, што як раз можа зараз гаварыць, бо ляжыць у ванне – і ты атрымлiваеш досвед інтэрв’юіравання, няхай і завочнага, голага мужчыны. Гулец падпісвае кантракт з мінскім «Дынама» і наўпрост з офіса дырэктара клуба дасылае СМС: «Можна даваць». І ты даеш эксклюзіў з адчуваннем, быццам расказаў усяму свету пра трансфер Мбапэ ў «Рэал». Футбалісту, напэўна, таксама было прыемна, хоць ён і не Мбапэ і перайшоў не ў «Рэал».

Ты прапануеш барчыхе Марзалюк патанчыць зумбу – і тая з ахвотай пагаджаецца. Запрашаеш на ню-фотасесію поп-скакуху Мірончык-Іванову – і таксама згода без аніякіх умоў. Разам у нас атрымлiвалася рабіць калі не бізнес, то хаця б шоу, бо свае людзі стараліся для сваіх.

Гэта зараз ад федэрацыі футбола немагчыма дабіцца хаця б нейкага адказу, але калі мы перамагалі ў Францыі (тады яшчэ было гэтае «мы»), Бернд Штанге без праблем даваў дадатковую прэс-канферэнцыю па тэлефоне – ну як адмовіш сваім?

Аляксандр Глеб быў падобны да Ліянеля Месі тым, што найбольш важныя навіны ў першую чаргу паведамляў беларускім журналістам, як Ліянель паведамляе аргентынскім. Абодва добра разумелі (а аргентынец, напэўна, разумее і да гэтага часу), дзе за іх найбольш перажывалі.

Доўга было так, што нават зоркі па факце заставаліся звычайнымі беларусамі – простымі, дасяжнымі, без непрыступных умацаванняў у выглядзе менеджараў і прэс-сакратароў. Магчыма, яны і зараз застаюцца дасяжнымі і простымі, але складана з імі размаўляць пра спорт, не задаўшы папярэдне пытанні пра тое, ці лічаць яны, што мучыць людзей – гэта нармальна, што забіваць бяззбройных – гэта нармальна, што фальсіфікаваць выбары – гэта нармальна. Ці нармальна так паступаць са сваімі? Пасля такіх пытанняў і да спорту звычайна не даходзіць. У кагосьці сарамліва аднiмае мову, а з кімсьці і самому не хочацца гаварыць. Бо ніхто і падумаць не мог, калі размаўляў з былым штурхальнікам ядра Міхневічам пра катлеты і яго спробы ў кулінарыі, што катлеты, аказваецца, можна гатаваць і з чалавечыны.

Магія спорту забіта, а сваяцтва развалілася на элементарным, але вельмі важным этапе – на выбары паміж відавочным дабром і відавочным злом. Ці магчыма гэтую магію ўваскрэсіць? Так, напэўна, але нават цяжка ўявіць, які шлях для гэтага неабходна прайсці.

Другие посты блога

Все посты