Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/У сезоне-2022 Кавальчука і «Дынама» дакладна «поимели». Магчыма, Галаваты вельмі імкнуўся гэтаму паспрыяць (і ў Беларусі могуць быць «гульні тронаў»)

У сезоне-2022 Кавальчука і «Дынама» дакладна «поимели». Магчыма, Галаваты вельмі імкнуўся гэтаму паспрыяць (і ў Беларусі могуць быць «гульні тронаў»)

«Шахцёр» нібыта быў гатовы заплаціць суперніку, які мог адабраць у яго чэмпіёнства – вось які тут бачыцца сэнс.

18 красавіка 2023, 13:11
6
У сезоне-2022 Кавальчука і «Дынама» дакладна «поимели». Магчыма, Галаваты вельмі імкнуўся гэтаму паспрыяць (і ў Беларусі могуць быць «гульні тронаў»)

Ух, як нам падабаюцца такія гісторыі, а асабліва, як аказалася, чыноўнікам. Хлопцы з узбочыны, ноўнэймы з ніадкуль, якія займаюцца ледзьве не ў хляве, лупцуюць фаварытаў, бяруць медалі. Ім дастаткова заробка ў сто долараў, іх вядзе за сабой высокая мара. Чыноўнікаў цешыць эканомія бюджэтных сродкаў – вось, вось як трэба! Без скаргаў на цяжкасці, насуперак усяму – ідэальная мадэль для краіны, дзе дазволена толькі выжываць.

Але ж мэта галодных гульняў – урэшце наесціся. І якасць ежы не заўжды хвалюе тых, хто яе прагне. Ці здзіўленыя вы размовамі пра тое, што «Энергетык-БДУ» нібыта браў грошы ў Салігорска на імпэт? Ці падаецца вам сама гэтая думка ненатуральнай? Ды не: пакуль многія клубы ў апошнія сезоны трывалі ледзь не галечу, «Шахцёр» жыў у сваім сусвеце. Шыкаваў, не шкадаваў грошай – не кожны мог глядзець на гэта без зайздрасці. І калі дурнаваты багацей кідае пару кавалкаў хлеба, то што рабіць галоднаму? Так і псуюцца прыгожыя гісторыі.

Іншае і куды больш цікавае – а за што мог кінуць мажор свае скарыначкі. І калі глядзіш на новы пералік падазроных матчаў, які з’явіўся ў панядзелак (нібыта «Шахцёр» стымуляваў іншыя каманды, пад удар можа патрапіць новы куратар беларускага футбола Анатоль Юрэвіч) ад думак захоплівае дух, бо пакуль мы не ведаем усіх дэталяў, можам прыдумляць усё, што заўгодна.

Відавочна, што ў апошнім туры «Шахцёр» ніяк не мог стымуляваць «Белшыну» да лепшай гульні, бо навошта ставіць пад пагрозу сваё чэмпіёнства. То-бок тут мы маем падазрэнне не на стымуляванне, а на куплю матчу (і сюды добра кладзецца затрыманне гульца бабруйчан Дзмітрыя Гомзы, пра якое паведамляла раней «Трыбуна»).

А што наконт здвоенага супрацьстаяння «Энергетыка-БДУ» і мінскага «Дынама»? Каго тут Салігорск мог штурхаць да лепшага? На момант першай сустрэчы яшчэ абедзве каманды мелі шанцы на чэмпіёнства, падчас другой – «Энергетык-БДУ» ў выпадку перамогі і няўдачы «Шахцёра» браў золата. Каму тут і за што плаціць? Хіба што дынамаўцаў можна было стымуляваць да таго, каб спынілі «студэнтаў», але ж да любімага клуба так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука пытанняў быццам бы ў сілавікоў няма.

І вось цяпер – гіпотэза пра тое, на што сапраўды мог расшчодрыцца Салігорск.

У баевіках 90-х папулярным было слова «поиметь». Калі прыбраць сексуальную афарбоўку, гэта значыць абдурыць, пакінуць з носам. Дык вось складаецца адчуванне, што ў сезоне-2022 «поимели» Кавальчука, і вялікія высілкі для гэтага мог прыкласці Іван Галаваты.

Можна дапусціць, што паміж лукашэнкаўскімі чыноўнікамі існуе ўнутраная канкурэнцыя. Кожны з іх хоча даказаць сваю эфектыўнасць, каб не пазбавіцца пасады, а можа, і зрабіць крок наперад. Мы помнім, які наказ той самы Кавальчук атрымаў ад Лукашэнкі для «Дынама» на мінулы год – стаць чэмпіёнам. Гэта не магло не падшпіліць боса «Беларуськалія», чыя каманда дамінавала на той момант у ЧБ.

У выніку «Дынама» не тое, што залатых, а ўвогуле ніякіх медалёў не атрымала. І можна ўявіць, што «Энергетык-БДУ» падштурхоўвалі да таго, каб ён не пусціў міністэрскі праект у прызы. Нават у апошнім туры, калі «студэнты» самі тэарэтычна маглі заскочыць на першы радок, але не маглі, бо з «Белшынай» у «Шахцёра» ўсё таксама было дамоўлена. У другі раз «Энергетык-БДУ» не даў рады «Дынама», але то была толькі падстрахоўка на той выпадак, калі б у апошнім туры схібіў БАТЭ, але БАТЭ не схібіў і забраў бронзу.

Для чаго ўсё гэта?

Галаваты да Кавальчука меў асабістыя рахункі. Той дурыў галаву, не выпускаў на зборы за мяжу, сунуў нос у заробкі, патрабаваў выканання лімітаў. Ці былі такія выбрыкі да спадобы салігорскаму князьку? І як тут выстаяць перад спакусай і не макнуць апанента тварам у лайно? Кавальчука ў выніку «поимели», яшчэ раз (ужо каторы) зрабілі з яго клоўна. Замест чэмпіёнства – пантофлем па азадку.

Ну а зараз – гэта таксама гіпотэза – мы назіраем помсту Кавальчука. Ён намагаецца даказаць, што не такі ўжо і клоўн, і што здольны вырашаць задачы, якія ставіць перад ім дыктатар. Ударыць наўпрост па Галаватаму, то было б занадта крута (хоць і лагічна), усё ж такі гэта свой чалавек у сям’і Лукашэнка, на якім завязаныя схемы з абыходам санкцый і продажам калійных угнаенняў. А вось навесці, так мовіць, парадак у гаспадарцы, спыніць нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў – за такое могуць і па галаве пагладзіць (ці па вусах). Таму і арыштавалі не Галаватага, а тых, хто выконваў яго загады ў «Шахцёры» – Нідэргауса ды Марчанку. І сёння Салігорск на кручку. Калі там яшчэ не зразумелі, хто ў футбольнай гаспадарцы тата, калі не зразумелі, хто павінен стаць чэмпіёнам, можна і пункты зняць. А можна і ў Д2 спусціць. «Энергетык-БДУ» таксама пад пэўным кантролем (раптам з галадухі зноў разявяцца на чэмпіёнскі пірог?).

Нават калі ніякіх захадаў мы не пабачым, нават калі ўсё так і застанецца на ўзроўні чутак, гэты меч у дадзены момант вісіць над галовамі ўдзельнікаў ЧБ. І гэта стварае адчуванне, што ўжо ўсё прадвызначана, што так ці інакш, але менавіта «Дынама» возьме золата. Нават калі нешта пойдзе не па сцэнары, яму дапамогуць. Вось і БАТЭ стрыножаны чорным спісам – павадок для яшчэ аднаго канкурэнта.

Так не менш, са змовай ці без, Кавальчука «поимели» ў сезоне-2022, але гэты атлант расправіў плечы. Чакаем адказу Галаватага?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты