Tribuna/Футбол/Блоги/The Minskach/Жыццё больш цікавае за кіно

Жыццё больш цікавае за кіно

Чым каштоўна перамога Барселоны

Блог — The Minskach
Автор — The Minskach
11 марта 2017, 09:54
Жыццё больш цікавае за кіно

Так часта бывае, што глядзіш які-небудзь “Моцны арэшак” і незадаволена з пагардаю кажаш, што не веру, у жыцці так не бывае. Не можа адзін герой супрацьстаяць цэламу войску. Ёсць законы фізікі, логікі, гістарычныя выкладкі, акрамя таго чалавечы песімізм не дае веры ў звышмагчымасці чалавека. Не можа ён так, ну, не можа. Добра, перамог, так яшчэ абавязкова супергероя мусіць чакаць прыгажуня з кубкам кавы ў руках, а клапатлівыя таварышы прапаноўваць яму цёплую коўдру. Таму, хто прайшоў праз пекла і сцюдзёную ваду, утульную коўдру? Не веру, так у жыцці не бывае.

Толькі што з таго майго «не веру». У Стваральніка значна больш фантазіі, і стае смеласці спакусіцца на праўду штодзённасці. Кінематаграфісты між тым недзе згубілі былую лёгкасць, наіўнасць сюжэту. Дзе «Дзень сурка», «Майкл» ці нават «Хто забіў труса Роджэра?». Дзе? Згубілі пад час пераходу са стужкі на лічбу? Дзе наша «Любоў», што высвятляецца «Морква»? Не засталося права на цуд без спецэфектаў. Кіно з такім развіццём падзей, як у матчы ⅛ Лігі Чэмпіёнаў паміж Барселонай і Пары Сэн-Жэрмэнам, немагчымае ў нашым стагоддзі. Пастфактум - лёгка, папярэдне - ніколі. А калі б да таго ж сцэнарыст напісаў, што вырашальны гол забівае выхаванец мясцовай школы, атрымаў бы не адну сотню папрокаў за пафас сюжэту.

Толькі ў жыцці так бывае, незалежна, верым мы ці не. Людзі робяць неймаверныя рэчы. Футбалісты «Барселоны» забіваюць за 7 хвілін 3 галы, абаронцы Курапатаў без шансаў на поспех спыняюць будоўлю. Непараўнальнае? Добра, тады Трамп, што становіцца прэзідэнтам насуперак усім медыя ды элітам. Не падабаецца? Так, часам здараецца, што перамагаюць героі не нашых раманаў: подзвіг адных — заўсёды параза другіх. Плакаты «Je suis Paris» тут недарэчны, гісторыя любіць безразважных і смелых. Гэта потым кожны другі прапахне пераможным дымам вогнішча з бочак, у самым пачатку ў герояў мала хто верыць, яны ставяць апошняе на zero і забіраюць усё.

Жыццё стала больш цікавым за кінематограф. Сюжэты побач. Дзе мой кубак кавы, каханая? Злезці з канапы? А коўдра!