Tribuna/Бокс/Блоги/«Порою блажь великая»/Тэнісу Беларусі патрэбныя маладыя рабы. Як праблему вырашыць Рутэнка, які сам уцякаў з краіны?

Тэнісу Беларусі патрэбныя маладыя рабы. Як праблему вырашыць Рутэнка, які сам уцякаў з краіны?

Дылема былога ўцекача і вар’яцтва папярэднікаў.

25 ноября 2021, 11:19
Тэнісу Беларусі патрэбныя маладыя рабы. Як праблему вырашыць Рутэнка, які сам уцякаў з краіны?

Дылема былога ўцекача і вар’яцтва папярэднікаў.

А ведаеце, магчыма, Сяргей Рутэнка для тэніса – гэта не так дрэнна. Ён хаця б хоча, «каб людзі назіралі нейкі рух наперад», але пакуль мы назіраем выключна рух у зад (хаця бізнесмен, які спецыялізуецца на перапрацоўцы гною, і тут зможа адшукаць плюсы). Проста паглядзіце, хто зараз кіруе беларускім спортам. Асоба з вяслом – у хакеі, асоба з гранатамётам – у футболе, асоба з вентылем – у лыжах. Усе персанажы вельмі спецыфічныя, але іх насамрэч куды болей. Калі акінуць вокам усе федэрацыі і подзвігі тых, хто імі кіруе, то вока сумленнага беларуса нервова заторгаецца. І на таго ж Рутэнку – гандбольнага тэнісіста, тэніснага гандбаліста – лепей не глядзець, але я ў яго раптоўна паверыў, бо пачуў, што на развітанне вярзе яго папярэднік разам са сваім падпявалам.

Ужо былы старшыня федэрацыі Сяргей Цяцерын і дзейны трэнер-дзяржаўнік, які працуе ў бацькавай прыватнай акадэміі пад Мінскам, Іван Кабзар абазначылі найважнейшую праблему беларускага тэніса: сярод юнакоў і юніёраў бракуе рабоў! Няма ў маладога пакалення неабходнай удзячнасці «краіне, якая вырасціла, якая дала, стварыла». Таму такую любоў варта прапісаць у кантрактах. Каб перспектыўны спартовец з маленства быў у кабале. Каб адразу пад брылёк, што б нi сказалі.

Ну так, зручна.

Нагода для такой прамовы функцыянераў вельмі дзіўная. Гэта нават не подпісы ў падтрымку Лукашэнкі. Справа ўвогуле пусцячная па мерках прафесійнага спорту. Вы чулі хоць калі, каб які Надаль або Федэрэр ганарыліся, што выйгравалі чэмпіянат Еўропы на ўзроўні падлеткаў? А гэта ж вельмі важна ў беларускай рэчаіснасці. Трэба імкнуцца да медалёў менавіта на чэмпіянатах Еўропы, а маладыя тэнісісты, мяркуючы па абурэнню Цяцерына, круцяць носам, абіраюць іншыя спаборніцтвы.

Здавалася б, нелагічны канфлікт інтарэсаў, але нават не самыя вялікія знаўцы тэніса (як я, напрыклад) ведаюць, што чэмпіянат Еўропы ў гэтым відзе спорту – цалкам другасны турнір. Ён не вельмі ўплывае на рэйтынг, і таму маладыя тэнісісты знаходзяць іншыя варыянты, як правесці з карысцю для сябе час – і каб рэйтынг нарасціць, і каб з больш прыстойнымі супернікамі сустрэцца.

Але ж для беларускіх чыноўнікаў і функцыянераў тэнісны Еўра – фетыш. Гучыць грунтоўна, такое словазлучэнне не сорамна ўнесці ў нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць трэнерскія прэміі, розныя разрады ды іншую пакiнутую ад савецкіх часоў бздуру, якая да спорту не мае ніякага дачынення. Ну не будуць жа чыноўнікі разбірацца ў шматлікіх падлеткавых турнірах. Як тут усё ахопіш? Адкуль можна ведаць, якім будзе склад удзельнікаў ва ўмоўным Амстэрдаме ў 2022 і 2023 годзе? А так запісаў «чэмпіянат Еўропы» – і не падкапаешся. Функцыянеры і трэнеры, няхай і па-чытэрску, могуць паказаць дзяржаве свае дасягненні, а за гэта атрымаць нейкія грошыкі, зрабіць прыгожую справаздачу – і толькі малыя паганцы псуюць гэты план.

Патрэбная кабала.

Словы Цяцерына спараджаюць дысананс. Маладыя тэнісісты чамусьці едуць на нейкія турніры, каб там змагацца за рэйтынгавыя ачкі, але пры гэтым ігнаруюць чэмпіянат Еўропы, дзе можна падняць грант на 10 тысяч долараў. Адчуваеце, у каго які прыярытэт? Спартоўцы, якія адказна ставяцца да развіцця ўласнай кар’еры, якія імкнуцца да паступовага прагрэсу, не задавальняюць функцыянера. Недастаткова сквапныя, занадта разумныя. Яму відавочна куды больш важна атрымаць вынік тут і зараз, чым клапаціцца пра тое, каб перспектыўны юнак максімальна поўна рэалізаваў свой патэнцыял. Тыповы саўковы падыход, ад якога наш спорт рытарычна пазбаўляецца вось ужо больш за два дзесяцігоддзі.

Гэтую песню, што не трэба з дзяцей і падлеткаў выбіваць вынік, вы і сёння можаце чуць і ў футболе, і ў хакеі. Але трэнеры па-ранейшаму атрымлiваюць прэміі і званні менавіта за вынік, і таму высокія памкненні іх хвалююць выключна ў межах свецкіх гутарак. І вось мы бачым, што такое ж мысленне прысутнічае на ўзроўні кіраўніка федэрацыі.

Пры гэтым патрыятычны імпэт Цяцерына, у прынцыпе, можна патлумачыць, таму што як мінімум яму краіна дакладна дала (а вось пра спартоўцаў у гэтым разрэзе крыху ніжэй). Трэнер Лукашэнкі па тэнісе дзіўным чынам пераўтварыўся ў гаспадара бізнес-імперыі – досыць тыповая для Беларусі сітуацыя. Цяцерын спрабаваў сябе і ў будоўлі, і ў пастаўках тэхнікі, і ў продажы тэлевізійнай рэкламы. А як шыкоўна збірае кавуны! Таму калі Цяцерын кажа юным тэнісістам, што краіна дала, ён як мінімум наконт сябе не хлусіць.

А вось бацькі тэнісістаў з гэтай нагоды могуць і паспрачацца. Наўрад ці яны будуць жаліцца, бо тэніс ад самага пачатку спорт не для бедных, але дзеля парадку агучаць пэўныя лічбы. Групавыя заняткі для дзіцяці ў Мінску каштуюць 100-120 долараў на месяц. Каб трэнер папрацаваў дадаткова – яшчэ 30 рублёў за занятак плюс арэнда корта (у сярэднім 50 рублёў за гадзіну). Удзел у спаборніцтвах платны – 35-65 рублёў за старт у залежнасці ад узросту. Гэтыя грошы сям’я ўбухвае гадамі, пакуль хлапчука ці дзяўчыну нехта не палічыць вартым падтрымкі. І тады скажа ў ідэальна патрыятычнай Беларусі: ну, цяперака ты цалкам наш – падпісвай дамову! Выдаткі мінулых гадоў (сямі, дзевяці, дзесяці?), натуральна, ніхто не кампенсуе. Затое Кабзар – дарэчы, падпісант за Лукашэнку, які падрыхтаваў пару прызёрак чэмпіянату Еўропы да 14 гадоў, пра якіх пакуль не чулі на дарослым узроўні – марыць пра кампенсацыю ў бюджэт у выпадку непаслухмянасці маладога спартоўца. Ну рэальна: раптам ён замест чэмпіянату Еўропы вырашыць рыхтавацца да юніёрскага «Ралан Гарос»?!

Фота: belta.by

Кабзар спасылаецца на адпаведны досвед у Францыі, Бельгіі, Іспаніі – шкада, што ў тэнісным асяроддзі пра гэта мала хто чуў. Перспектыўныя тэнісісты ў Еўропе сапраўды могуць атрымлiваць гранты ад дзяржавы, могуць атрымлiваць студэнцкія стыпендыі, а могуць атрымлiваць зніжкі на навучанне ў прэстыжных акадэміях, і ўсё гэта, не будзем спрачацца, накладвае пэўны абавязак. Звычайна ён фармулюецца так: заўзята трэніравацца і імкнуцца да прагрэсу, каб стаць сапраўдным майстрам на прафесійным узроўні, а не да медалек у дзяцінстве, каб ашчаслівіць нейкіх дзядзькоў.

Дык вось, мяркую, што Рутэнка такога вар’яцтва не дапусціць. Бо ён і сам быў не вельмі паслухмяным маладзёнам. Калі пабачыў, што ў родным «Аркатроне» няма перспектыў, то вельмі бадзёра даў лататы ў Славенію, яшчэ і грамадзянства змяніў, каб з канцамі. Не чуў, каб Рутэнка штосьці вяртаў дзяржаве або спартыўнай школе за сваю падрыхтоўку. Усё ж гандбаліст вырас у небагатай сям’і, дзе адсутнасць грошай была нават не галоўнай праблемай. Няўжо ён наважыцца штосьці патрабаваць з тых, хто ўсяго толькі хоча гарманічна развіваць сваю кар’еру? Дарэчы, Кабзар нібыта троліць новага тэніснага боса. Ці на каго гэта адсылка: «У Беларусі патрэбная кантрактная сістэма, каб не было такога, што ў цябе краіна ўклала грошы, а пасля, калі ты зарабіў шмат, сказаў «Да пабачэння».

Калі хаця б адна дурная ідэя сышла разам з Цяцерыным, то гэта ўжо нядрэнна. Хаця што ў галаве Рутэнкі, загадваць таксама вельмі складана.

Другие посты блога

Все посты