Tribuna/Баскетбол/Блоги/Rock the Tsmok/Паўгадзіны нароўні з ЦСКА

Паўгадзіны нароўні з ЦСКА

На працягу трох чвэрцяў «Цмокі» на роўных змагаліся з адным з наймацнейшых клубаў Еўропы, ды яшчэ і на выездзе. Але, на жаль, ушчыльную падабрацца да сенсацыйнай вікторыі ў нашай каманды не атрымалася. Здзейсніўшы рывок 18:1 на старце заключнага перыяду, ЦСКА ўсё ж нагадаў пра фаварыцкі статус, а заадно і вырашыў усе пытанні адносна выніку супрацьстаяння.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
4 февраля 2014, 15:48

Дэбют сустрэчы прайшоў так, як гэта і прадказвалі букмекерскія канторы - з непадзельнай перавагай ЦСКА. Узорна дзейнічаючы ў абароне ў першыя хвіліны паядынку, а таксама гарманічна камбінуючы атакі з "фарбы" з далёкімі спробамі, гаспадары праз усяго 4 хвіліны пасля стартавага ўкідання вялі 9 ачкоў. Пры гэтым дазволілі візаві набраць толькі 4 балы. "Як можна адолець такога звера?" - напэўна пранеслася думка ў не аднаго заўзятара нашай каманды. Тым не менш, неўзабаве госці даказалі распаўсюджаную ісціну пра тое, што чорт не такі і страшны...

Стартавы мандраж прайшоў. Дзіркі ў абароне атрымалася залатаць. Ну а на чужой палове пляцоўкі выдатна праявіў сябе Міркавіч. Сербскі разыгрываючы ўдала правёў першую чвэрць, абсалютна не саступаючы куды больш знакамітаму Теэдосічу, - нядрэнна каардынаваў напад мінчукоў, пры неабходнасці атакаваў і сам, прычым удала. Як следства, неўзабаве "драконы" падабраліся да суперніка, а незадоўга да канца стартавай 10-хвілінкі дакладны кідок з-за дугі Лютыча і зусім вывеў гасцей наперад! Шкада толькі, сысці на перапынак у рангу лідара ў падапечных Кайрыса не атрымалася - на трапленне маладога беларуса адказаў Фрыдзон. 

У другой жа чвэрці гаспадары лідарства не выпусцілі. Але і камфортную перавагу не нарасцілі. Нават нягледзячы на тое, што раз за разам агрэсіўна атакавалі з "фарбы" (часцяком ладзіўшы камбінацыі праз Крсціча), яшчэ да экватара перыяду прымусілі мінчукоў перабраць камандных заўваг, а таксама вымусілі Бэнсана выклапатаць трэці фол і заканамерна прайсці на лаўку. Аднак максімум, чаго дасягнулі падапечныя Месіны - павялічылі адрыў да "+7 " незадоўга да антракту. Мінчукі, праўда, тут жа адказалі міні-рыўком 5:0 і нават мелі шанец на тое, каб выраўнаваць шалі. Нажаль, хуткі адрыў з выхадам двое на аднаго вынікова завяршыць не ўдалося, за што гасцей маментальна пакараў Міцаў. 

Добра, што ў трэцяй чвэрці "Цмокі" ўсё ж нагналі "армейцаў". За 3 з паловай хвіліны да канца перыяду лік зраўняў Харпер, які правёў ударны адрэзак. У прыватнасці, амерыканскі абаронца некалькі разоў удала прасочваўся ў трохсекундную зону і вымушаў апекуноў парушаць правілы. Пасля аднаго з такіх фалоў ён яшчэ і паспеў вызначыцца, прынёсшы 3 ачкі ў адной атацы і тым самым выраўнаваўшы шалі. Больш за тое, незадоўга да канца перыяду "драконы" і зусім мелі пару нядрэнных магчымасцяў для захопу перавагі, аднак ні далёкая спроба Лютыча з вугла, ні кідок Бразелтана пасля праходу мэты не дасягнулі.

Аб страчаных магчымасцях наша каманда не раз пашкадавала ў заключнай чвэрці. Яе гаспадары пачалі з рыўка 9:1. Пры гэтым вянчаў яго неверагодны трохачковы Парга, які адзначыўся на апошняй секундзе валодання і давёў перавагу масквічоў да "12", чым вымусіў Кайрыса браць тайм-аўт. Нажаль, кардынальных зменаў перапынак не ўнёс. Пасля яго двума "траячкамі" адзначыўся Джэксан, пачын якога падтрымаў яшчэ і Варанцэвіч. Як вынік, за чатыры хвіліны да сірэны разрыў у ліку ўжо дасягнуў 21 бал.

 Вядома, пасля гэтага можна было запанікаваць, вырваць некалькі валасоў з галавы і з прыкрасці біць кулаком па стале, шкадуючы аб страчаных шанцах. Тым не менш, замест гэтага куды больш мэтазгодна адшукаць канструктыўныя моманты. Ці жарт, тры чвэрці "Цмокі" на роўных ваявалі з фаварытам Еўралігі і адным з наймацнейшых клубаў кантынента. І калі ў "драконаў" атрымаецца як мага часцей вяртацца да той якасці баскетбола, якую яны дэманстравалі на працягу паўгадзіны, то і пуцёўка ў плэй-оф лігі ВТБ не прымусіць сябе доўга чакаць.

 

Данальдас КАЙРЫС: «У нас быў план, як дзейнічаць супраць такой моцнай каманды, як маскіраваць свае слабасці і чым ахвяраваць. На працягу трох чвэрцяў усё добра атрымлівалася, разумна выкарыстоўвалі фалы і трымаліся нароўні з супернікамі. У апошнім перыядзе стаміліся фізічна і псіхалагічна. Пасля трох-чатырох складаных мячоў ЦСКА нам не даваліся простыя рэчы, не ўдавалася спыняць нават звычайныя праходы са зкідкамі.

Крыўдна, вядома, лічу, што маглі пратрымацца да канца, а затым выкарыстоўваць моцныя якасці нашых гульцоў, якія ўмеюць вырашаць лёс матчу ў складаныя моманты. У той жа час, разумеем, што нам супрацьстаяў ЦСКА, які дзейнічае добра і стабільна». 

ЦСКА - ЦМОКІ-МІНСК - 89:68 (21:20, 20:16, 19:20, 29:12)

Масква. 2 лютага

ЦСКА: Тэадосіч (5), Фрыдзон (7), Храпа (9), Хайнс (3), Крсціч (15); Джэксан (15), Парга (12 + 7 пас), Варанцэвіч (11 + 7 пад), Міцаў (6), Каун (3), Шухаўцоў (3), Зазулін (0).

ЦМОКІ-МІНСК: Міркавіч (17), Харпер (13), Коршук (5), Ульянка (5), Бэнсан (1 + 7 пад); Лютыч (8), Хантэр (7), Лашкевіч (6), Бразелтан (5), Трасцінецкі (1), Мешчаракоў (н.в.)

 

Фота: Дэпартамент фізічнай культуры і спорта горада Масквы

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты