Напужалі мядзведзяў, страцілі паляўнічага

Нават нягледзячы на тое, што наша каманда яшчэ да пачатку сустрэчы вырашыла ўсе пытанні аб выхадзе ў чвэрцьфінал, дадзены матч меў для гаспадароў немалое значэнне. Як-ніяк, далёка не першы раз у гісторыі клуба, але ўпершыню ў сезоне за штурвалам калектыву знаходзіўся Андрэй Крыванос. Па распаўсюджанаму меркаванню, не раз даказанаму на практыцы, ракіроўка на пасадзе цягне за сабой часовы ўсплёск у дзеяннях дружыны - і паядынак на "Мінск-Арэне" выключэннем не стаў. Асабліва парадавалі дзеянні гаспадароў у абароне, асабліва на старце. Ці жарт, толькі за першыя чатыры хвіліны мінчукі вымусілі суперніка здзейсніць аж сем (!) страт. Прычым большасць з іх сталі следствам перахопаў на вядзенні, якія, само сабой, прыводзілі да хуткіх адрываў. Пры гэтым яшчэ ў анонсе сустрэчы мы звярталі ўвагу: процідзеянне гэтым самым адрывам - ахілесава пята датчан. Як следства, практычна кожны тэхнічны агрэх апанэнта "драконы" канвертавалі ў лёгкія ачкі. Улічваючы жа, што ў дэбюце паядынку мінчукі паставілі перахопы на паток (адзін толькі Харпер за ўвесь матч здзейсніў восем штук), да пазіцыйнага нападу на старце сустрэчы яны звярталіся рэдка. Калі ж і прыходзілася - то, як правіла, Міркавічу і кампаніі атрымоўвалася даводзіць мяч да Бэнсана, які без асаблівых праблем разбіраўся з няхай і больш фактурным, але менш рухомым Крыстоферсэнам.

 

У выніку яшчэ ў першай чвэрці перавага гаспадароў дасягнула 12 ачкоў. І гэта пры тым, што яшчэ ў дэбютнай 10-хвілінцы Андрэй Крыванос звярнуўся да маштабнай ратацыі, выкарыстаўшы за гэты час 10 выканаўцаў. Надзей на тое, каб скараціць адставанне, госці практычна не песцілі. Пра праблемы клуба на сваёй палове пляцоўкі мы ўжо згадвалі. У нападзе жа "мядзведзям" часцей за ўсё прыходзілася здавольвацца складанымі сярэднімі кідкамі. Так, з "фарбы" ў першай палове скандынавы набралі ўсяго 6 ачкоў (у 5 разоў менш гаспадароў!). У той жа час і адшукаць магчымасці для нападаў з-за дугі таксама атрымоўвалася далёка не заўсёды.

У выніку адзінае, што магло засмуціць нашых заўзятараў у першай палове - пашкоджанне Бэнсана, пасля якога ён нейкі час праляжаў на паркеце, пасля чаго пакульгаў на лаўку. Так, праз пару хвілін пасля гэтага волат вярнуўся на паркет, але, правёўшы на пляцоўцы секунд 20-30, зноў папрасіў замену (і надалей на пляцоўку не вярнуўся). Добра, што расчараванне ад калізіі з лішкам выкупалі лічбы на табло. Да заканчэння першай паловы, напрыклад, перавага "Цмокаў" дасягнула ўжо "+16".

 

Пры гэтым дзякуючы выдатнай абароне (за 5 хвілін пасля антракту, напрыклад, госці набралі ўсяго 4 ачкі) гаспадары толькі павялічвалі разрыў. Але, на жаль, ці то па законе паўсюднай несправядлівасці, ці то па загадзе іншых невытлумачальных правілаў, неўзабаве прыўзняты настрой "драконаў" зноў стаў змрочным. Не, не з-за ходу матчу - здабытую перавагу мінчукі ўтрымлівалі моцна. Пры гэтым марнасць барацьбы яшчэ ў трэцяй чвэрці, падобна, усвядоміў і настаўнік гасцей, выпусціўшы на паркет 18-гадовага Себасцьяна Петэрсэна. Смутак жа гаспадароў меў іншае адценне. Вінс Хантэр, які ў адным з эпізодаў закінуў пасля адчувальнага сутыкнення, прызямліўся настолькі няўдала, што не змог пакінуць пляцоўку без старонняй дапамогі. Пры гэтым жудасны крык амерыканца недвухсэнсоўна намякаў на тое, што добрых навінаў ад эскулапаў чакаць не прыйдзецца... 

Добра, што нават пакуты таварыша не перашкодзілі нашай камандзе давесці справу да канца. Больш за тое, надалі ёй новых сіл. У выніку "драконы" атрымалі перавагу ў 38 ачкоў, тым самым запісаўшы ў актыў самую буйную вікторыю за час выступленняў у Еўрачэленджы (папярэдні вынік - "+36" - прыйшоўся на матч першага круга супраць "Коткі"). Ну а вялікая перавага зноў дазволіла выйсці на паркет і Раману Рубінштэйну, якога высокашаноўная публіка па традыцыі вітала авацыяй.

 

Абаронца "Цмокі-Мінск" Бранка МІРКАВІЧ:

- Калі шчыра, нават не чакалі, што выйграем з такой перавагай. Але гулялі добра - і я рады і за сябе, і за каманду.

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Андрэй КРЫВАНОС:

- У Даніі згулялі не вельмі ўпэўнена, таму на роднай пляцоўцы хацелі рэабілітавацца. Лічу, што хлопцы выканалі задачу на матч - гулялі з вялікай самааддачай, нават нягледзячы на тое, што гэтаму паядынку папярэднічаў няўдалы выезд, па ходзе якога пацярпелі два паражэнні. Спадзяюся, перамога падбадзёрыла каманду. Але, вядома, крыўдна у такой сустрэчы губляць двух гульцоў. Будзем верыць у тое, што Бэнсан вернецца як мага хутчэй. Дыягназ Хантэру паставяць бліжэй да вечара.

ЦМОКІ-МІНСК - БАКЕН-БЭАРС - 89:51 (23:15, 22:14, 21:8, 23:14)

Мінск. 25 лютага

ЦМОКІ-МІНСК: Міркавіч (15 + 6 пас + 4 пер), Харпер (8 + 8 пер), Коршук (0), Ульянка (7), Бэнсан (8); Лашкевіч (15 + 8 пад), Бразелтан (12), Хантэр (9), Лютыч (7), Трасцінецкі (4), Мешчаракоў (4), Рубінштэйн (0).

БАКЕН-БЭАРС: Баркер (6), Лерке (8), Пэн (13 + 7 пад), Іверсэн (0), Крыстоферсэн (3); Якабсэн (8), Аколіе (6), Саглерц (4), Петэрсэн (3), Квіст (0), Ліндберг (0).

Уласна, праз гадзіну пасля матча стаў вядомым лёс улюбёнца сталічнай публікі Вінсэнта Хантэра. Першапачатковыя дыягназы лекараў не абяцалі амерыканцу нічога добрага: падазрэнне на пералом са зрушэннем пагражалі вывесці гульца са строю на працяглы тэрмін. Аднак паглыбленае абследаванне, праведзенае ў адной з бальніц Мінска, зафіксавала ў форварда толькі расцяжэнне звязак галенастопа. Што, у сваю чаргу, вызваляе Хантэра ад хірургічнага ўмяшання. Вінс ужо прыступіў да рэабілітацыі на базе клуба. Арыенціровачныя тэрміны аднаўлення баскетбаліста, пакуль называюцца з асцярогай і прыкладна ўкладваюцца ў перыяд ад шасці да васьмі тыдняў. Баскетбольны клуб "Цмокi-Мiнск" жадае Вінсу хутчэйшага выздараўлення, здабыцця гульнявога тонусу і вяртання на пляцоўку!

Этот пост опубликован в блоге на Tribuna.com. Присоединяйтесь к крупнейшему сообществу спортивных болельщиков!
Другие посты блога
Rock the Tsmok
+20
Написать комментарий
Реклама 18+