Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/«Ньюкасл» – не мех з грашыма. Але поспех гэтага сезона дапаможа стаць ім

«Ньюкасл» – не мех з грашыма. Але поспех гэтага сезона дапаможа стаць ім

Выхад у ЛЧ пашырае магчымасць выкарыстоўваць багацце.

24 траўня, 15:48
«Ньюкасл» – не мех з грашыма. Але поспех гэтага сезона дапаможа стаць ім

У матчы супраць «Лестэру» нарэшце афіцыйна адбылося тое, пра што казалі яшчэ ўвосені – «Ньюкасл» у наступным сезоне будзе гуляць у Лізе чэмпіёнаў. Упершыню з сезона 2002/03 заўзятары клуба будуць браць выходныя на працы на аўторкі і серады па меншай меры на працягу восені.

Незвычайна пісаць пра такое, бо год таму ў гэтым жа блогу выходзіў матэрыял пра тое, наколькі класны «Ньюкасл», з той нагоды, што каманда паднялася ў сярэдзіну табліцы АПЛ. Надзвычайны прагрэс усяго за адзін сезон.

І найлягчэйшае, што можа зрабіць нейтральны заўзятар (а таксама Юрген Клоп), каментуючы поспех «сарок», гэта назваць грошы саудаўскіх уласнікаў галоўнай прычынай такога імклівага ўзлёту. Такое сцвярджэнне – моцнае спрашчэнне і нежаданне паглыбляцца ў дэталі.

Клуб сапраўды пачаў больш траціць – амаль як і кожная каманда АПЛ. Але гэта не вельмі падобна да прарыву «Чэлсі» і «Сіці»

Багаты ўласнік выбірае далёка не топавую каманду англійскай Прэм'ер-лігі – і гэта параўнальна хутка дапамагае клубу заваяваць прыстаўку «топ» за кошт неабмежаванай плыні грошай. Пара такіх гісторый здарыліся ў пазамінулым дзесяцігоддзі, але яны ўсё яшчэ свежыя ў памяці футбольнай супольнасці. Не ў апошнюю чаргу праз тое, што адзін з гэтых клубаў проста цяпер разрывае ўсіх на сваім шляху да трэбла, а іншы ўзяў ужо пару ЛЧ і стаў яшчэ багацейшым. Вось толькі шлях да поспеху «Манчэстэр Сіці» і «Чэлсі» можа адрознівацца ад шляху, які павінен прайсці «Ньюкасл», калі хоча ў будучыні стаць топавым клубам.

2003, 2008, 2011. Першае – год, калі «Чэлсі» быў набыты Абрамовічам. Другое – год, калі «Сіці» быў набыты багатымі шэйхамі з ААЭ. Трэцяе – год, калі быў уведзены фінансавы фэйр-плэй. І манкуніянцы, і лонданцы паспелі скарыстацца акном бескантрольнасці выдаткаў. Праўда, «сінія» зрабілі гэта ў больш агрэсіўнай форме, чым клуб з Манчэстэра.

З моманту паглынання «Ньюкасла» саудаўскімі ўласнікамі мінула тры трансферныя акны – два зімовых і адно летняе. Сума, на якую закупіліся "сарокі", складае 256 млн фунтаў. Па падліках The Athletic, калі ўлічваць інфляцыю, то «Чэлсі» за першыя тры сваіх трансферных акны з новым уласнікам патраціў 657 млн фунтаў, а «Сіці» – 254. Здавалася б, ну вось, тут разбураецца тэорыя – «сарокі» патрацілі нават на 2 млн больш, чым «Сіці». Але тут ёсць усім вядомы нюанс: АПЛ у сезоне 2009/10 і АПЛ у сезоне 2022/23 – дзве розныя лігі.

Прыклад – летняе трансфернае акно 2009 года. Тады «Манчэстэр Сіці» патраціў 139,3 млн. еўра. «Ньюкасл» летам 2022-га закупіўся на 136 млн еўра. Але калі 14 гадоў таму такая сума дазволіла «гараджанам» быць першымі па выдатках, то «сарокі» год таму былі толькі васьмымі.

Ну і заўважце, які адрыў «Сіці» ад другога месца – розніца амаль у сто мільёнаў. У 2009-м 19 клубаў АПЛ (акрамя «Сіці») у сярэднім патрацілі 21,7 млн еўра. У 2022 годзе 19 клубаў АПЛ (акрамя «Ньюкасла») у сярэднім патрацілі 111 млн еўра. І нават з улікам інфляцыі карціна не моцна мяняе сітуацыю. Сума з 21,7 млн расце ўсяго да 37,5 млн, што ўсё яшчэ здаецца смешным на фоне цяперашніх выдаткаў англійскіх клубаў, калі яны сумарна аддаюць больш за 2 млрд еўра за адно лета.

Так, сённяшні «Ньюкасл» сапраўды сур'ёзна патраціўся на навічкоў, але гэтая сума вылучаецца толькі на фоне сваіх жа выдаткаў апошніх сезонаў пад кіраўніцтвам Майка Эшлі, які не разумеў, навошта набыў клуб і сапраўды не глядзеў у будучыню. Пачатак новай гісторыі «сарок» зусім не падобны на той бадзёры старт «Чэлсі» пры Абрамовічы, а сітуацыю з пакупкай «Сіці» нагадвае толькі часткова (хоць, безумоўна, выглядае падобна).

Навічкі сапраўды дапамаглі на полі, але загулялі і тыя, хто быў у камандзе да прыходу саудаўцаў

Адной з самых вірусных карцінак пасля паглынання «Ньюкасла» стала тая, на якой паказвалася, што новыя ўласнікі «сарок» у 10-15 разоў багацейшыя за ўласніка «Сіці». Памер Суверэннага фонду Саудаўскай Аравіі на той момант ацэньвалўся ў 364 млрд еўра, а капітал Шэйха Мансура – у 26,5. Канешне ж, у галаве адразу выбудавалася наступная логіка: калі «гараджане» з такімі багаццямі дазваляюць сабе падпісваць крутых гульцоў за 80-100 млн, то «Ньюкасл» зараз наогул скупіць усіх, зробіць Крышціяну Раналду і Леа Месі аднаклубнікамі, перацягне да сябе найлепшых гульцоў канкурэнтаў з АПЛ. Гэтым і скарысталіся некаторыя СМІ (і карыстаюцца да гэтага часу), запусціўшы чуткі пра Неймара, Каўтыньё і іншых знакамітых футбалістаў, якія, паводле іх інфармацыі, ужо хутка будуць гуляць на «Сэнт-Джэймс Парк».

Але цяпер зразумела, што падобныя прыдбанні не з'яўляюцца стратэгіяй клуба на трансферным рынку. Больш за тое, за тры акны «Ньюкасл» толькі двойчы скарыстаўся сваім новым становішчам, заплаціўшы за гульца суму, якую не захацелі б плаціць іх канкурэнты. Гаворка ідзе пра пераходы Ісака з «Рэала Сасьедада» за 70 млн еўра і Энтані Гордана з «Эвертана» за 45,6 млн еўра.

Астатнія – цалкам звычайныя трансферы.

Хіба не мог бы ўмоўны «Тотэнхэм» выкласці 37 млн еўра за Ботмана? «Барселона», «Арсенал», «Ювентус» хацелі Бруна Гімараэса, але не знайшлі 42 млн еўра? Смешна. Хутчэй за ўсё, проста недаацанілі гульца, якога цяпер, па чутках, хочуць «Ліверпуль», «Рэал» і «ПСЖ». 14 млн за 31-гадовага Трып'ера лёгка заплаціў бы нават «Саўтгемптан», але гулец зацікавіў толькі «Ньюкасл». Не было вялікага попыту і на абаронцу «Брайтана» Дэна Берна. Ну а пра смешныя 11,5 млн за варатара зборнай Англіі Ніка Поўпа і казаць не варта.

І зарплатным фондам «сарокі» не вылучаюцца. У іх ён менш, чым у «Астан Вілы» і «Вест Хэма».

Клуб старанна падыходзіць да кожнага трансферу, загадзя прадумваючы, як гулец адаптуецца да каманды, навошта ён патрэбен і як доўга зможа прыносіць карысць. Плаціць за Каўтыньё 30-40 млн, каб прадаць больш футболак – не іх шлях. Ці падобна гэта да меха з грашыма?

Поспех сезона 2022/23 – заслуга разумнай працы на трансферным рынку. Але толькі збольшага. Аляксандэр Ісак ужо паспеў паказаць, што ў будучыні цалкам можа адпрацаваць выдаткаваную на яго рэкордную для клуба суму, але прапусціў 3 месяцы. Энтані Гордан пакуль згуляў усяго 400 хвілін за «Ньюкасл» без выніковых дзеянняў. Гэтыя двое каштавалі клубу 115 млн. Бруна, Ботман, Поўп, Берн, Трып'ер – пяцёрка гульцоў, якія былі набытыя ўжо пры новых уласніках і згулялі вельмі важную ролю ў тым, што каманда выйшла ў фінал Кубка лігі і прабілася ў ЛЧ. Але яны сумарна каштавалі 119 млн, крыху больш за аднаго Антоні.

Так, грошы вельмі дапамаглі «сарокам», але яны патрацілі не экстрашмат па мерках АПЛ, каб казаць пра уплыў багацця саудаўскіх уласнікаў як галоўную прычыну поспеху.

«Пры пошуку гульцоў мы імкнемся быць вельмі асцярожнымі, аналізаваць кожны крок. У нас ёсць абмежаванні, звязаныя з фінансавым фэйр-плэй, мы прытрымліваемся яго, гэта шмат у чым вызначае нашую трансферную палітыку. Не можам дазволіць сабе прамахнуцца з трансферам», – казала вясной Аманда Стэйвлі, кіроўны дырэктар інвестыцыйнага фонду, які набыў клуб і член савета дырэктараў «сарок».

Ну і каб замацаваць сцвярджэнне, што «Ньюкасл» заваяваў месца ў чацвёрцы не праз тое, што раптам стаў грашовым мехам, трымайце такі факт: 9 з 15 гульцоў, якія правяли 20+ матчаў за «сарок» у цяперашнім сезоне АПЛ, былі у клубе да прыходу новых уласнікаў, калі каманда ішла ў зоне вылету.

Гэта Хаў прыдумаў, як выкарыстоўваць цэнтрфорварда Жаэлінтана, перавёўшы яго ў паўабарону. Гэта Хаў знайшоў месца на полі Альмірону, якога Стыў Брус дзе толькі не спрабаваў. Гэта Хаў убачыў у Шэры выдатнага цэнтральнага абаронцу з класным пасам, якога той жа Брус прысадзіў на лаўку незадоўга да таго, як сышоў. Гэта Хаў вывеў на зусім новы ўзровень гадаванца клуба Шона Лонгстафа, які пару гадоў таму плакаў перад сваякамі праз тое, што кар'ера, здавалася, ідзе кату пад хвост, а цяпер пра яго гавораць як пра патэнцыйнага кандыдата на выклік у зборную Англіі. Гэта Хаў дапамог Уілсану стаць найлепшым бамбардзірам «Ньюкасла» з часоў Алана Шырэра.

Навічкі значна паднялі якасць складу, але хто ведае, загулялі б яны, калі б у стырна каманды застаўся Стыў Брус або прыйшоў бы ўмоўны Фрэнк Лэмпард, чуткі пра якога хадзілі адразу пасля набыцця клуба.

Хаў па-майстэрску скарыстаўся наяўнымі гульцамі і ідэальна ўкараніў у склад навічкоў.

У будучыні клуб можа стаць мехам з грашыма, трапленне ў ЛЧ паскорыць гэты працэс

З прыходам новых уласнікаў адбыліся змены не толькі на трэнерскай лаве, але і ўнутры клуба. Дэн Эшварт прыйшоў на пасаду спартыўнага дырэктара, Дарэн Ілз – генеральнага дырэктара, а Пітэр Сільверстоун – камерцыйнага дырэктара. Вам наўрад ці знаёмая гэтая тройка, але менавіта на іх плечы легла задача зрабіць з «Ньюкасла» здаровы клуб.

У разуменні ўласнікаў – гэта даход, звязаны з поспехамі каманды на полі і па-за ім. Але з важным удакладненнем – усё павінна быць у рамках фінансавага фэйр-плэй. Канешне, адразу так і не верыцца: прыйшлі багацеі з Блізкага Усходу і жадаюць гуляць па правілах. Пасля гісторый «ПСЖ» і «Манчэстэр Сіці» такое сцвярджэнне не выклікае даверу. Аднак пакуль усё сведчыць пра тое, што «Ньюкасл» сапраўды мае намер заставацца чыстым.

У клубе прызнаюць, што падчас папярэдніх трансферных вокнаў патрацілі крыху больш, чым разлічвалі, таму рыхтаваліся да таго, што гэтыя сумы часткова будуць зрэзаныя пры планаванні наступных кампаній. Але цяпер можна адчуваць сябе крыху вальней – кваліфікацыя ў Лігу чэмпіёнаў дае больш свабоды.

Самае відавочнае – за кошт разнастайных выплат ад УЕФА. Размова не толькі пра грошы за трансляцыі, але і проста за ўдзел у турніры. Кожны з 32 клубаў групавога этапа ЛЧ гарантавана атрымлівае па 15,64 млн еўра. Кожная перамога на групавым этапе каштуе прыкладна 2,8 млн еўра, а нічыя – 900 тысяч еўра. Выхад з групы – 9,6 млн еўра. Ну і гэтак далей. Хоць усё роўна даход ад трансляцый АПЛ застанецца больш вялікай дапамогай, чым грашовыя дывідэнды ад еўракубкаў. Але цікава, што і ён вырасце ў сувязі з поспехамі каманды на полі.

Яшчэ з мінулага году клуб працуе над камерцыйнай прывабнасцю. Аддзел, у якім да прыходу саудаўцаў было ўсяго два чалавекі, цяпер энергічна працуе штодзень. А ўдзел у Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне – вялізны козыр падчас перамоў.

У мінулым сезоне за кошт спонсарскіх пагадненняў і партнёрскіх адносін было атрымана ўсяго 29 млн фунтаў стэрлінгаў. Гэта недзе на ўзроўні «Вулвергемптана» і «Саўтгемптана».

Ужо больш за год вядзецца праца над тым, каб скасаваць кантракты са спонсарамі, падпісанымі яшчэ падчас кіравання Майка Эшлі. З вытворцам экіпіроўкі Castore, падобна, не ўдалося дамовіцца (за год «Ньюкасл» атрымлівае толькі каля 7 млн фунтаў – вельмі сціплая для клуба АПЛ сума). Але ўдалося знайсці разуменне з цяперашнім тытульным спонсарам Fun88, пагадненне з якім давала тыя ж смешныя 7 млн у год (для параўнання: «Ліверпуль» атрымлівае каля 50 млн за надпіс «Standard Chartered» на футболках). І праца ў гэтым напрамку будзе працягвацца.

Яшчэ адзін плюс, які дае трапленне ў ЛЧ, заключаецца ў банальнай перавазе пры перамовах з футбалістамі. Каго абярэ ўмоўны Майк Джонс, атрымаўшы прапановы ад «Ньюкасла» і «Брайтана»? Акрамя таго, факт удзелу ў наймацнейшым клубным турніры Еўропы дапаможа захаваць лідараў каманды. Як мінімум яшчэ адзін сезон той жа Бруна не будзе нават глядзець у бок «Ліверпуля».

Кваліфікацыя ў ЛЧ дазволіць «Ньюкаслу» мацней адкрыць кран бязмежных багаццяў сваіх уласнікаў, калі яны сапраўды маюць намер выконваць правілы ФФП і далей. Канешне, насамрэч ім зусім не патрэбны гэтыя грошы ад УЕФА, ім патрэбна толькі справаздачнасць, якая дапаможа больш траціць. Калі б камандзе не ўдалося прарвацца ў чацвёрку ці ў зону еўракубкаў, гэта запаволіла б ператварэнне ў топ-клуб. Але цяпер ёсць усе перадумовы казаць пра тое, што зусім хутка ў АПЛ будзе вялікая сямёрка, а не шасцёрка.

Але поспех гэтага сезона – усё яшчэ выдатная казка імя Эдзі Хаў і гульцоў, у якіх ён разгледзеў талент. Заслуга патоку грошай, магчыма, будзе, але пазней.

Фота: Ian Hodgson/Global Look Press, James Heaton/Global Look Press, «Ньюкасл»

Іншыя пасты блога

Усе пасты