Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Цырк без коней, затое з Алонса. Як перамога Серхіа Перэса на Гран Пры Саудаўскай Аравіі адышла на другі план

Цырк без коней, затое з Алонса. Як перамога Серхіа Перэса на Гран Пры Саудаўскай Аравіі адышла на другі план

20 сакавіка 2023, 15:22
Цырк без коней, затое з Алонса. Як перамога Серхіа Перэса на Гран Пры Саудаўскай Аравіі адышла на другі план

Фота: formula1.com

Суддзі ў Формуле 1 у чарговы раз здзівілі ўсіх. З іншага боку, яны ж стварылі яскравую інфанагоду, падкінуўшы нам матэрыял для абмеркавання. Ну не дамінаванне ж каманды Red Bull ёсць яго аб’ектам.

Мінулы тыдзень наогул прайшоў пад знакам правасуддзя, хіба што рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе выпісаць ордар на арышт звар’яцелага расійскага дыктатара за масавыя выкраданні ўкраінскіх дзяцей можна толькі ўхваліць. Застаецца пажадаць Узброеным сілам Украіны дарабіць іх цяжкую працу, вызваліць сваю зямлю і прыцягнуць злачынцу да адказнасці. Пажадана – разам з яго калгасным паслугачом. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Можа, варта накіраваць у Гаагу на курсы павышэння кваліфікацыі суддзяў з Формулы 1? Бо ў іх пакуль што лепш за ўсё атрымліваецца ствараць скандалы на роўным месцы. Быццам бы ўсё было зразумела з трактоўкай правіл аб адбыцці штрафаў на піт-стопах, і што просты дотык да машыны дамкратам – гэта яшчэ не праца з машынай. І быццам бы ўжо было некалькі аналагічных выпадкаў, пасля якіх гоншчыкаў не каралі. А Фернанда Алонса пасля Гран Пры Саудаўскай Аравіі дзесяць штрафных секунд налічылі, пазбавіўшы яго сотага подыуму.

Пачалося ўсё яшчэ са старту гонкі ў Джыдзе, на якім двухразовы чэмпіён свету з Aston Martin некарэктна пазіцыянаваў свой балід на рашотцы. Як пазней заўважылі балельшчыкі і эксперты, не адзін іспанец, проста яго парушэнне было самым заўважным. За гэта ён атрымаў пяць штрафных секунд, якія і адбыў на сваім піт-стопе, адзіным па ходу гонкі, як і ў большасці астатніх яе ўдзельнікаў.

І вось на тым самым піт-стопе адзін з механікаў з дамкратам падсунуў тое прыстасаванне да машыны Алонса раней, чым скончыліся пяць штрафных секунд. Каб зразумець, што гэта было парушэнне, сцюардам спатрэбіліся амаль усе наступныя трыццаць кругоў гонкі, а рашэнне аб пакаранні яны прынялі ўжо пасля подыумнай цырымоніі. І Фернанда прыйшлося на пару гадзін аддаць свой кубак за трэцяе месца пілоту Mercedes Джорджу Расэлу, які ўчора фінішаваў чацвёртым.

Пры гэтым не сказаць, каб суддзі ў Джыдзе былі надзвычай загружаныя працай. Раблю амаль што камінг-аут: прыкладна з сярэдзіны дыстанцыі я добра так кляваў носам і спрабаваў не заснуць пад Гран Пры Саудаўскай Аравіі. Усё самае цікавае адбылося на першых кругах: спачатку той жа Алонса на старце апярэдзіў уладальніка поўла Серхіа Перэса, але на чацвёртым кругу Чэка вярнуў сабе лідарства. Ну а на васямнаццатым кругу праз праблемы з машынай з дыстанцыі сышоў напарнік Фернанда Лэнс Строл, і гэты эпізод выклікаў пытанні ўжо да дырэкцыі гонкі. Канадзец не патрапіў у аварыю і прыпаркаваўся ў адмысловым месцы, а аўтамабіль бяспекі на трасу ўсё роўна выехаў.

Вось і не любі тут тэорыі змоў! Бо менавіта рэжым аўтамабіля бяспекі быў зручным для дзейснага чэмпіёна Формулы 1 Макса Ферстапена, якому праз паломку прываднога валу ў другім сегменце кваліфікацыі напярэдадні прыйшлося стартаваць пятнаццатым. На момант пачатку нейтралізацыі гонкі нідэрландзец ужо быў восьмым, а пасля рэстарту абагнаў спачатку Расэла, а потым і Алонса, падняўшыся на другую пазіцыю.

За Перэсам угнацца аказалася цяжэй, дый на апошніх кругах Макс ізноў пачаў скардзіцца на нейкія механічныя і так другім і застаўся. Але проста параўнайце яго вынік з вынікам пілота Ferrari Шарля Леклера, які стартаваў вышэй – з дванаццатай пазіцыі (кваліфікаваўся ён пры гэтым другім, але страціў дзесяць пазіцый за замену элементаў сілавой устаноўкі). Манэгаск на першых кругах быў нават актыўнейшым за Ферстапена, але фінішаваў толькі сёмым.

Хаця Макс усё роўна не выглядаў пасля сканчэння гонкі задаволеным. «Я тут не для таго, каб другое месца займаць», – заявіў ён пазней. Тым не менш менавіта дзейсны чэмпіён, сцягнуўшы бонусны бал за лепшы круг у таго ж Перэса, захаваў лідарства ў чэмпіянаце. Праўда, напарніка ён апярэджвае ўсяго на адно ачко, маючы 44 супраць 43-х.

Алонса, у якога 30 балаў, застаўся трэцім, а Aston Martin – другім у Кубку канструктараў з 38-ю баламі. Столькі ж і ў Mercedes, які замыкае першую тройку, але па хуткасці лепшыя пакуль што менавіта «зялёныя», і па хуткасці не толькі на трасе, але і па падачы апеляцый на судзейскія рашэнні. Бо менавіта аператыўная праца юрыстаў брытанскай каманды і дазволіла ўратаваць соты подыум Фернанда.

Red Bull жа лідзіруе сярод каманд, маючы 87 ачкоў, але псіхалагічны ўціск на пераследнікаў у Мілтан-Кінсе распачалі яшчэ да Гран Пры Саудаўскай Аравіі. Хельмут Марка, напрыклад, заявіў, што абмежаванне на працу ў аэрадынамічнай трубе яшчэ адаб’ецца на хуткасці машын RB19, і цяперашнюю нельга прымаць як належнае. І хоць асабіста я моцна сумняваюся, што Aston Martin дагоніць Чырвоных Быкоў, жадаць гэтага, як і перамогі Алонса, нам ніхто не забараняе.

Лакальныя поспехі іспанца і яго каманды, дарэчы, не выключаныя, але на Гран Пры Аўстраліі, які стане наступным этапам гэтага сезона Формулы 1 і пройдзе 31 сакавіка – 2 красавіка, я б іх не чакаў. Хутчэй, нас ізноў уразяць суддзі, прычым яшчэ да прыезду чэмпіянату свету ў Мельбурн, пра што нам паведаміць Тэлеграм-канал «Формула перамогі». Сочым за навінамі і чакаем наступнай гонкі!

Іншыя пасты блога

Усе пасты