Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ззянне Марціна, бляск Маркеса і прамень святла Баньяі на Гран Пры Францыі

Ззянне Марціна, бляск Маркеса і прамень святла Баньяі на Гран Пры Францыі

Ззянне Марціна, бляск Маркеса і прамень святла Баньяі на Гран Пры Францыі

Фота: motogp.com

Можа, і дарэмна Хорхе Марцін імкнецца ў наступным сезоне любой цаной патрапіць у заводскі калектыў? У іспанца і зараз у прыватным Prima Pramac Racing усё атрымліваецца надзвычай выдатна, а этап у Ле Мане ён наогул правёў ідэальна. Хоць, канечне, не ён адзін з’яўляецца зоркай MotoGP.

Канечне, гоншчыку такога ўзроўню самае месца ў той жа заводскай Ducati Lenovo Team, але месцаў у ёй толькі два, абодва занятыя, а прэтэндэндуе на адно з іх не толькі Марцінатар. Той жа шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес, які ў гэтым годзе перасеў на таксама прыватны Desmosedici GP (але мінулагодні, у адрозненні ад таго, на якім выступае Хорхе), таксама дэманструе, што не разгубіў хуткасці, а проста заводская Honda RC213V не адпавядала яго ўзроўню.

Няўдачы, вядома, здараюцца і ў абодвух іспанцаў, як, напрыклад, у Марціна на папярэднім этапе ў Херэсе. Тым не менш абодва здольныя перамагаць і цяпер, што добра было бачна ў мінулыя выхадныя на Гран Пры Францыі. Па-ранейшаму здольны на гэта і дзейны чэмпіён свету якраз з заводскай Ducati Франчэска Баньяя, але яму ў гэтым годзе ў сярэднім не шанцуе болей, чым таму ж Марціну.

Прычым Пэка не толькі сам памыляецца і падае, часам яго проста падводзіць тэхніка, як гэтым разам здарылася ў суботнім спрынце. Шанцы на поспех у італьянца пры гэтым былі высокія – крыху раней ён кваліфікаваўся другім, акурат за Марцінам. Але шэраг пазіцый уладальнік першага стартавага нумару згубіў ужо на старце і працягнуў губляць затым, пакуль пасля візіту за межы трасы не заехаў у боксы і не сышоў з дыстанцыі.

Каму апроч Марціна, які сваю першую пазіцыю захаваў, старт удаўся, дык гэта якраз Маркесу, які на рашотцы займаў толькі трынаццатую пазіцыю. Да канца першага круга Марк ужо быў у Топ-5, а за пару наступных адыграў і яшчэ пару пазіцыі, павіснуўшы на хвасце ў гоншчыка Pertamina Enduro VR46 Racing Team Марка Безэкі, які раней прарваўся з пятай пазіцыі на другую і цяпер спрабаваў угнацца за Марцінам.

Другую пазіцыю, прынамсі, Безэкі ўтрымліваў даволі ўпэўнена, пакуль за чатыры кругі да фінішу не ўпаў у дзявятым павароце і таксама датэрмінова не склаў зброю. Галоўным пераследнікам Марціна, такім чынам, стаў Маркес, хаця аб барацьбе двух іспанцаў гаворкі не ішло – Хорхе на той момант ужо ад’ехаў на пару секунд. Хаця і другое месца пасля не выбітнай кваліфікацыі стала для Марка выдатным дасягненнем, і далёка не апошнім за ўік-энд.

Вось гоншчыку Aprilia Racing Маверыку Віньялесу, які ў спрынце фінішаваў трэцім, гэтак жа высока скочыць у нядзельнай гонцы не ўдалася, хаця і пятая пазіцыя – гэта нядрэнны вынік. Ці можа быць задаволены сабой Баньяя, якога праблемы з байкам абышлі бокам і які наважваўся паправіць сваё становішча ў чэмпіянаце? Стартаваў Франчэска выдатна, захапіўшы лідарства і адбіўшы першыя спробы атакі з боку Марціна, і пасля гэтага доўга і ўпэўнена ўтрымліваў першую пазіцыю.

Хорхе, зрэшты, далёка Пэка не адпусціў і ўвесь час быў у межах секунды ад яго. І бліжэй да фінішу барацьба за перамогу паміж імі разгарэлася з новай сілай. На дваццаць першым кругу Марцін здолеў абагнаць Баньяю, але той у сваю чаргу не адстаў і чакаў памылкі з боку Хорхе. Гэтай сітуацыяй скарыстаўся і Маркес, які ізноў здолеў прарвацца скроць пелатон, хоць зрабіў гэта не так імкліва, як днём раней. Аднак цяпер ён ушчыльную ехаў за двума лідарамі і чакаў памылкі кагосьці з іх. І дачакаўся!

Прычым спачатку гэта была памылка Марціна, якая ўшчыльніла першую тройку і дазволіла Маркесу за паўкруга да фінішу абагнаць Баньяю і амаль дагнаць і Хорхе, які перамог з перавагай усяго ў 0,446 секунды над Маркам. Можна было б сказаць, што Баньяя задаволіўся трэцім месцам, але наўрад ці Франчэска быў задаволены, бо адносна Марціна ён не толькі не адыграўся, але і яшчэ крыху адстаў ад яго ў чэмпіянаце.

Пэка захаваў другую пазіцыю, але ўсё яшчэ сур’ёзна саступае канкурэнту з Pramac – у іх 91 ачко і 129 адпаведна. Прычым усяго ў двух ачках ззаду ў Баньяі ўжо і Маркес! Толькі ў камандным заліку Ducati Lenovo Team усё ячшэ даволі камфортна лідзіруе (у тым ліку дзякуючы намаганням Энеа Басціаніні, які і ў спрынце, і ў галоўнай гонцы ў Ле Мане фінішаваў чацвёртым), маючы 180 балаў. Prima Pramac Racing, у якой 144 ачкі, паднялася на другую пазіцыю, яна на дванаццаць ачкоў апярэджвае Aprilia Racing, якая цяпер трэцяя.

З Ле Манам развітваецца пакуль што толькі MotoGP, тады як мы яшчэ чакаем аўтамабільнага сутачнага марафону на кальцы Сартэ. Галоўны ж мотагоначны чэмпіянат свету 24-26 мая правядзе ў Барселоне Гран Пры Каталоніі. За гэтымі і астатнімі важнымі гонкамі працягваюць сачыць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты