Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Рэквіем па мары. Макс Ферстапен і Red Bull на Гран Пры Іспаніі працягнулі забіваць інтрыгу ў Формуле 1

Рэквіем па мары. Макс Ферстапен і Red Bull на Гран Пры Іспаніі працягнулі забіваць інтрыгу ў Формуле 1

Рэквіем па мары. Макс Ферстапен і Red Bull на Гран Пры Іспаніі працягнулі забіваць інтрыгу ў Формуле 1

Фота: formula1.com

У лютым мы ўсе марылі аб тым, што каманды-канкурэнты Чырвоных Быкоў нарэшце дадуць ім бой. Замест гэтага за першую траціну сезона калектыў з Мілтан-Кінса раскатаў усіх і не дазволіў нікому акрамя сваіх пілотаў атрымаць хаця б адну перамогу. Толькі і застаецца ўсім астатнім радавацца лакальным поспехам, як у выпадку з пілотамі Mercedes.

З лютага мінулага года мы марым аб перамозе Украіны над расійскім агрэсарам, які працягвае забіваць мірных жыхароў усіх узростаў. Аднак нарэшце ён і сам адчуў, што такое вайна, а таксама што такое яго салдаты, якім усё роўна, украінцаў рабаваць або расіян. Пакуль звар’яцелы дыктатар носіць ружовыя акуляры, але яго паслугач з Мінску ўжо зразумеў, што справа для іх абодвух пахне міжнародным трыбуналам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Формула 1 пахне многа чым, і ў першую чаргу, напэўна, грашыма. Якія, зрэшты, вырашальнага значэння ў барацьбе за перамогі не мелі і раней. Прыклад Таёты вядомы ўсім, дый Ferrari і Mercedes сродкаў дакладна хапае на ўсё (італьянцам – дык і на ўдзел у WEC). Ад іх мы чакалі прарываў у гэтым сезоне, але абедзве каманды ў нечым нават здалі ў параўнанні з мінулым годам.

Першыя калі не сем, то дакладна шэсць этапаў другой сілай у чэмпіянаце свету быў Aston Martin, які з 2026 года, нягледзячы на партнёрства з Mercedes (нямецкія рухавікі стаяць і на дарожных спорткарах брытанскай кампаніі), стане кліентам Хонды (як я некалі і прадказваў, японцы ў чарговы раз развіталіся з Формулай 1 не назаўсёды). Лакаматывам увесь гэты час быў навабранец каманды – двухразовы чэмпіён Фернанда Алонса, але ў Іспаніі яго нарэшце прайграў Лэнс Строл.

Яго-та перайграў, а вось Льюіса Хэмілтана з Джорджам Расэлам – не. Дакладней, не перайграў канадзец толькі сяміразовага чэмпіёна, які кваліфікаваўся пятым, на пазіцыю вышэй за Лэнса. А вось Расэл не прайшоў нават у кваліфікацыйны фінал, апынуўшыся толькі на дванаццатай пазіцыі. Затое ў нядзелю адыграліся абодва брытанцы.

Льюіс ужо на старце гонкі адыграў адну пазіцыю, абагнаўшы Ланда Норыса, які ледзь не сенсацыйна кваліфікаваўся напярэдадні трэцім. На жаль, пілот McLaren амаль адразу зламаў аб машыну свайго суайчынніка з Mercedes пярэдняе антыкрыло свайго баліда, які прыйшлося мяняць. Як вынік – толькі крыўднае сямнаццатае месца замест магчымага подыуму. Расэл жа тым часам апярэдзіў пяцярых супернікаў і ўжо па выніках першага круга ехаў у першай дзясятцы.

Пілоты Mercedes прарываліся і далей, і іх наступнымі ахвярамі сталі якраз канкурэнты з Aston Martin: Расэл на сёмым кругу абагнаў Алонса, які стартаваў восьмым, а Хэмілтан праз круг атакаваў Расэла, якога ў выніку кантакту з Норысам быў прапусціў. Ну а цягам наступных кругоў Льюіс прарваўся на другое месца, а Джордж – на трэцяе. Карлас Сайнс, які на радасць мясцовым балельшчыкам пачынаў гонку з другой пазіцыі, не знайшоў, што супрацьпаставіць брытанцам у гонцы.

На старце пілот Ferrari яшчэ паспрабаваў атакаваць Ферстапена (які – ах, так! – заваяваў напярэдадні поўл), але затым і за ім не ўгнаўся, і саступіў абодвум супернікам з Mercedes, ды яшчэ і напарніку Макса Серхіа Перэсу, якому ў кваліфікацыі, дарэчы, не пашанцавала. У другім сегменце мексіканец дапусціў памылку і вылецеў у гравій, а потым не паспеў палепшыць і застаўся адзінаццатым. Аднак у гонцы ён чакана прарываўся, хаця і не так эфектыўна, як хтосьці, напэўна, чакаў, застаўшыся без подыуму на чацвёртым месцы, якраз перад Сайнсам.

Ну Чэка хаця б у прынцыпе ачкі атрымаў у адрозненні ад напарніка Карласа Шарля Леклера. Манэгаску таксама не пашанцавала ў кваліфікацыі, але ён не прайшоў нават у другі сегмент і без візітаў у гравій – проста хуткасці не хапіла. Гонку Шарль пачынаў з піт-лэйну праз парушэнне камандай рэжыму закрытага парку – было вырашана на ўсялякі выпадак замяніць скрыню перадач. Таму і задача перад ім стаяла больш цяжкая, чым перад Перэсам. Хоць усё роўна аптымізму ў стане Скудэрыі не прыбавілася.

А што ж Ферстапен? А Макс на старце адбіў згаданую вышэй атаку Сайнса і больш нейкіх заўважных выклікаў не сустрэў. Ну хіба што не быў задаволены паводзінамі камплекту жорсткіх шын, якія атрымаў на сярэднім адрэзку, а пад канец атрымаў і папярэджанне ад суддзяў у выглядзе чорна-белага сцяга за неаднаразовыя парушэнні меж трасы. Больш, бадай, і расказаць няма аб чым – лідзіраванне ад старту да фінішу, лепшы круг у гонцы і як вынік – неафіцыйны «Вялікі шлем», ужо трэці ў кар’еры нідэрландца, у дадатак да кубка і медаля за перамогу.

Карціна ў чэмпіянаце цяпер, мякка кажучы, не натхняльная для тых прыхільнікаў Формулы 1, якія жадаюць напружанай барацьбы. Ферстапен, вядома, застаўся лідарам, Перэс захаваў другую пазіцыю, але ў яго 117 ачкоў, тады як у яго напарніка ўсе 170. Алонса, які фінішаваў на хатнім Гран Пры толькі сёмым, застаўся трэцім у турнірнай табліцы, у яго 99 ачкоў. Трэцяя цяпер і яго каманда ў Кубку канструктараў – Aston Martin, у якога 134 балы, прапусціў наперад Mercedes. Калектыў з Браклі мае 152 ачкі, але ў Red Bull іх усё роўна 287.

Усё, што нам застаецца цяпер – гэта чакаць лакальных цікавых падзей на асобных этапах чэмпіянату свету. Бліжэйшым з іх стане Гран Пры Канады, які пройдзе 16-18 чэрвеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты