Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/У Канадзе ўсё спакойна. Формула 1 ізноў не натхніла

У Канадзе ўсё спакойна. Формула 1 ізноў не натхніла

19 чэрвеня, 17:14
У Канадзе ўсё спакойна. Формула 1 ізноў не натхніла

Фота: formula1.com

Хоць ты ўводзь баланс прадукцыйнасці, як у чэмпіянаце па аўтагонках на цягавітасць! Хаця гэта было б найгоршым з таго, што мог бы зрабіць мэнэджмент Формулы 1. Са сваімі праблемамі канкурэнты Red Bull і Макса Ферстапена, якія ў Манрэалі ізноў перамаглі, мусяць разбірацца самі.

Узброеныя сілы Украіны ў гэтыя дні занятыя важнай справай – яны ачышчаюць сваю зямлю і ўвесь свет ад расійска-фашысцкіх акупантаў. На шчасце, цывілізаваны свет разумее, што яны вырашаюць праблему не толькі сваю. Заходняя зброя працуе выдатна і дапамагае героям набліжаць сваю перамогу, якая абавязкова прывядзе і да вызвалення беларускай зямлі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Так хацелася б штосьці натхняльнае напісаць і пра Формулу 1. Замест гэтага ж пасля кожнага Гран Пры прыходзіцца мучыцца, каб знайсці хоць якую-небудзь вартую ўвагі падзею. Вось і этап у Канадзе запомніўся мала чым, і сотая перамога каманды Red Bull толькі для яе значэнне і мае.

Канечне, грунтуючыся на выніках папярэдніх этапаў, ад гэтага наўрад ці нехта чакаў цудаў. Іх і не было. Двухразовы і дзейсны чэмпіён Макс Ферстапен толькі ў пятніцу не трапляў на вяршыні пратаколаў, калі на трасе ўзнікалі тэхнічныя праблемы (праз непаладкі аптычна-валаконнай сувязі не працавалі камеры назірання). Затое ў суботу нідэрландзец дамінаваў і быў адным з нямногіх, у каго кваліфікацыя прайшла гладка.

Праходзіла яна ў складаных умовах – дождж то сціхаў, і траса падсыхала, то пачынаўся ізноў. У выніку напарнік Ферстапена Серхіа Перэс зноў праляцеў міма фіналу, не паспеўшы палепшыць свой час да таго, як траса ў чарговы раз намокла. А ў трэцім сегменце толькі Макс і здолеў праехаць чысты круг на прамежкавых шынах да таго, як сесія перарвалася чырвонымі сцягамі пасля аварыі Оскара Піастры. Потым дождж толькі ўзмацніўся і хутчэй ніхто не паехаў.

Аўтарам міні-сенсацыі стаў пілот Haas Ніка Хюлькенберг, які паспеў скочыць на другую пазіцыю. Але пазней немец пазбавіўся адразу трох за тое, што недастаткова запаволіўся пад чырвонымі сцягамі. Не пашанцавала, зрэшты, не толькі яму – на пакаранні суддзі гэтым разам былі шчодрыя, і здабытых пазіцый пазбавіліся таксама Карлас Сайнс, Лэнс Строл і Юкі Цунода. Таму на першым шэрагу побач з Ферстапенам апынуўся яшчэ адзін двухразовы чэмпіён – Фернанда Алонса.

Іспанец з Aston Martin і стаў адной з галоўных дзейных асоб гонкі, якая праходзіла ўжо ў сухое і цёплае надвор’е. Галоўным яго супернікам стаў, канечне, не Ферстапен, які ўжо на старце адарваўся ад усіх і пралідзіраваў да самага фінішу, а яго былы і скандальны напарнік па McLaren Льюіс Хэмілтан.

На старце сяміразовы чэмпіён з Mercedes абагнаў Фернанда, пасля чаго пачалося іх зацягнутае тактычнае супрацьстаянне. Зацягнутае таму, што пасля таго, як на дваццаць пятым кругу Алонса сам паспяхова атакаваў брытанца, захоўваць канцэнтрацыю прыйшлося ўжо яму – Льюіс не адпускаў яго далёка. Аднак пілот Aston Martin, нягледзячы на пару памарак, выстаяў і зноў фінішаваў другім. Хэмілтан падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Перэс, стартаваўшы дванаццатым, гонку скончыў шостым, але званне Гоншчыка дня заўзятары прысудзілі не яму, а Алексу Албану, які фінішаваў следам. Пілот Williams і ў кваліфікацыі выступіў выдатна, прабіўшыся ў фінал, а ў гонцы сустрэў сапраўды моцных супернікаў, як напарнік і суайчыннік Хэмілтана Джордж Расэл, які ў пачатку гонкі зачапіў сцяну, пашкодзіў машыну і адкаціўся ў хвост пелатону. Пазней ён ізноў прарваўся ў першую дзясятку і насядаў якраз на Албана, але сышоў з дыстанцыі праз павышаны знос тармазоў. Што, аднак, не адмяняе таго факту, што Алекс малайчына.

Калі непасродныя канкурэнты Red Bull у бліжэйшы час не падцягнуцца, глядзець гонкі Формулы 1 будуць хіба што розныя ненармальныя аўтары аўтаспартыўных блогаў. Цалкам разумею тых, хто страціў цікавасць да чэмпіянату свету, у якім проста змяніліся імёны дамінатараў.

Той жа Ферстапен мае ўжо 195 ачкоў супраць 126-ці ў Перэса, які застаецца другім. Алонса ў сваю чаргу захоўвае трэцюю пазіцыю і набліжаецца да Чэка – у яго 117 балаў. У Чырвоных Быкоў у Кубку канструктараў дык наогул 321 ачко. Mercedes, займаючы са 167-мю баламі другую пазіцыю, адбіваецца ад Aston Martin, які знаходзіцца на трэцім радку і мае 154 балы.

Магчыма (але не дакладна) цікавей будзе на Гран Пры Аўстрыі, які пройдзе 30 чэрвеня – 2 ліпеня. Гэта будзе другі ў сезоне этап з суботнім спрынтам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты