Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Складанасці Баўцісты і поспех Разгатліоглу на этапе сусветнага Супербайка ў Маньі-Куры

Складанасці Баўцісты і поспех Разгатліоглу на этапе сусветнага Супербайка ў Маньі-Куры

14 верасня, 16:28
Складанасці Баўцісты і поспех Разгатліоглу на этапе сусветнага Супербайка ў Маньі-Куры

Фота: worldsbk.com

Даўно дзейснаму чэмпіёну WSBK не было так цяжка! У мінулы ўік-энд на трасе Маньі-Кур Альвара Баўціста мог бы зарабіць і больш ачкоў, і хуткасць іспанца з Aruba.it Racing-Ducati дазваляла яму гэта. Але па-сапраўднаму паспяховай для яго стала толькі нядзельная гонка.

Немагчыма спакойна пісаць пра гонкі ў эпоху вялікай вайны, і мы не забываемся пра тую, што ідзе ва Украіне. Свет павінен больш рашуча супрацьстаяць дыктатарам, якія спрабуюць аб’яднацца, каб не даць цывілізацыі развівацца, і толькі ордэрамі на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда не абысціся. І галоўнае зараз – гэта дапамога зброяй украінскім героям, якія набліжаюць і вызваленне беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Свет памыляўся, калі думаў, што з дыктатарамі можна гандляваць, заплюшчваючы вочы на іх маленькія, а часам і вялікія злачынствы, і Украіна цяпер плаціць за гэта вялікую цану. Памылкі гоншчыкаў на трасах да трагедый сусветнага маштабу не прыводзяць, хаця бываюць вельмі небяспечнымі і балючымі.

Альвара Баўціста, зрэшты, за адносна няўдалы этап WSBK на трасе Маньі-Кур, што праходзіў у мінулыя выхадныя, вінаваціць можа не толькі сябе. Суботняя гонка для дзейснага чэмпіёна выдалася няпростай па прычыне найперш тэхнічных праблем. Да пятага павароту трэцяга круга справы ў яго ішлі адносна нядрэнна, хаця здабытае на старце лідарства ён на той момант ужо аддаў чэмпіёну 2021 года з Pata Yamaha Prometeon WorldSBK Топраку Разгатліоглу.

Ну а на выхадзе з таго самага павароту завадскі Ducati Panigale V4R пад кіраваннем Баў раптоўна запаволіўся, і іспанец адкаціўся ў хвост пелатона. На шчасце, ён здолеў аператыўна прывесці матацыкл у прытомнасць і нават прарваўся на дзясятае месца, хаця перад стартам яўна разлічваў на большае.

Большае ў выніку атрымаў напарнік Баўцісты Міхаэль Рубэн Рынальдзі, які па сканчэнні гэтага сезона пакідае каманду Aruba.it Racing-Ducati. Хто яго заменіць, пакуль што невядома, але італьянец быццам бы паспрабаваў адразу ўсталяваць свайму пераемніку высокую планку.

На Разгатліоглу Рынальдзі ціснуў цягам усёй дыстанцыі, а некалькі разоў нават рашуча атакаваў. Аднак турэцкі гоншчык, які, нагадаю, у наступным годзе пераходзіць у завадскую каманду BMW, кожны раз адбіваўся і ў выніку заслужана перамог. Міхаэль Рубэн задаволіўся другім месцам, а трэцяе заняў шасціразовы чэмпіён WSBK Джонатан Рэй, які стаў галоўным ньюсмэйкерам напярэдадні этапу ў Маньі-Куры. Гэты сезон стане для паўночнаірландца апошнім у складзе Kawasaki Racing Team WorldSBK, а пераходзіць ён якраз на месца Разгатліоглу ў завадскую Ямаху!

Канец эпохі – і яго персанальнай, і ўсяго чэмпіянату свету – Джонатан вырашыў зрабіць як мага яскравым. Хаця ў ранішнім суперпоўл-спрынце ў нядзелю абганялі ў асноўным яго самога. Абганяў, у прыватнасці, той жа Баўціста, які зноў захапіў быў на старце лідарства, абагнаўшы ўладальніка поўла з Bonovo Action BMW Гарэта Герлафа (амерыканец напярэдадні фінішаваў чацвёртым, а гэтым разам не дабраўся да фінішу праз сутыкненне з гоншчыкам завадской ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team Скотам Рэдзінгам).

Аднак на другім кругу на першую пазіцыю вырваўся ізноў Разгатліоглу, які на тармажэнні перад шпількай Adelaide абагнаў абодвух завадчан Ducati. Паміж якімі таксама адбыўся размен пазіцыямі – Рынальдзі вырваўся наперад, пагнаўся за туркам і нават абагнаў яго на трэцім кругу ў шостым павароце. Топрак, аднак, вярнуў сабе лідарства на пятым кругу ў пятым павароце, дзе праз імгненні для італьянца гонка скончылася.

Баўціста так спрабаваў адыграцца, што сам памыліўся на тармажэнні і дапусціў кантакт з напарнікам, збіўшы яго з матацыкла. Сам Альвара пры гэтым на сваім байку ўсядзеў і працягнуў гонку. І нават пазбег пакарання – суддзі палічылі яго сутыкненне з Рынальдзі гоначным інцыдэнтам. Аднак адыгрывацца Баўцісце прыйшлося зноў, бо ён апынуўся за двума завадскімі Kawasaki ZX-10RR.

Абганяць дзейснаму чэмпіёну, праўда, прыйшлося толькі адзін з іх – Рэя. Алекс Лоўс сам датэрмінова склаў зброю праз механічныя праблемы. З Джонатанам Альвара справіўся і нават паспеў дагнаць Разгатліоглу, але на абгон Топрака часу яму не хапіла, і ён так і застаўся другім. Рэй ізноў фінішаваў трэцім.

Толькі фінальную гонку ўік-энду Баўцісце ўдалася правесці чыста і беспамылкова. Прайшла яна не без здарэнняў, але іспанец іх удзельнікам не быў. На пятым кругу з супернікам, на гэты раз з гоншчыкам GYTR GRT Yamaha WorldSBK Team Дамінікам Эгертэрам, трасу не падзяліў Рэдзінг, за што пазней атрымаў двайны праезд па штрафной зоне. Гонку пасля аварыі брытанца і швейцарца (апошняга даставілі ў медычны цэнтр, а Рэдзінг пазней сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы) спынілі чырвонымі сцягамі, а на рэстарце на першай пазіцыі ўжо стаяў Баўціста.

Гоншчык Ducati яшчэ на першым старце вырваўся наперад, амаль адразу патрапіўшы пад атаку з боку Рэя, які таксама абагнаў Разгатліоглу. У пятым павароце Джонатан нават атакаваў Альвара, але той адбіўся і захаваў здабытае лідарства. Захаваў ён яго і на рэстарце, пакінуўшы Рэя разбірацца з Топракам.

Іх дуэль і стала галоўным упрыгожваннем другой гонкі. Некалькі разоў яны мяняліся пазіцыямі, але апошняе слова засталося ўсё ж за турэцкім гоншчыкам, якому ўдалася адстаяць другое месца. Рэй у трэці раз за ўік-энд задаволіўся трэцім, такую ж пазіцыю ён захаваў і ў чэмпіянаце, дзе ў яго 290 ачкоў.

Разгатліоглу, які займае другую пазіцыю, яшчэ ўяўляе сабой пагрозу Баўцісце, які лідзіруе, з 410-цю баламі саступаючы іспанцу пяцьдзесят сем. Ducati, маючы 518 ачкоў, лідзіруе ў заліку вытворцаў, Yamaha на другой пазіцыі з 436-цю баламі, Kawasaki мае 311 і замыкае першую тройку.

Фініш сезона WSBK ужо не за гарамі – наперадзе ўсяго тры этапы. Наступны пройдзе 22-24 верасня ў іспанскім Альканісе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты