Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Лісаковіч стамiў чарговага трэнера ў сваёй кар'еры: хаміць, абураецца, ігнаруе

Лісаковіч стамiў чарговага трэнера ў сваёй кар'еры: хаміць, абураецца, ігнаруе

На ўзрост ужо не спiшаш.

Аўтар — KentYara98
15 студзеня, 23:00
Лісаковіч стамiў чарговага трэнера ў сваёй кар'еры: хаміць, абураецца, ігнаруе

Беларускі форвард Віталь Лісаковіч зноў змяніў клубную прапіску – 13 студзеня гульца прадставіла калінінградская «Балтыка», якая боўтаеццца ў зоне вылету РПЛ. Туды гулец пайшоў у арэнду з казанскага «Рубiна».

Незадоўга да гэтага галоўны трэнер «Рубіна» Рашыд Рахімаў не ў першы раз выказаўся пра Лісаковіча не ў самым пазiтыўным ключы.

– Віталіку я сказаў: «З тваімі якасцямі можна гуляць у любой лізе, з тваім мысленнем і галавой – не. Не можам мы падпарадкаваць інтарэсы каманды тваім». Ты папраўляеш памылкі, а ён можа не рэагаваць. Да яго звяртаешся – можа не глядзець. Можа працягваць рабіць так, як хоча, – паскардзiўся Рахімаў.

Гэта быў не першы падобны каментарый трэнера. Яшчэ ў ліпені інсайды заяўлялі пра канфлікт паміж Лісаковічам і Рахімавым, а далей выказванні апошняга ішлі ў адным рэчышчы: у пачатку жніўня коўч паведаміў пра вялікае жаданне, «каб Віталік стаў камандным гульцом», у канцы жніўня паўтарыў, што футбаліст «не павінен аддзяляць сябе ад каманды», у лістападзе не знайшоў Лісаковічу месца ў самалёце, дадаўшы, не паверыце, што гульцу «трэба ўпісаць сябе ў каманду», а ў снежні заявіў, што «як толькі інтарэсы Лісаковіча будуць накіраваныя ў агульную справу, то ён атрымае шанцы». Карацей, адна прэтэнзія паўтаралася вельмі шмат разоў.

Нядзiўна, што апошні раз Лicаковiч быў уключаны ў заяўку «Рубiна» яшчэ ў верасні, паспеўшы згуляць у сезоне толькi пяць матчаў, у якіх адзначыўся двума асiстамi. Усё гэта сказалася і на трансферным кошце гульца, які прасеў на 500 тысяч еўра і цяпер роўны 800 тысячам.

Але Рахімаў, вядома, не першы спецыяліст, з якім Лiсаковiч не знайшоў агульную мову. Усю кар'еру гулец «слаўны» сваiм характарам. Яшчэ ў юнацкіх камандах ён не раз падводзіў партнёраў, калі выходзіў з сябе і зносіў супернікаў у прамых падкатах, за што яго выдалялі з поля.

Працуючы з асноўнай камандай «Шахцёра», малады гулец мог матам паслаць гульцоў удвая старэйшых за сябе. А ў 2017-м пасля паражэння ад БАТЭ ён зламаў руку, пачаўшы крушыць мэблю ў распранальні.

«Першы час мы з ім шмат гутарылі. Разумееце, трэба быць трохі аскетам у адносінах да прафесіі. Ён яшчэ хлопчыкам быў, крыху расхлябаным», – казаў калісьці галоўны трэнер «гарнякоў» Сяргей Ташуеў.

У «Рубіне» Лісаковіч бузіў не толькі пры Рахімаве. Яго папярэднік Юрый Уткульбаеў атрымліваў ад гульца адкрытае абурэнне заменамі, але ўхіляўся ад канфлікту. А вось пры Леанідзе Слуцкім сутычкі з футбалістам адбываліся нярэдка (хоць у клубе і спрабавалі адмаўляць гэта). Паводле інфармацыі расійскага «Спорт-Экспрэса», Лісаковіч лёгка мог «напіхаць» партнёрам і «закусіцца» з самім Слуцкім. Футбаліста нават адхілялі ад працы з асновай. А трэнер у той час, калі каманда вылецела ў Д2 (таму што Лісаковіч у вырашальны момант не патрапіў па варотах з пенальці), удастоіў гульца ананімнага каментарыя: «Хтосьці бясконца чакае свой трансфер і думае, што ён гулец РПЛ, а не Д2».

Асаблівыя адносіны ў Лісаковіча і з беларускай зборнай. З 2016-га па 2018-ы яго рэгулярна выклікалі ў «моладзеўку», але ён увесь час адмаўляўся, называючы прычынамi траўмы ці стомленасць. А ў траўні 2022-га, калi вылецеў з «Рубінам» з РПЛ, гулец не адказваў на выклік у першую зборную – проста не браў тэлефон. Да гэтага Лiсаковiч груба адказваў штабу зборнай на заўвагi на занятках каманды.

Новы трэнер зборнай Карлас Алос вырашыў праверыць удачу і выклікаў форварда ў вераснi 2023-га. Спецыяліст не крытыкаваў гульню Лісаковіча ў матчах за зборную (гэта зрабілі іншыя), але на кастрычніцкія гульні «фокус» не паўтараў, спаслаўшыся на адсутнасць гульнявой практыкi ў «Рубіне».

Магчыма, няпросты характар гульца – гэта следства цяжкага дзяцінства. У Лісаковіча была не самая паспяховая сямʼя – маці гульца памерла, калі той быў яшчэ зусім маленькім, а бацька нярэдка трапляў за краты. У выніку Вiталь разам з братамі перабраўся з Мінска ва Узду ды бабулі з дзядулем. Тыя выхоўвалі ўнука вельмі дэмакратычна і шмат чаго яму дазвалялі. А вось на вуліцах Узды трэба было ўмець пастаяць за сябе з кулакамi. Казалі, што Лісаковіч быў «на карандашы» ў мясцовых «сiлавiкоў» Лукашэнкi. Былi i частыя пропускі заняткаў у школе – яны прыводзілі да ўзбучцы ад трэнераў, пасля чаго гулец на кароткі тэрмін вяртаўся да навучання, але затым зноў прападаў.

Недысцыплінаванасць і адсутнасць элементарнай павагі Лісаковіча трэнеры часта спісвалі на ўзрост. Але гульцу ўжо амаль 26, а змен не бачна.

Пры гэтым у галоўнага трэнера «Балтыкі» Сяргея Ігнашэвіча вялікія чаканні ад гульца. Вось як ён пракаментаваў трансфер беларуса: «Віталь – майстар. Мы ў першую чаргу чакаем ад яго, канешне, што ён верне страчаныя кандыцыі і якасна дапаможа вясной».

Што ж, паглядзім, што скажа гэты спецыяліст у канцы сезона.

Іншыя пасты блога

Усе пасты