Tribuna/Футбол/Блогі/«Баварыя» звольніла Нагельсмана, хаця каманда ўсё яшчэ змагаецца за трэбл. У клубе пануе нездаровая атмасфера

«Баварыя» звольніла Нагельсмана, хаця каманда ўсё яшчэ змагаецца за трэбл. У клубе пануе нездаровая атмасфера

Яго заменіць Тухель.

Аўтар — Бона Сфорца
24 сакавіка 2023, 15:04
«Баварыя» звольніла Нагельсмана, хаця каманда ўсё яшчэ змагаецца за трэбл. У клубе пануе нездаровая атмасфера

Найнечаканейшая навіна дня, тыдня і месяца: «Баварыя» звольніла Юльяна Нагельсмана!

Каманда ўсё яшчэ можа зрабіць трэбл – працягвае змагацца за чэмпіёнства ў Бундэслізе (знаходзіцца на другім месцы і адстае ад «Дортмунда» толькі на адзін пункт), выйшла да чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў і Кубка Германіі, так чаму клуб раптам вырашыў звольніць трэнера, за якога заплаціў 25 млн еўра ўлетку 2021-га?

Нагельсмана прыбіраюць не за вынікі (хаця гэта таксама згуляла ролю). У клубе – нездаровая атмасфера і пастаянныя канфлікты

Паводле СМІ, кіраўніцтва клуба ўжо некаторы час разважала над тым, што Нагельсмана трэба звольніць – з пачатку 2023-га рэкардсмен ужо двойчы саступіў і тройчы згуляў унічыю ў чэмпіянаце, чым дазволіў дортмундскай «Барусіі» упершыню за сезон ачоліць турнірную табліцу.

Босы «Баварыі» Олівер Кан і Хасан Саліхаміджыч таксама прынялі да ўвагі правал у леташняй ЛЧ, калі мюнхенцы нечакана выляцелі ад «Вільярэала», і пабойваліся, што сёлета карціна можа паўтарыцца – асабліва, калі ў суперніках грозны «Манчэстэр Сіці».

У чацвер увечары, калі чуткі пра звальненне Нагельсмана пачалі масава распаўсюджвацца, з ім ніхто не звязваўся. Пра змену трэнера не ведалі таксама футбалісты. Юльян адказаў на тэлефонны званок журналіста Kicker Георга Хольцнера і паведаміў, што чуў пра чуткі, але клуб (пакуль што) ні пра што яму не паведаміў. Справа ў тым, што зараз трэнер праводзіць кароткі адпачынак у гарах у Аўстрыі.

Але не вынікі сталі галоўнай прычынай, чаму мюнхенцы звольнілі 35-гадовага трэнера.

Ужо нейкі час у распранальні каманды і ў клубе ў цэлым пануе абсалютна нездаровая атмасфера. Шмат хто з футбалістаў быў незадаволены Юльянам – яго кадравымі рашэннямі, тактыкай і часам «самаўпэўненымі паводзінамі». Згадайце толькі сітуацыю з Левандоўскім. Роберт адкрыта крытыкаваў «занадта атакуючы» футбол Нагельсмана, які не даваў яму праявіць свае найлепшыя якасці і штосьці падобнае адбывалася і зараз – гульцам не падабаліся пастаянныя тактычныя змены і неразуменне, як будзе гуляць каманда ў наступным матчы.

Аўтарытэт Нагельсманна яшчэ больш падарваў нядаўні канфлікт з ужо былым трэнерам брамнікаў «Баварыі» Тоні Тапалавічам, які прапрацаваў у клубе 11,5 гадоў і меў цудоўныя адносіны з усімі футбалістамі (акрамя Аляксандра Нюбеля). Мануэль Ноер, адзін з найлепшых сяброў Тапалавіча, часта меў праблемы з галоўным трэнерам, але пасля сітуацыі са звальненнем Тоні ўжо перастаў камунікаваць з Нагельсманам напрамую.

Нарэшце стасункі трэнера з клубам сапсаваліся пасля апошняга скандалу з «пацуком у распранальні». Напярэдадні матчу з «Бохумам» у лютым у выданні Bild з'явіліся тактычныя планы рэкардсмена якраз на гэтую сустрэчу – трэнер быў перакананы, што хтосьці злівае ў медыя інфармацыю з распранальні.

Праз нейкі час Юльян супакоіўся і сказаў, што не верыць у тое, што гэта зрабіў хтосьці з футбалістаў або трэнерскага штабу. Фанаты ж «Баварыі» ва ўсім абвінавачваюць дзяўчыну трэнера Лену Вюрценбергер, якая працуе рэпарцёркай у Bild.

Па інфармацыі журналіста Sky Sport Deutschland Фларыяна Плэтэнберга, «Баварыя» вырашыла разыйсціся з Нагельсманам праз вынікі ў Бундэслізе і недастатковае развіццё гульцоў пад яго кіраўніцтвам.

Акрамя таго, гульцы і кіраўніцтва здзівіліся, што Юльян паехаў катацца на лыжах у Аўстрыю, калі каманда працягвала працаваць.

Цяпер «Баварыю» узначаліць Тухель – нарэшце станецца тое, што напрошвалася шмат гадоў

Відавочна, што новым трэнерам мюнхенцаў стане Томас Тухель, які знаходзіўся без клуба пасля звальнення з «Чэлсі» на пачатку верасня.

«Босы «Баварыі» адчулі, што каманда можа выйграць Лігу чэмпіёнаў і Бундэслігу, бо вырашылі прызначыць новага трэнера ў вырашальны момант у сезоне – камандзе патрэбна новая кроў», – напісаў Фабрыцыа Рамана пра змену трэнера ў Мюнхене. Зразумелі, пра што ён?

Рэкардсмен хоча выйграць Лігу чэмпіёнаў, бо запрашае Томаса Тухеля, які выйграў свой тытул ЛЧ, узначаліўшы «Чэлсі» падчас сезону. Немец заявіў пра сябе, як крызіснага менеджара, які можа ўвесь негатыў унутры каманды накіраваць на вырашэнне задач, ведае, як справіцца з ціскам, і нямала працаваў з зорнымі футбалістамі (Мбапэ і Неймар у «ПСЖ»). Акрамя таго, Тухель упершыню за шэсць гадоў будзе трэнаваць дома.

Яшчэ адна прычына, чаму Нагельсмана звольнілі ўжо цяпер, палягае ў тым, што «Баварыя» не хацела губляць Томаса, на якога быў попыт – ім цікавіліся «Тотэнхем» і «Рэал». Босы мюнхенцаў ужо не адзін год сачылі за працай Тухеля, яны ведалі, што ў адзін дзень ён узначаліць клуб, нягледзячы на яго мінулае ў «Дортмундзе».

А што далей для Нагельсмана?

Пасля яго працы ў «Хофенхайме» і «Лейпцыгу» было зразумела, што далей Юльян будзе трэніраваць толькі топаў – у Нямеччыне былі варыянты толькі з «Баварыяй» і дортмундскай «Барусіяй».

Імаверна, наступнае месца 35-гадовага трэнера будзе не ў Нямеччыне. Рэальнае развіццё падзей – «Рэал», у якім пасада галоўнага трэнера стане вакантнай пасля сыходу Карла Анчалоці ўлетку. Мадрыдскі клуб ужо даўно цікавіцца немцам і захапляецца яго падыходам працы з маладымі футбалістамі (на якіх клуб рабіў стаўку ў бліжэйшай будучыні).

Яшчэ адным кандыдатам ёсць «Тотэнхем». Лонданскі клуб праводзіў перамовы з Тухелем, але цяпер ім давядзецца пераключыцца на іншыя варыянты. Адным з іх стане Нагельсман, сцвярджае Evening Standard, падкрэсліваючы, што рэпутацыя трэнера ўжо пацярпела ад звальнення.

Іншымі магчымасцямі можна назваць «Ліверпуль» і ПСЖ, але пакуль там працуюць Клоп і Галцье - адпаведна, усе гэта толькі спекуляцыі.

Фота: Edith Geuppert/REUTERS, SPORT1, Bild, Harry Langer/DeFodi Images/Global Look Press

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты