Tribuna/Футбол/Блогі/«Дацкі Холанд» паклаў 5 галоў у двух матчах за зборную. У 2023-м раззабіваўся за «Аталанту», зацікавіў «МЮ» і «Рэал»

«Дацкі Холанд» паклаў 5 галоў у двух матчах за зборную. У 2023-м раззабіваўся за «Аталанту», зацікавіў «МЮ» і «Рэал»

Знаёмцеся – Расмус Хэйлунд.

29 сакавіка 2023, 06:04
«Дацкі Холанд» паклаў 5 галоў у двух матчах за зборную. У 2023-м раззабіваўся за «Аталанту», зацікавіў «МЮ» і «Рэал»

Футбалісты зборнай Даніі яшчэ не хутка змогуць забыцца на правал у Казахстане – падчас матчу яны вяли 2:0, кантралявалі ход падзей і ўпэўнена ішлі да другой перамогі ў двух матчах, але тут здарылася няўдача. Гаспадары перахапілі ініцыятыву ў другім тайме, вызначыліся тройчы, нечакана атрымалі перамогу і адсвяткавалі адзін з самых крутых камбэкаў у сваёй гісторыі.

Аднак у гэтым жа матчы ззяў Расмус Хэйлунд – новая зорка зборнай Даніі і ўсяго сусветнага футбола.

Упершыню выйшаў у старце за Данію – аформіў хет-трык, другі раз – зрабіў дубль. У 2023-м усё добра пайшло і ў «Аталанце»

У апошнія некалькі дзён Хэйлунда актыўна абмяркоўваюць у Еўропе. Яно і нядзіўна, бо 20-гадовы форвард забіў 5 галоў у апошніх двух матчах за зборную Даніі.

Цікава, што Расмус толькі другі раз у кар'еры атрымаў выклік у нацыянальную каманду (на ЧС-2022 не ездзіў), а ў матчы з Фінляндыяй на мінулым тыдні ўпершыню выйшаў у стартавым складзе. Вынік – 90 хвілін на полі, хет-трык (хоць мог быць і пента-трык, калі б не Градзецкі) і заслужаная перамога з лікам 3:1. З Казахстанам «дацкі Холанд» працягнуў феерыць – да 35-й хвіліны ўжо аформіў дубль, хоць і ў выніку яго каманда саступіла (2:3).

Яркім перформансам за зборную датчанін падкрэсліў сваю цудоўную форму, якую набраў у 2023-м у складзе «Аталанты». Пасля няўдалай першай паловы сезона ў італьянскім клубе (толькі 1+1 па сістэме гол+пас) у новым годзе Хэйлунд заквітнеў – забіў 7 галоў і аддаў адзін асіст ва ўсіх турнірах і ператварыўся ў безальтэрнатыўна асноўнага нападаючана каманды.

Цяпер на яго пачалі звяртаць увагу еўрапейскія гранды.

Хэйлунд перайшоў у «Аталанту» толькі ў пачатку сезона, а ўжо летам можа адправіцца ў топ-клуб за вялікія грошы

Магчыма, вы можаце памятаць гэтага хлопца яшчэ з пачатку сезона-2022/23, калі кіеўскае «Дынама» змагалася за выхад у групавы этап ЛЧ. Пасля праходу «Фенербахчэ» кіяўляне сустрэліся з аўстрыйскім «Штурмам«, які моцна патрапаў нервы ўкраінскаму клубу – менавіта гол Хэйлунда дапамог перавесці матч у адказ у экстратаймы, дзе «Дынама» аказалася мацнейшым.

Менавіта ў «Штурме» Расмус змусіў многіх скаўтаў еўрапейскіх клубаў сачыць за кожным сваім матчам. Хэйлунд – выхаванец «Капенгагена», якога на моладзевым узроўні лічылі будучыняй асноўнай каманды. Зрэшты, нешта пайшло не па плане: юны форвард не забіў ніводнага мяча ў 19 матчах дацкага чэмпіянату. Яго становішча ў клубе не выратавалі нават 5 галоў у матчах Лігі канферэнцый (большасць – супраць футбольных «карлікаў»), таму зімой 2022-га ён усяго за 1,8 млн еўра з'ехаў у Аўстрыю.

Там у яго ўсё пайшло з самага пачатку:

* аформіў дубль у першым жа матчы;

* дапамог камандзе фінішаваць другой у сезоне-2021/22;

* паспеў зрабіць 9 выніковых дзеянняў у 8 матчах новага сезона (да пераходу ў «Аталанту»);

* Усяго запісаў на свой рахунак 12 галоў і 4 асісты ў 21 матчы за «Штурм».

Узімку «Штурм» набыў яго за 1,8 млн еўра, а летам прадаў за рэкордныя для клуба 17,2 млн еўра (сума можа вырасці да 20 млн еўра праз бонусы) – амаль у 10 разоў даражэй.

Цяпер, паводле звестак СМІ, Хэйлундам цікавяцца «Эвертан», «Арсенал», «Напалі», «Рэал» і «МЮ». Скандынаўскі форвард у Манчэстэры? Сярод актуальных прыкладаў ведаем, што гэта нядрэнна працуе.

Не здзівімся, калі ён пакіне Бергама ўжо гэтым летам, а сума трансферу ў новы клуб зноў будзе значна вышэйшай.

Дык а чаму ён «дацкі Холанд»? Паралелі не толькі праз прозвішча – тут і падобны стыль гульні, і знешнасць

Цяпер амаль кожнага крутога габарытнага нападаючага ў еўрапейскім футболе параўноўваюць з Эрлінгам Холандам – гэтак жа, як калісьці кожны леваногі тэхнічны футбаліст быў «новым Леа Месі».

Аднак у выпадку Расмуса Хэйлунда гэтыя параўнанні маюць большы сэнс.

Першае, на што наогул можна звярнуць увагу, – падобныя прозвішчы ці ж па меншай меры іх вымаўленне на нашай мове. І Холанд (нарвежац), і Хэйлунд (датчанін) – прадстаўнікі скандынаўскага футбола, а многія заўзятары нават сцвярджаюць, што яны візуальна падобныя адзін да аднаго.

На футбольным полі Эрлінг і Расмус – фізічна моцныя гульцы з падобнай антрапаметрыяй (195 см і 191 см росту адпаведна), абодва маюць добрую хуткасць і моцны ўдар, Працоўная нага – левая.

Фота: LISELOTTE SABROE, BO AMSTRUP/APF/Global Look Press, Andrea Staccioli/REUTERS, gva.be, Erwin Scheriau/picturedesk.com

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты