Tribuna/Футбол/Блогі/Месі ў «Сэлтыку», Зізу ў «Мілане». Рэальныя фота гульцоў у футболках каманд, за якія яны не выступалі

Месі ў «Сэлтыку», Зізу ў «Мілане». Рэальныя фота гульцоў у футболках каманд, за якія яны не выступалі

Марадона больш за іншых любіў апранаць «чужыя» формы.

7 красавіка 2023, 06:08
Месі ў «Сэлтыку», Зізу ў «Мілане». Рэальныя фота гульцоў у футболках каманд, за якія яны не выступалі

Ідэяй для стварэння такога тэксту стала відэа ў тэлеграм-канале «Джанлука Лападула», на якім Дыега Марадона даваў інтэрв'ю пасля матчу ў футболцы «Мілана». Адразу ўспомнілася, што легендарны аргентынец раней свяціўся з лога «Баварыі» і зборнай Англіі на грудзях. Потым на думку чамусьці прыйшоў Скоўлз у футболцы «Барсы». А чаму б не згадаць яшчэ больш такіх выпадкаў?

Аказалася, што такіх рэальных (не фоташоп!) фотаздымкаў вельмі шмат. І мы дакладна далёка не ўсе сабралі ў гэтым матэрыяле, таму калі вы памятаеце кагосьці яшчэ – пішыце ў каментарах. Магчыма, зробім другую частку (ці хтосьці з блогераў праявіць ініцыятыву).

Адзначым, што мы не бралі дзіцячыя фатаграфіі футбалістаў. Таму Грызман з «Лацыа», Рауль у «Атлетыка», Джэрард у «Эвертане» і многія іншыя падобныя выпадкі не патрапілі ў гэтую падборку.

Дыега Марадона

«Баварыя», «Тотэнхэм», «Мілан», «Алімпіякас», зборная Англіі, зборная Шатландыі, зборная Бразіліі

Адзін з найлепшых гульцоў у гісторыі таксама вельмі часта прымаў запрашэнні на розныя неафіцыйныя матчы ці гульні. Напрыклад, за месяц да свайго гола рукой у браму Англіі Дыега пабываў на «Уайт Харт Лейн», дзе згуляў у таварняку супраць «Інтэра» (запрасіў сябар Освальда Ардылес, які гуляў за «шпор»). Ужо пасля завяршэння кар'еры прыехаў у госці на развітальны матч Матэуса, а таксама цешыў заўзятараў «Алімпіякоса».

Абмен футболкамі з Барэзі запомніўся класнай цытатай у адрас апанента: «Гэта футболка вялікага гульца. Думаю, што Франка Барэзі – ідэал абаронцы. Згадку пра гульню супраць яго я захаваю на ўсё жыццё».

Ну і не саромеўся апранацца і ў колеры чужых зборных – Англіі, Шатландыі і нават Бразіліі (і не раз!).

Эрлінг Холанд

«Бока Хуніёрс», «Фламенга», «Джэнаа», «Ковентры»

Нарвежскі талент зразумеў, у чым сакрэт поспеху, таму да сваіх 22 паспеў засвяціцца ў футболках чатырох каманд. Што самае цікавае – не самых папулярных. Праўда, у адрозненне ад Марадоны, Эрлінг апранаў «чужыя» футболкі выключна па-за полем.

Цікава, адкуль такая любоў да клубаў з Паўднёвай Амерыкі? У інтэрнэце таксама ёсць кадр, дзе зусім малы Холанд стаіць у футболцы «Сантаса».

Ліянель Месі

«Фіярэнціна», «Атлетыка», «Сэлтык»

Кадры, у якія цяжка паверыць. У ліпені 2009-га Леа абмяняўся футболкамі пасля таварняка з «Фіярэнцінай», у тым жа годзе прыняў удзел у дабрачынным матчы, надзеўшы футболку «Атлетыка».

А легендарны кадр для заўзятараў «Сэлтыка» падарыў люты 2008-га, праўда, тады каманда аргенцінца двойчы адолела шатландцаў у плэй-оф ЛЧ.

Алесандра Дэль П'ера

«Мілан», «Шэмрак Роверс»

Сціплы ірландскі «Шэмрак Роверс» у сезоне 2010/11 сышоўся з «Ювентусам» у кваліфікацыі Лігі Еўропы. Двойчы прайграў з агульным лікам 0:3, але наўзамен атрымаў класны кадр легенды футбола.

А футболка «Мілана» пасуе Алесандра, згодныя?

Зінедзін Зідан

«Мілан», «Партызан»

Як і Зідану. Гэта адбылося ў 1998-м, калі «Ювентус» абгуляў «Расанеры» ў матчы турніру «трафей Луіджы Берлусконі» (у гонар бацькі Сільвіё). А футболку «Партызана» француз накінуў на сябе, калі быў ужо гульцом «Рэала».

Джон Тэры

«Сэлтык», «Вэст Хэм»

Бегаў у футболцы шатландскага гранда і Тэры. Таксама абаронцу можна было неяк убачыць у форме «Вест Хэма». Джон тады прыняў удзел у выставачным матчы, на які паклікалі выхаванцаў клуба. За першую каманду «малатабойцаў» Тэры ніколі не гуляў.

Цьеры Анры

«Портсмут», зборная Бразіліі

Кадр Анры з Кубкам свету выглядае як фоташоп. У 1998-м Раналда марыў, каб журналісты зрабілі такое фота, але з яго галавой.

Раналдыньё

Зборная Англіі

Раналда

Зборная Англіі

Калі б заўзятарам зборнай Англіі далі магчымасць змяніць мінулае, то 21 чэрвеня 2002 года склад «трох львоў» на чвэрцьфінал супраць Бразіліі выглядаў бы менавіта так.

Томас Мюлер

«Ювентус»

У чвэрцьфінале ЛЧ 2012/13 «Баварыя» зняла скальп з «Ювентуса» (4:0 па суме двух матчаў), а Мюлер – футболку з Буфона.

Антуан Грызман

«Бока Хуніёрс»

А ўяўляеце звязку Холанд-Грызман у складзе аргенцінскага гранда? Мы таксама не. Але хоць бы такія фота ёсць.

Кака

«Фенербахчэ»

У 2005-м «Мілан» знішчыў «Фенербахчэ» ў групе ЛЧ – 4:0 і 3:1. Кака адзначыўся дублем і засвяціўся ў футболцы суперніка.

Пеле

«Фламенга»

У Бразіліі на афіцыйным узроўні кароль гуляў толькі за «Сантас», але 6 красавіка 1979-га выйшаў на поле ў футболцы «Фламенга» на «Маракане» падчас дабрачыннага матчу. Мог нават забіць, але адмовіўся ад права выканаць пенальці.

Стывен Джэрард

«Рэал»

Некалькі гадоў таму на «Энфілдзе» прайшоў матч легенд «Ліверпуля» і «Рэала». Пасля гульні мясцовыя заўзятары ўбачылі шматгадовага капітана ў незвычайных колерах.

Эдэн Азар

«ПСЖ»

У другой палове 2010-х фаны парыжанаў марылі бачыць бельгійца ў іх форме, а цяпер хіба што Эдэн можа марыць пра цікавасць з боку «ПСЖ».

Франчэска Тоці

«Інтэр»

Тоці выйшаў на поле ў футболцы «Інтэра» ў 1995 годзе. Праўда, тады гэта зрабіла ўся яго каманда, а гульцы «нерадзуры» апрануліся ў колеры «Ромы». Так яны аддалі даніну павагі заўзятару Вінчэнца Спаньёла, якога забілі перад матчам «Джэнаа» і «Мілана».

Златан Ібрагімавіч

«Арсенал»

У 2000-м швед прыехаў на прагляд у «Арсенал», Венгер нават уручыў яму футболку з прозвішчам, але потым нешта пайшло не так. «Арсен сказаў, што хоча, каб я патрэніраваўся з камандай і паказаў, наколькі я круты. Тады згуляла маё эга: ён запрасіў мяне на перамовы, але не ведае, наколькі я круты?».

Рамелу Лукаку

«Барнслі»

Калі Лукаку і далей будзе працягваць забіваць усяго па 6 галоў на сезон, то футболкі клубаў узроўню «Барнслі» стануць для яго звыклай справай.

Пол Скоулз

«Барселона»

Шмат хто памятае, што англічанін быў у сіне-гранатавым пасля фіналу ЛЧ-2011, але не ўсе ведаюць, што праз некалькі гадоў ён зноў засвяціўся ў гэтых жа колерах.

Бастыян Швайнштайгер

«Абердын»

Больш нязвыкла было бачыць Бастыяна толькі ў футболцы «МЮ».

Фото: «Баварія», Sky Sports, Кент, «Рух», The Mirror, Give Me Sport, 433, Barça OTD, Marca, Reprodução, Goal, Daily Mail, Spire Vintage Apparel, retrofootball.ukraine, VBET UK, «Шемрок Роверс», «Фіорентина», erling.haaland

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты