Tribuna/Футбол/Блогі/«Рэал» прэзентаваў Белінгема – англічанін абраў нумар Зідана і заявіў, што хацеў бы пагуляць з Мбапэ

«Рэал» прэзентаваў Белінгема – англічанін абраў нумар Зідана і заявіў, што хацеў бы пагуляць з Мбапэ

Белае яму пасуе.

16 чэрвеня, 06:17
«Рэал» прэзентаваў Белінгема – англічанін абраў нумар Зідана і заявіў, што хацеў бы пагуляць з Мбапэ

15 чэрвеня заўзятары «Рэала» нарэшце ўбачылі тое, пра што марылі апошнія некалькі месяцаў – Джуда Белінгема ў белай футболцы. Мадрыдскі клуб зладзіў прэзентацыю 19-гадовага англічаніна, за якога заплаціў 103 млн еўра (+ бонусы).

Джуд абраў сабе нумар 5, пад якім гулялі Зінедзін Зыдан (навік называў Зізу ўлюблёным гульцом і фанацеў ад яго ў дзяцінстве), Фабіа Канавара, Рафа Варан, Фернанда Рэдонда. У мінулым сезоне «пяцёрка» належала Хесусу Вальеха, абаронца пагадзіўся змяніць нумар на 24-ы.

Усё пачалося з традыцыйнай фотасесіі з Фларэнтына Перэсам.

А потым была экскурсія па трафейным пакоі «Мадрыда». Брытанец атрымаў гадзіннік і маленькую копію «Сант’яга Бернабеу».

Перэс цёпла павітаў навіка:

«Гэта адзін з тых дней, калі мы павінны адчуваць вялікі гонар, таму што адзін з найлепшых гульцоў у свеце прыбыў у «Рэал Мадрыд». І ён тут з намі, бо ён гэтага хацеў. Ён абраў свой лёс сярод усіх буйных клубаў, якія хацелі мець такога гульца, як ён, але ён вырашыў, што яго гісторыя павінна быць звязаная з самым прэстыжным клубам сусветнага футбола. Яму ўсяго 19 гадоў, а ён ужо стаў адным з тых гульцоў, якіх хочуць бачыць на сваім стадыёне ўсе заўзятары свету.

Тут мы паспрабуем зрабіць Белінгема шчаслівым. Будуць выклікі, да якіх ён ужо гатовы, з гэтай эмблемай і гэтай футболкай не будзе нічога немагчымага. Дзякуй за тое, што стаў мадрыдыстам і маеш амбіцыі будаваць сваю гісторыю ў гэтым клубе, які больш за ўсё ў свеце любяць і якім захапляюцца, але які таксама з’яўляецца самым патрабавальным у свеце»,  – сказаў прэзідэнт клуба.

Пазней прыйшоў час прэс-канферэнцыі Джуда.

«Гэта самы важны дзень у маім жыцці, таму што я прыехаў у самы вялікі клуб у свеце. Дзякую ўсім, хто зрабіў гэта магчымым: «Барусіі», «Бірмінгему», прэзідэнту «Рэала», Джуне Калафату, Хасэ Анхелю Санчэсу і маёй сям’і за падтрымку ¡hala madrid!.

Я быў на фінале ў Парыжы, калі «Рэал Мадрыд» атрымаў перамогу над «Ліверпулем», гэта было велізарным фактарам у маім рашэнні перайсці менавіта ў гэты клуб. Я далучаюся да найлепшага клуба ў свеце, і справа не ў грошах. Мой тата распавёў мне пра цікавасць з боку «Рэала» яшчэ ў мінулым годзе, тады ў мяне пабеглі мурашкі па скуры, маё сэрца трохі спынілася.

Усе гульцы ў [трэнавальным] лагеры [зборнай] Англіі пастаянна прасілі мяне пайсці ў клуб АПЛ, але я хацеў гуляць па-за зонай камфорту», – сказаў гулец.

І адразу зняў з сябе цяжар грошай, якія мадрыдскі клуб за яго заплаціў: «Мяне не турбуе мая трансферная сума. Мэта – выйграваць трафеі. Я не бухгалтар».

Вядома, у яго не маглі не спытаць пра куміра дзяцінства, чый нумар ён цяпер будзе насіць: «Зідан натхняе. Я вельмі ім захапляюся, але я не спрабую быць падобным да яго, я іншы гулец, я проста спрабую быць Джудам». Англічанін успомніў і пра дзейнага гульца «сметанковых», які аддаў яму гэты нумар: «Дзякуй Вальеха за тое, што даў мне свой нумар, ён вельмі добры хлопец»

І ўспомніў пра яшчэ аднаго француза: «Мбапэ? Я не ведаю яго сітуацыі, толькі бачыў некаторыя навіны ў твітэры, вось і ўсё. Хацеў бы я пагуляць з ім? Хто б ні хацеў».

У Белінгема таксама спыталі пра новых партнёраў па цэнтры паўабароны: «Дзяліць распранальню з Модрычам і Кроасам будзе неацэнным вопытам, я спадзяюся шмат чаму навучыцца ў іх. Буду трымацца побач з імі, і спадзяюся, што гэта іх не будзе моцна турбаваць, таму што я з нецярпеннем чакаю вучобы».

А патоў упершыню з'явіўся ў футболцы «Рэала».

Гэта быў адзін з самых спакойных і ціхіх пераходаў топавага гульца ў топавы клуб за такія вялікія грошы. Вось яшчэ некалькі цікавых і важных фактаў пра гэты пераход:

🔶 Сума трансферу-103 млн еўра. Але ўлічвайце, што таксама прадугледжаны бонусы – да 30% ад сумы трансферу, гэта значыць максімум 30,9 млн.

🔶 Кантракт заключаны на 6 гадоў, менавіта на гэты тэрмін і будуць размеркаваныя выплаты дортмундскаму клубу.

🔶 Паводле інфармацыі The Athletic, чакаецца, што Белінгем стане адным з самых высокааплатных гульцоў «Рэала». Аднак яго заробак не перавысіць 10-12 млн еўра ў год.

🔶 Журналіст Хасэ Луіс Санчэс паведаміў, што «Манчэстэр Сіці» прапаноўваў гульцу заробак удвая большы, чым «Рэал», але Белінгем зрабіў выбар на карысць мадрыдцаў. Таксама Джуд адмовіў «Арсеналу», «Чэлсі», «Ліверпулю» і «Манчэстэр Юнайтэд».

🔶 Трансфер хаўбека - 13-ы самы дарагі ў гісторыі, але гэта без уліку бонусаў. З імі канчатковая сума трансферу вырасце да 133,9 мільёна еўра, тады Белінгем стане пятым самым дарагім футбольным трансферам у гісторыі і першым сярод англічан. Самы дарагі трансфер англічаніна цяпер – пераход Джэка Грыліша з «Астан Вілы» ў «Манчэстэр Сіці» за 117,5 мільёна еўра.

🔶 Джуд - шосты англічанін у гісторыі «Рэала». Раней за «сметанковых» гулялі яго суайчыннікі – Лоры Канінгам, Стыў Макманаман, Дэвід Бэкхэм, Джанатан Вудгейт і Майкл Оўэн.

Дэбютам за «Рэал» у афіцыйным матчы Белінгем адкрые трэцюю сотню матчаў у сваёй кар'еры. На дадзены момант у 19-гадовага (!) паўабаронцы роўна 200 паядынкаў у карʼеры за чатыры сезоны – 176 за клубы («Бірмінгем» і «Дортмунд») і 24 за зборную Англіі.

Фота: «Рэал»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты