Tribuna/Футбол/Блогі/😡 «Я разнясу табе галаву». Торэс пасварыўся з былым аднаклубнікам Арбелоа ў мадрыдскім моладзевым дэрбі

😡 «Я разнясу табе галаву». Торэс пасварыўся з былым аднаклубнікам Арбелоа ў мадрыдскім моладзевым дэрбі

І пагражаў фанату «вяршковых».

Аўтар — Бона Сфорца
16 траўня, 11:48
😡 «Я разнясу табе галаву». Торэс пасварыўся з былым аднаклубнікам Арбелоа ў мадрыдскім моладзевым дэрбі

Мадрыдскае дэрбі запальвае агонь на любым узроўні. Доказам гэтага стала сустрэча каманд U-19 «Атлетыка» і «Рэала» ў чвэрцьфінале моладзевага Кубка чэмпіянатаў. Галоўнымі дзеючымі асобамі сталі дзве легенды іспанскага футболу – Фернанда Торэс і Альвара Арбелоа.

Фернанда – галаўны трэнер «матрацнікаў», а Альвара – коуч «вяршковых». Таксама варта разумець, што абодва экс-футбалісты гулялі некалькі гадоў разам за «Ліверпуль» – з 2007-га па 2009-ы. А з 2008-га па 2013-ы былі партнёрамі па зборнай Іспаніі, сумесна выйгравалі ЧС-2010 і Еўра-2012. Што цікава: Фернанда ўваходзіць у топ-15 гульцоў, з якімі Арбелоа правёў найбольш матчаў у кар’еры. Удвох яны былі на полі, гуляючы ў аднолькавых футболках, ажно 94 разы.

Але ў 2023-м гэта не мае ніякага значэння. Дэрбі Мадрыда не пакідае месца настальгіі і спагадзе, калі былыя аднаклубнікі становяцца супернікамі нават на такім узроўні.

10 траўня «Рэал» ды «Атлетыка» сыйшліся ў першым матчы – там перамагла каманда Арбелоа з лікам 2:0. Другая сустрэча праходзіла на базе «Рэала», але гэта ніяк не перашкодзіла гасцям забіць два мячы. На 90+1-й хвіліне лік быў 2:0 на карысць «матрацнікаў». Але гаспадары здолелі адгуляць два галы да 90+5 хвіліны. Як вынік – 4:2 па суме абедзвюх сустрэч, далей ідзе каманда Арбелоа.

Аднак гледачы ўбачылі не толькі некалькі галоў ды камбек, але і амаль бойку двух трэнераў. Атмасфера распальвалася падчас сустрэчы – хоць гульня пачалася з сяброўcкага поціску рук, але чым далей, тым больш сварак было паміж лавамі каманд.

Фернанда не моцна быў паглыблены ў гэты працэс, але потым усё ж сарваўся – калі яны зблізіліся, Фернанда штурхнуў Альвара ў грудзі. Паводле інфармацыі выдання Relevo, падчас мітусні Торэс сказаў экс-аднаклубніку: «Я знясу табе галаву». Арбелоа адказаў: «Пачынай, калі захочаш».

Гэтым усё не скончылася. «Атлетыка» толькі аднавіў гульню, але трэнеры працягнулі сваю спрэчку, у выніку Арбелоа атрымаў жоўтую картку, а Торэса выдалілі з поля.

У лагеры «вяршковых» сцвярджаюць, што Альвара правакаваў іх на працягу ўсяго матчу.

«Стаўленне Арбелоа і яго памочніка было правакацыйным, яны ўвесь час зневажалі нашу лаўку. А пасля таго, як лік стаў 2:2, Арбелоа не проста жэстыкуляваў, ён зайшоў у нашу зону, падбег да Фернанда».

Пакідаючы поле (нагадаем, матч праходзіў на базе «вяршковых»), Фернанда яшчэ пасварыўся і з заўзятарамі. У адказ на крытыку аднаго з іх сказаў: «Я зараз да цябе падымуся, клоўн».

Пасля гульні Арбелоа напісаў у твітары: «У такіх цяжкіх сітуацыях, як сёння, нашыя гульцы разумеюць, што значыць гуляць за «Рэал». Ганаруся чарговай дэманстрацыяй характару, менталітэту і таленту каманды. Мае віншаванні «Атлетыка», які зноў давёў нас да мяжы».

***

Адно добра, што не дайшло да бойкі. Вы бачылі, у якой форме Торэс?

Фота: As, givemesport, Marca

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты