Tribuna/Футбол/Блогі/Качура і Туміловіч актыўна намякаюць, што матч супраць Украіны ў 2001-м усё ж такі здавалі: адзін кажа пра машыны на 150 тысяч долараў, другі – пра бруд у Уэльсе

Качура і Туміловіч актыўна намякаюць, што матч супраць Украіны ў 2001-м усё ж такі здавалі: адзін кажа пра машыны на 150 тысяч долараў, другі – пра бруд у Уэльсе

І ніхто не называе прозвішчаў. А хто ў вас выклікае падазрэнні?

Аўтар — Tribuna.com
7 верасня, 09:32
6
Качура і Туміловіч актыўна намякаюць, што матч супраць Украіны ў 2001-м усё ж такі здавалі: адзін кажа пра машыны на 150 тысяч долараў, другі – пра бруд у Уэльсе

Гісторыя, якая адбылася больш за 20 гадоў таму, працягвае жыць сваім жыццём і абрастаць новымі падрабязнасцямі. Агульную фабулу ведаюць больш ці менш усе. 1 верасня 2001 года ў Мінску на стадыёне «Дынама» гулялі зборная Беларусі і зборная Украіны ў адборы на чэмпіянат свету-2002. Абедзве каманды маглі паехаць на турнір, беларусам было вельмі важна перамагчы, але забіваў толькі Андрэй Шаўчэнка (на яго рахунку два мячы).

Тая няўдача яшчэ да заканчэння гульні стала ператварацца ў скандал. Эдуард Малафееў, трэнер беларусаў, западозрыў тады «здраду» ў дзеяннях сваіх гульцоў – прадстаўнікоў кіеўскага «Дынама»: у гневе зняў з гульні Аляксандра Хацкевіча ў перапынку пасля таго, як быў забіты першы гол, і Валянціна Бялькевіча пасля другога мяча, прычым апошняму зладзіў разнос проста на лаўцы запасных.

- Мне сорамна сёння прысутнічаць перад вамі. Сёння гулялі 12 на 8. У перапынку ў нас адбылася размова. Хацкевіч мне выказаў: я сыходжу. Хто трымае каго? Структура гульні сёння не атрымалася праз тое, што парушалі страшна гульнявую дысцыпліну асноўныя нашыя рухальныя сілы, зорныя велічыні. Гэтага рабіць нельга. Я на кожнай сустрэчы з імі кажу: гэта здрада, здраджваць нельга. Таму мы разбярэмся. Я трымаць нікога не буду. Гэта ганьба, і страшная ганьба. Калі ў цябе траўма, не выходзь, чаму лезуць тады гуляць? – сказаў Малафееў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.

Па выніку на астатнія гульні адбору – супраць Польшчы і Уэльса – пры наяўнасці шанцаў яшчэ пазмагацца за выхад беларускія кіяўляне Малафеевым выкліканыя не былі. І вось тая ўжо замыленая гісторыя прырастае новымі дэталямі.

Літаральна нядаўна пра падзеі тых дзён у падкасце «На банке» успомніў форвард той зборнай Пётр Качура. Ён расказаў, што адзін з ягоных партнёраў пасля матчу з украінцамі сурʼёзна абнавіў аўтапарк.

- Шмат хто кажа, што не было здачы матчу. Тады быў разбор на базе. Але павер: у мяне ва Украіне было вельмі шмат знаёмых людзей, якія шмат чаго расказвалі. Быў выпадак. Але не ў дваіх – у аднаго. Не хачу прозвішча казаць. Нехта адразу купіў дзве машыны BMW і Mercedes. Мне сказалі: 150 штук [тут, відаць, гаворка пра 150 тысяч долараў]. Можаце пісаць, можаце не пісаць. Але гэта я ведаю. Некаторыя незадаволеныя, – сказаў Качура.

Ад рэдакцыі хочацца адзначыць, што заробкі футбалістаў кіеўскага «Дынама» (калі, канешне, гаворка пра кагосьці з іх) і ў тыя часы не былі маленькімі і, напэўна, дазвалялі здзяйсняць сурʼёзныя пакупкі. А наколькі тыя пакупкі звязаныя менавіта з матчам супраць Украіны, Качура не гаворыць.

Праз некалькі дзён экс-галкіпер зборнай Генадзь Туміловіч прыйшоў на падкаст да расійскага каментатара Дзяніса Казанскага і былога расійскага футбаліста Дзмітрыя Сычова (пагуляў ён і за мінскага «Дынама»), дзе таксама згадаў Той Самы Матч. Ён сказаў, што ўжо за некалькі дзён да стартавага свістка хадзілі размовы пра тое, што гульня будзе «здадзеная» (сам Туміловіч быў па-за заяўкай праз дыскваліфікацыю, але ў версію, што несумленна дзейнічалі менавіта Хацкевіч і Бялькевіч, не верыць.

На думку Туміловіча, і апошняя гульня адборачнага цыклу да ЧС-2002 – з Уэльсам – таксама была нячыстай. Зборная Беларусі ў выпадку перамогі ў Кардыфе магла абысці Украіну і заняць другое месца. Украінцам трэба было згуляць супраць лідараў групы зборную Польшчы.

Палякі і ўкраінцы ў выніку скончылі ўнічыю (1:1), а вось беларусы валійцам без варыянтаў саступілі (0:1) і скончылі адбор трэцімі.

- Гульня з Уэльсам – гэта працяг тэмы Украіны і, хачу заўважыць, там не было ні Хацкевіча, ні Белькевіча. <...>. Гульня была даволі падазроная, шанец [на выхад у стыкавыя матчы] у нас быў. Бруд быў, па гульні было відаць, нават прыкладна ведаю хто [здаваў матч], – успомніў сустрэчу з брытанцамі галкіпер – і таксама недагаварыў.

Складана зразумець, пра якога футбаліста (ці футбалістаў?) кажуць Качура і Туміловіч, але вось спіс тых, хто выходзіў на поле і ў Мінску супраць Украіны, і ў Кардыфе супраць Уэльса: Эрык Яхімовіч («Газіянтэпспар»), Аляксандр Лухвіч («Тарпеда»), Масква), Сяргей Штанюк («Сток Сіці»), Сяргей Гурэнка («Парма»), Уладзімір Шунейка («Крылы Саветаў») і Сяргей Ясковіч («Шахцёр» Данецк), які выйшаў у матчы з Украінай ужо пры ліку 0: 1.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты