Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Бацькоў і брата Папова кінулі за краты і выгналі з роднай залы – самбіст падмеціў, колькі знаёмых у гэтым паўдзельнічала

Бацькоў і брата Папова кінулі за краты і выгналі з роднай залы – самбіст падмеціў, колькі знаёмых у гэтым паўдзельнічала

«Можа, вяртаюць званне «сям'я ворага народа».

Аўтар — Tribuna.com
18 кастрычніка, 07:58
1
Бацькоў і брата Папова кінулі за краты і выгналі з роднай залы – самбіст падмеціў, колькі знаёмых у гэтым паўдзельнічала

У 20-тысячным райцэнтры Віцебскай вобласці Лепелі адбываецца страта ў белспорце – рэзка развальваецца мясцовая школа самба і дзюдо. У яе акаўнтах коратка сказана, што «ўсе трэнеры звольненыя з 18.10.2023 г., таму што не выходзілі на працу 10 сутак, знаходзячыся ў ІЧУ Лепеля». Патрапілі яны туды, як паведамляецца, за падпіску ў сацсетках на непажаданыя рэжыму старонкі. «Па пытаннях далейшага функцыянавання спартыўнай залы» прапануецца звяртацца да в. а. дырэктара віцебскай СДЮШАР прафсаюзаў Лукашэнкі «Волат», да якой адносіцца лепельская школа.

Пры гэтым ёсць вялікае падазрэнне, што нагодай для траплення трэнераў за краты стала іх сваяцтва з непажаданым рэжыму чэмпіёнам свету, Еўропы і Еўрагульняў розных гадоў па самба Сцяпанам Паповым. Яго бацька Георгій калісьці заснаваў у Лепелі секцыю самба і разам з маці Сцяпана Галінай і яго старэйшым братам Аляксеем шмат гадоў гадаваў спартсменаў. Акрамя Папова-малодшага Паповы, напрыклад, «выгадавалi» Яўгена Міхно – прызёра чэмпіянатаў свету і Еўропы па самба і баявому самба.

Сам Сцяпан наконт кары для сваіх родных сказаў, што «адэкватнасць у Беларусі сёння адсутнічае», нагадаўшы, што за краты кідалі пенсіянераў (Георгію 65 гадоў, Галіне 64). А потым развіў тэму ў сваім вялікім пасце ў Facebook.

– Далі людзям немаладога ўзросту пуцёўку на 10 сутак у «санаторый» без матраца і з халоднай гарбатай. А брату далi пагуляць да вечара і самому прыйсці з цёплымі рэчамі. Усё так проста, нібы збіраешся ў дзіцячы лагер. Потым вяртаешся, страціўшы 5-7 кілаграм і кавалачак здароўя.

На тэлефоны [у «сілавікоў» Лукашэнкі] спакойна адказваюць былыя спартсмены. Працэдуры [у «судзе» Лукашэнкі] вядуць тыя, чыіх дзяцей і знаёмых ты трэніраваў. Раздаюць каманды і праводзяць ператрусы людзі, якія прайшлі побач з татамі тваёй спартыўнай школы. І пакуль ты яшчэ там [за кратамі], твае ж вучні едуць да начальства прыняць прапанову заняць тваё месца.

Больш за 30 гадоў карпатлівай працы, падціранне сопляў тым, хто сёння вялікі «начальнік», паездкі за свой кошт на старых «Жыгулях» на спаборніцтвы, клопат і апека… Утаптаць у бруд усе твае заслугі, узнагароды, заробленыя потам і крывёй за ўсё жыццё, можна толькі росчыркам пяра. Для ўсіх жа стала нормай, што трэнеры, якія выгадавалі тысячы дзяцей, сталі раптам «ворагамі народа». Ці, можа, ужо вяртаюць у краіне званне «сям'я ворага народа», – напісаў Папоў.

Бацька Папова, як некалі расказваў сын, «з дзяцінства быў вялікім фанатам барацьбы і сам вучыўся па кніжках». А маці да 30 гадоў займалася лыжамі – але пасля гэтага перайшла ў барацьбу, паспела не раз стаць прызёрам ЧБ, а ў 38 выканала нарматыў майстра спорту, пасля чаго перайшла на трэнерскую працу. Старэйшы (на два гады) брат Сцяпана Аляксей займаўся барацьбой з дзяцінства, але, не дасягнуўшы вялікіх поспехаў, перакваліфікаваўся ў трэнера, пачаўшы дапамагаць бацькам.

Некалькі гадоў таму ў невялікай лепельскай зале правялі касметычны рамонт – зараз яна часцяком прымае невялікія спаборніцтвы.

Відаць, зараз у яе будуць новыя «гаспадары».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты