Tribuna/Футбол/Блогі/Сівакоў на італьянскай палаяўся з трэнерам «Спартака», а Кавалёў дапамог «Арэнбургу» перамагчы

Сівакоў на італьянскай палаяўся з трэнерам «Спартака», а Кавалёў дапамог «Арэнбургу» перамагчы

Успомніў часы «Кальяры» і «Пьячэнцы».

29 лістапада, 21:05
Сівакоў на італьянскай палаяўся з трэнерам «Спартака», а Кавалёў дапамог «Арэнбургу» перамагчы

29 лістапада «Арэнбург» з трыма беларусамі ў складзе абыграў маскоўскі «Спартак» у першым матчы чвэрцьфіналу шляху РПЛ Кубка Расіі. Прычым нашы суайчыннікі выйшлі на першыя ролі ў гэтым паядынку.

На 10-й хвіліне абаронца «Спартака» Мікіта Чарноў парушыў правілы на беларускім хаўбеку «Арэнбурга» Юрые Кавалёве. Да кропкі падышоў Мікалай Ціткоў і развёў мяч і брамніка па розных кутах:

А на 40-й хвіліне Кавалёў сваімі дзеяннямі прымусіў «Спартак» застацца ў меншасці. За фол апошняй надзеі на беларускім вінгеры прамую чырвоную картку атрымаў абаронца масквічоў Алег Рабчук. Адзначым, што такое рашэнне судздзі прынялі толькі пасля прагляду ВАР:

Эмоцыі ў паядынку зашкальвалі, што вылілася ў слоўную сварку галоўнага трэнера «Спартака» Гільерме Абаскаля і беларускага абаронцы Міхаіла Сівакова пасля свістка на перапынак. Здаецца, беларус не забыўся італьянскі з часоў выступу за «Кальяры» і «Пьяченцу», таму што менавіта на гэтай мове ішла эмацыйная гутарка спецыяліста і гульца. Складана сказаць, што яны адзін аднаму нагаварылі, аднак на відэа выразна чуваць італьянскае слова cazzo (не раім правяраць пераклад):

Пасля матча галоўны трэнер «Спартака» пракаментаваў дыялог з беларускім абаронцам.

«Абмяркоўвалі два эпізоды. Першы – сімуляцыя. Другі, калі супернік хацеў забіць гол рукой. Гэта відавочная жоўтая картка. У нас такая была ў матчы з «Уралам». Гэта відавочныя эпізоды», – сказаў Абаскаль.

Пра сваё бачанне эпізоду таксама расказаў Сівакоў.

«Мне не зусім спадабалася тое, як ён выказваўся пра нашу каманду, што мы сімулюем. Я не лічу, што сёння нехта сімуляваў, была добрая мужчынская гульня. Я размаўляю па-італьянску, разумеў, што ён кажа, і мне гэта не спадабалася. І я яму проста адказаў, што не трэба так казаць пра нашу каманду», – сказаў Сівакоў.

У дадатковы час другога тайма здарыўся яшчэ адзін яркі хайлайт, але на гэты раз без удзелу беларусаў. Нападаючы «Спартака» Аляксандр Собалеў вырашыў зарабіць пенальці і прыгожа ўпаў у штрафной «Арэнбурга». На што разлічваў форвард, сказаць цяжка:

У выніку «Арэнбург» здолеў давесці матч да мінімальнай перамогі. Міхаіл Сівакоў адыграў увесь паядынак, Юрый Кавалёў выйшаў на поле ў стартавым складзе і быў заменены на 59-й хвіліне. Трэці беларус, які прыняў удзел у матчы, паўабаронца Кірыл Каплёнка выйшаў на поле на 78-й хвіліне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты