Tribuna/Футбол/Блогі/Футбалiсты «Нёмана» былі не ў захапленні ад вандровак аўтобусам у еўракубках, а трэнер кажа, што так рашылі гульцы – як гэта?!

Футбалiсты «Нёмана» былі не ў захапленні ад вандровак аўтобусам у еўракубках, а трэнер кажа, што так рашылі гульцы – як гэта?!

Але магчыма, што тут усё лагічна.

20 снежня, 17:00
1
Футбалiсты «Нёмана» былі не ў захапленні ад вандровак аўтобусам у еўракубках, а трэнер кажа, што так рашылі гульцы – як гэта?!

У мінулым сезоне «Нёмана» здолеў навязаць барацьбу мінскаму «Дынама» за тытул і другі раз у гісторыі заваяваў срэбра чэмпіяната Беларусі. Ну і, канешне, здзівіў у еўракубках. Там падапечныя Ігара Кавалевіча прайшлі ажно двух супернікаў - ніводнаму з іншых беларускіх калектываў мінулым летам гэта не ўдалося, а будучыя чэмпіёны дык увогуле выбылі ў першай жа сваёй стадыі.

Адным з галоўных фактараў поспеху гродзенцаў называюць атмасферу ў калектыве. Па словах футбалістаў, тут шмат чаго залежыць ад Кавалевіча. З аднаго боку, трэнер - чалавек просталінейны і кажа ў твар, што думае, але пры гэтым не дае сваіх гульцоў у крыўду, хаця абараніць некаторых выканаўцаў ад чорных спісаў і гэты падпісант за Лукашэнку не здолеў.

Асаблівага шарму адносна паспяховаму выступленню «Нёмана» ў Лізе канферэнцый дадало тое, як каманда перасоўвалася па Еўропе. Не самалётам, як гэта звычайна практыкуецца ў футболе падчас еўракубкаў, а аўтобусам. На гульню супраць «Вадуца» ў Ліхтэнштэйн каманда дабіралася больш за двое сутак з двума начоўкамі. За гэты час атрымалася адолець больш за 1600 кіламетраў. Хто прыдумаў такую лагістыку? Гэта і па сёння вельмі цьмяная гісторыя, а сведчанні ейных удзельнікаў разыходзяцца. Давайце паспрабуем разабрацца.

Кавалевіч не аднойчы заяўляў, што рашэнне дабірацца на еўракубкавыя матчы аўтобусам прынялі футбалісты. Вось ягоныя словы перад сустрэчай у адказ з «Цэле», дзе трэнер распавёў быццам бы пра ініцыятыву футбалістаў. А вось Кавалевіч пацвярджае гэта ж у праекце «На банке» (адзнака 13:55).

У нядаўнім інтэрв'ю «Прессболу» спецыяліст заявіў, што трэнерскі штаб наогул не прымаў удзел у рашэннях адносна спосабу перасоўвання падчас еўракубкаў. Маўляў, ізноў жа ўсё вырашалі толькі футбалісты:

«Калектыў паказаў сваё сапраўднае аблічча яшчэ да паездкі. Бо менавіта футбалісты зрабілі выбар на карысць варыянта з аўтобусам. Нам прапанавалі розныя маршруты: хочаце – праз Турцыю, хочаце – праз Эміраты. І кіраўніцтва вобласці прапанавала абраць найбольш зручны для нас. І што вы думаеце? Хлопцы прыйшлі і сказалі, што сядзем усе разам у аўтобус і паедзем. Мы з трэнерскім штабам у гэтай справе нават не ўдзельнічалі. Нам сказалі: хочам ехаць разам – і мы пагадзіліся. Прыселі побач – і адправіліся ў шлях. Гэта было выключна рашэнне каманды. І, на мой погляд, вельмі паказальны момант у сезоне. Гэта і да пытанняў пра распранальню і камандны дух».

Аднак калі паслухаць брамніка «Нёмана» Канстанціна Рудзянка, аўтобусны тур не выклікаў вялікага энтузіязму ў гульцоў. Хутчэй наадварот:

«Не хаваю, без незадаволенасці не абышлося, калі даведаліся, што перамяшчацца па Еўропе будзем на аўтобусе. І ўсё ж мы амаль адразу з лёгкасцю прынялі ўмовы, якія былі прадастаўлены».

На першы погляд дзіўна, але, падобна, абодва бакі кажуць праўду. Так, не Кавалевіч настойваў на аўтобусе. І так, гэта самі футбалісты абралі такую вандроўку, хоць і былі незадаволеныя. Чаму? Бо іншыя варыянты былі яшчэ горшыя.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», паездка чартарам была клубу не па кішэні, хаця яе можна было арганізаваць з вылетам з Варшавы або Вільні, напрыклад. Разглядаліся толькі рэйсы рэгулярнага авіязлучэння, але ні з Польшчы, ні з Літвы наўпрост у Ліхтэнштэйн ніхто не лятае. Дабрацца да пункту прызначэння можна было толькі з дзвюма перасадкамі прыкладна за 25 гадзін. Не такая ўжо і палёгка, калі ўлічваць, што аўтобуснае падарожжа было разбаўленае начоўкамі ў гатэлях і нават трэнаваннямі.

Кавалевіч ужо заявіў, што каманда зноў можа адправіцца ў паездку на аўтобусе. Пасля добрага сезона «Нёман» атрымаў ад лукашэнкаўскага чыноўніка сертыфікат на набыццё новага транспартнага сродку. Здаецца, вельмі своечасова.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты