Усе навіны

Кіраўнік настольнага тэніса Пракаповіч: «ITTF думае пра тое, як правесці камісію, каб дапусціць Беларусь і РФ на міжнародныя спаборніцтвы»

1 ліпеня, 09:31

Старшыня беларускай федэрацыі настольнага тэніса Аляксей Пракаповіч выказаўся пра міжнародны бан беларускіх спартоўцаў.

«Я ўжо казаў неаднаразова ў СМІ аб тым, што было ўведзена, скажам так, рашэнне міжнароднай федэрацыі аб допуску нас да чэмпіянатаў Еўропы і свету, але пры гэтым мы разумеем, што спачатку нам трэба туды прайсці адбор. Для таго, каб усё атрымалася, нам патрэбны іншыя міжнародныя старты. На сённяшні дзень да гэтага часу міжнародная федэрацыя (ITTF) думае пра тое, як правесці камісію, каб дапусціць нас і Расійскую Федэрацыю на гэтыя спаборніцтвы. Пакуль гэтага рашэння няма, таму мы не можам удзельнічаць нідзе.

У нас пакуль у гэтым плане на тармазах. І неяк актывізавацца з нашага боку вельмі складана. Таму што многія кангрэсы вельмі рэкамендуюць праводзіць такія першынствы без нашай прысутнасці. Можа быць выдалена, але займаючы, скажам так, пасіўную пазіцыю. Мы ўсё роўна будзем чакаць. Гэта не значыць, што мы проста спынімся ў сваёй працы. Якраз дзеля гэтага мы будзем распрацоўваць сваю сістэму. Будзем рыхтаваць сваіх спартсменаў, каб рана ці позна там выступіць», – адзначыў Аляксей Пракаповіч.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.