Прыз за лепшы сцэнарый. Гісторыя перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Францыі вартая экранізацыі
Падзеі Гран Пры Францыі, што прайшоў учора, ёсць выдатнай нарыхтоўкай для кінастужкі. З гледзішча драматургіі развіваліся яны практычна ідэальна.
Фота: formula1.com
Падзеі Гран Пры Францыі, што прайшоў учора, ёсць выдатнай нарыхтоўкай для кінастужкі. З гледзішча драматургіі развіваліся яны практычна ідэальна.
Галоўны герой гісторыі – сам Макс Ферстапен. Таленавіты і з характарам, ён у самым пачатку – завязцы – апынаецца ў няпростай сітуацыі. Героі другога плану – каманда Red Bull: яе кіраўнік Крысціан Хорнэр, гоначны інжынер Макса Джанп’ера Ламб’язэ і яго напарнік Серхіа Перэс. Яны па ходу падзей прыходзяць на дапамогу галоўнаму герою і дзякуючы ім той перамагае.
Каманду Mercedes і Льюіса Хэмілтана называць антыгероямі і адмоўнымі персанажамі нельга. Дрэнных хлапцоў у гэтай гісторыі няма, як няма і ідэальных людзей. Сяміразовы чэмпіён са сваімі напарнікам Валтары Ботасам і босам Тота Вольфам часам даюць нагоды для крытыкі ў свой адрас, але ў розныя часы гэта ж рабіў і кожны з рэдбулаўцаў.
Таму калектыў Срэбраных Стрэлаў – гэта проста вартыя павагі супернікі, разумныя і моцныя. Яны пісьменна распараджаюцца сваімі перавагамі, не дапускаюць памылак і ідуць на слушную рызыку і разважлівы крок. Так, перамогі ім гэта ў выніку не прыносіць, але, па-першае, гэта ўсё роўна выдатная і смелая спроба, а па-другое, яна затое падарыла нам напружаную барацьбу і прыгожую, хоць і кароткую, бітву паміж Максам і Льюісам.
Надта доўга толькі прыйшлося яе чакаць – да перадапошняга круга. Ну дык тым прыгажэйшай яна выйшла! Тым больш што гарантаванай яна зусім не была (а мы ж так хацелі непрадказальнасці ў Формуле-1), не кажучы ўжо пра яе вынік. Доўгі час на працягу гонкі на трасе Поль Рыкар здавалася, што Хэмілтан атрымае перамогу і верне сабе лідарства ў чэмпіянаце. Бо пасля таго, як на старце ён скарыстаўся памылкай Ферстапена ў першым павароце, яго адрыў ад Макса толькі рос.
У сваім фірмовым стыле Льюіс жаліўся на шыны, якія хутка зношваліся (у Францыю кампанія Pirelli прывезла сярэднюю тройку кампаўндаў С2, С3 і С4), але пры гэтым трымаў высокі тэмп. Яго з Ботасам баліды W12 E Performance (дарэчы, пасля папярэдняга і няўдалага для іх абодвух Гран Пры Азербайджана яны абмяняліся адзін з адным шасі) у гоначным рэжыме былі не горшымі за Red Bull RB16B. І хоць на адным з такіх Ферстапен і заваяваў напярэдадні поўл, у нядзелю яўнай перавагі на тэхнікай канкурэнтаў ён ужо не забяспечваў.
Сітуацыя для Макса была складанай як на шынах Medium, на якіх ён, як і большасць астатніх пілотаў, пачынаў гонку, так і на Hard, на які ён перайшоў на піт-стопе на дзевятнаццатым кругу. Атрымалася толькі апярэдзіць Ботаса, які гэтым фактам быў моцна абураны (сам ён паспеў «пераабуцца» кругам раней). Зрэшты, і Хэмілтан пасля свайго піт-стопу на дзевятнаццатым кругу саступіў пазіцыю Ферстапену. Але, па-першае, ён выехаў з боксаў акурат за Максам, а па-другое, яму трэба было проста пачакаць.
Так, абагнаць нідэрландца было цяжка. Аднак гума на яго балідзе хутка здавала, і раней ці пазней Макс проста не стрымаў бы Льюіса ззаду. Той у сваю чаргу гэта добра разумеў, і таму крыху запаволіўся, каб зберагчы свае шыны. А затым і перамогу ў гонцы атрымаць, і чэмпіянат зноў узначаліць.
І тут у Red Bull вырашылі пайсці на рызыку. На трыццаць трэцім кругу Макс адправіўся на другі піт-стоп, на якім яму выдалі камплект «медыюму». Ужо ўжыванага, але ўсё роўна навейшага, чым жорсткія шыны на балідах Хэмілтана і Ботаса. І Перэса, дарэчы, таксама, але мексіканец і так чакана не стаў перашкаджаць напарніку, прапусціўшы яго, калі той наблізіўся. Што, канечне, не будзе забыта Крысціанам Хорнэрам і Хельмутам Марка, як і паспяховы абгон Ботаса за пяць кругоў да фінішу, які вывеў Чэка на трэцюю пазіцыю.
Ферстапен, зразумела, да таго моманту з фінам ужо разабраўся. Да двух Мерсэдэсаў ён набліжаўся імкліва, адыгрываючы ў іх па паўтары-дзве секунды за круг. І калі адразу пасля другога піт-стопу Макс саступаў Хэмілтану, які лідзіраваў, каля сямнаццаці секунд, то пасля дапамогі з боку Перэса іх заставалася ўжо адзінаццаць. Да Ботаса было і таго меней, а ён на сорак чацвёртым кругу яшчэ і памыліўся, прапусціўшы Ферстапена наперад фактычна без барацьбы.
Да Хэмілтана Максу пасля гэтага заставалася ўсяго пяць секунд, але і кругоў заставалася толькі восем. Не было ніякіх гарантый, што Ферстапен нават наблізіцца да дзейснага чэмпіёна на адлегласць атакі – многа што магло пайсці не так. Аднак ён здолеў гэта зрабіць, і на перадапошнім пяцьдзясят другім кругу атакаваў Хэмілтана на прамой Mistral з дапамогай DRS.
Карацей, усё па канонах драматургіі і мастацкай літаратуры! Завязка – няўдача Ферстапена на старце гонкі. Кульмінацыя – яго рызыкоўны другі піт-стоп. Развязка – абгон Хэмілтана пад самы фініш, які прынёс Максу перамогу. У мастацкіх творах таксама мусяць быць экспазіцыя, эпілог і лірычныя адступленні. Былі яны і на Гран Пры Францыі.
Да лірычных адступленняў можна аднесці катастрофу Ferrari. Такія быццам бы хуткія ў кваліфікацыі Карлас Сайнс (пяты) і Шарль Леклер (сёмы) у гонцы ўпершыню ў сезоне ачкоў не набралі, фінішаваўшы адзінаццатым і шаснаццатым адпаведна. Прычынай правалу ў камандзе назвалі павышаны знос шын.
Амаль усе прадстаўнікі астатніх каманд сярэдняй групы пры гэтым скончылі французскі Гран Пры ў першай дзясятцы. За выключэннем Юкі Цуноды з AlphaTauri, які ў выніку аварыі ў кваліфікацыі стартаваў апошнім, а фінішаваў трынаццатым, і Эстэбана Акона, які на тры гады працягнуў свае адносіны з Alpine перад пачаткам хатняга этапу, але на ім заняў чатырнаццатае месца, стартаваўшы адзінаццатым.
Экспазіцыя сюжэту Гран Пры Францыі – гэта супрацьстаянне Ферстапена і Хэмілтана і Red Bull і Mercedes у чэмпіянаце. Яго ў выпадку з пілотамі абвастрыў азербайджанскі прыквел нашай гісторыі. Ні Макс, ні Льюіс ачкоў у Баку не набралі, і Ле Кастэле ў пэўным сэнсе было вырашальным: альбо Хэмілтан вяртае лідарства сабе, альбо Ферстапен яго захоўвае і павялічвае адрыў ад брытанца.
Рэалізаваўся другі варыянт: Ферстапен, у якога цяпер 131 ачко, цяпер на дванаццаць апярэджвае Хэмілтана, які ў Францыі заняў другое месца і на другой жа пазіцыі застаўся ў чэмпіянаце. Перэс дзякуючы свайму ўчарашняму трэцяму месцу замацаваўся на трэцяй жа пазіцыі ў заліку пілотаў – у яго 84 ачкі.
Дарэчы, учора ўпершыню ў сезоне на подыум падняліся абодва гоншчыкі Red Bull, што дазволіла ўжо камандзе замацаваць сваё лідарства ў Кубку канструктараў, дзе яна мае ўжо 215 ачкоў супраць 178 ў Mercedes, які застаўся на другой пазіцыі. А на трэцюю вярнуўся калектыў McLaren, у якога цяпер 110 ачкоў дзякуючы абодвум яго пілотам – на французскім Гран Пры Ланда Норыс заняў пятае месца, а Даніэль Рыкарда шостае.
Расстаноўку ў чэмпіянаце можна было б назваць эпілогам гісторыі, толькі сама гісторыя яшчэ далёкая ад завяршэння, а Гран Пры Францыі стаў толькі адным з яе эпізодаў. І першым у першым жа ў гэтым сезоне так званым трайніком, таму што наступны этап Формулы-1 – Гран Пры Штырыі – пройдзе ўжо ў бліжэйшы ўік-энд. Арэнай і для яго, і для Гран Пры Аўстрыі, што адбудзецца яшчэ тыднем пазней, стане траса Red Bull Ring у Шпільбергу.