Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чырвоны сцяг, ужо не важная перамога United Autosports і іншыя падзеі фінальнага этапу ELMS у Парцімане

Чырвоны сцяг, ужо не важная перамога United Autosports і іншыя падзеі фінальнага этапу ELMS у Парцімане

У мінулую нядзелю чатырохгадзіннай гонкай на трасе Альгарвэ ў партугальскім Парцімане завяршыўся сезон Еўрапейскай серыі Ле Ман. Перамога на ім дваццаць другога экіпажа каманды United Autosports турнірнага значэння ўжо не мела, але галоўнай падзеяй яна не стала па іншай прычыне.

28 октября 2021, 19:34
2
Чырвоны сцяг, ужо не важная перамога United Autosports і іншыя падзеі фінальнага этапу ELMS у Парцімане

У мінулую нядзелю чатырохгадзіннай гонкай на трасе Альгарвэ ў партугальскім Парцімане завяршыўся сезон Еўрапейскай серыі Ле Ман. Перамога на ім дваццаць другога экіпажа каманды United Autosports турнірнага значэння ўжо не мела, але галоўнай падзеяй яна не стала па іншай прычыне.

Тым не менш поспех Філа Хансана, Джонатана Абердэйна і Тома Гамбла варты ўвагі. Хлопцы правялі выдатную гонку: згубіўшы на старце дзве пазіцыі і адкаціўшыся ажно на восьмую, яны (а канкрэтна Хансан) хутка пачалі адыгрывацца, і ўжо ўсяго праз пятнаццаць хвілін пасля старту былі чацвёртымі. Далейшы прарыў дваццаць другога экіпажа запаволіўся, але па незалежных ад гоншчыкаў прычынах.

Не прайшла і першая палова гадзіны заезду, як на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі. А яшчэ хвілін праз дзесяць гонка ўвогуле была спыненая чырвоным сцягам. Першапрычынай стала левае задняе кола, што адляцела ў апошнім павароце ад трыццатага прататыпа Oreca 07 каманды Duqueine Team, на якім выступалі Трыстан Гамендзі, Рэнэ Біндэр і Мэма Рохас. Апошні з іх ў той момант і знаходзіўся за стырном, аднак найбольшая непрыемнасць здарылася не з ім.

Машыну, якую мексіканскі гоншчык ужо не кантраляваў, пачало круціць і панесла ў іншы бок трасы. Астатнія ўдзельнікі гонкі хто як спрабавалі ўвярцецца ад яе, што амаль атрымалася і ў грэчаскага пілота каманды 1 AIM Villorba Corsa з малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3 Андрэаса Ласкаратаса, які выступаў у васямнаццатым экіпажы разам з Алесандра Брэсанам і Даміана Фіараванці. З Арэкой Рохаса яго Ligier JS P320 не сутыкнуўся, затое амаль поўным ходам урэзаўся ў тарэц бар’еру бяспекі на ўездзе на піт-лэйн, крыху ткнуўшы пасля прататып Duqueine Team.

На шчасце, ніхто з удзельнікаў гэтага інцыдэнту не пацярпеў, хоць выглядаў ён па-сапраўднаму жудасна. Затое прыбавілася працы стратэгам каманд, бо планы піт-стопаў прыйшлося пераглядаць – час гонкі на перыяд чырвонага сцягу не спыняўся, у выніку чаго агульная дыстанцыя і змены пілотаў скараціліся на дваццаць пяць хвілін.

Затое калі пад канец першай гадзіны гонка была адноўленая, на машынах яшчэ заставаліся стартавыя камплекты шын, і яны нават не былі моцна зношаныя. Таму калі надышоў час першага піт-стопу, у United Autosports вырашылі свой дваццаць другі прататып не пераабуваць. І дзякуючы кароткаму прыпынку Абердэйн, які змяніў Хансана, хутка захапіў лідарства. Філ пры гэтым у сваю змену паспеў абагнаць аднаго з новых чэмпіёнаў Еўрапейскай серыі Ле Ман – Роберта Кубіцу з сорак першага экіпажа Orlen Team WRT у якім таксама выступаюць Луі Дэлетраз і Е Іфэй. Яны стартавалі пятымі і таксама прарываліся, выйшаўшы ў лідары пасля наступнай хвалі піт-стопаў.

Толькі ззаду ізноў накочвала дваццаць другая машына United Autosports. Праўда, Сафія Флёрш з дваццаць чацвёртага экіпажа Algarve Pro Racing, які стартаваў з другой пазіцыі і ў якім таксама ехалі Фердзінанд Габсбург і Рычард Брэдлі, выступіла ў ролі буфера і не аддала Гамблу другую пазіцыю за так. Але ўсё роўна аддала – на семдзесят пятым кругу пасля прыгожай барацьбы.

Ну а пасля наступнага піт-стопу дваццаць другі экіпаж ізноў узначаліў гонку і пачаў пакрысе нарошчваць перавагу. І калі за дваццаць хвілін да фінішу ўсе адправіліся на кароткія дазапраўкі, становішча ў пелатоне гэта ўжо не змяніла. Хансан, Абердэйн і Гамбл перамаглі, Кубіца, Дэлетраз і Іфэй фінішавалі другімі, Флёрш, Габсбург і Брэдлі занялі трэцяе месца.

Зламаная нейтралізацыяй гонкі стратэгія, відаць, стала прычынай няўдачы трыццаць сёмага экіпажа Cool Racing. Стартаваўшы з поўлу, Александрэ Куаньі, Нікаля Лап’ер і Шарль Мілесі фінішавалі толькі шостымі. Ды і Раман Русінаў, Франка Калапінта і Нік дэ Фрыс з дваццаць шостага экіпажа G-Drive Racing пасля трэцяй пазіцыі на старце яўна разлічвалі на лепшую за пятую на фінішы.

Зрэшты, партнёры пераможцаў з трыццаць другога экіпажа Йоб ван Уйтэрт, Нікаля Жамэн і Мануэль Мальданада ўвогуле былі пакараныя праездам па піт-лэйне за сутыкненне з трыццаць пятай машынай BHK Motorsport (экіпаж Франчэска Драконэ, Серджыа Кампаны і Маркуса Помера). Таму іх чацвёртая стартавая пазіцыя канвертавалася ў дзясятую фінішную.

Зрабіць у Парцімане дубль, атрымаўшы перамогу і ў малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3, у United Autosports не атрымалася. Уэйн Бойд, Роберт Уэлдан і Эдуард Кагоп з другога экіпажа стартавалі з поўла і доўгі час удала абараняліся ад супернікаў, але бліжэй да канца гонкі атрымалі штрафны праезд па піт-лэйне і фінішавалі трэцімі. Перамаглі ж… Спачатку Лорэнц Хёр і Мацьё дэ Барбуа з чацвёртага экіпажа DKR Engineering. Але яны ўжо пасля фінішу атрымалі 30-секундны штраф (замена штрафному праезду па піт-лэйне), што адкінула іх на чацвёртае месца, але не пазбавіла Хёра чэмпіёнскага тытулу ў LM P3.

Так што ў выніку перамога ў 4 гадзінах Парцімана ў гэтай катэгорыі дасталася трынаццатаму экіпажу каманды Inter Europol Competition – Марціну Хіпэ, Уга дэ Вільдэ і Адаму Этэкі. Бойд, Уэлдан і Кагоп пасля штрафу Хёра і дэ Барбуа перамясціліся на другое месца, а трэцяе дасталася Маціасу Кайзэру і Роры Пенцінену з дзявятага экіпажа каманды Graff.

У кузаўной катэгорыі LM GTE запалілі (у пераносным, на шчасце, сэнсе) Рына Мастранардзі, Матэа Крэсоні і Мігель Маліна з васьмідзясятага экіпажа Iron Lynx. Стартаваўшы толькі сёмымі, яны захапілі лідарства ўжо на другім кругу! Мастранардзі для гэтага прыйшлося апроч іншых абагнаць дзевяноста пяты Aston Martin Vantage AMR гоншчыкаў TF Sport Джона Хартсхорна, Роса Гана і Олівера Хэнкака, якія пачыналі гонку з поула, але ўжо ў самым пачатку страцілі некалькі пазіцый, а таксама Ferrari 488 GTE Evo восемдзесят восьмага экіпажа AF Corse – Франсуа Перадо, Эмануэля Калара і Алесіа Равэры.

Ну а пасля рэстарту гонкі Рына і яго калегі па экіпажы супрацьстаялі ўжо дзевяноста трэцяй Porsche 911 RSR Майкла Фасбэндэра, Фэліпэ Лазэра і Рыхарда Літца. Пілоты Proton Competition у Парцімане таксама былі хуткімі, пакінуўшы ззаду амаль усе італьянскія спорткары, акрамя васьмідзесятага, з якім яны, аднак, доўга бароліся. Мастранардзі, Крэсоні і Маліна атрымалі трэцюю ў сезоне перамогу і сталі чэмпіёнамі ў сваёй катэгорыі.

На ніжнюю ступень подыуму падняліся іх баявыя сёстры – каляжанкі па камандзе Рахель Фрэй, Сара Баві і Мішэль Гацінг з восемдзесят трэцяга экіпажа. Дзяўчаты таксама выдатна правялі гонку і не пазбавіліся трэцяй пазіцыі нават пасля таго, як Рахель пад канец атрымала штрафны праезд па піт-лэйне за кантакт з трынаццатым прататыпам будучых пераможцаў ў LM P3.

Па выніках сезону першыя тройкі ва ўсіх катэгорыях выглядаюць наступным чынам. Чэмпіёны LM P2 Кубіца, Дэлетраз і Іфэй маюць 118 ачкоў, Хансан, Абердэйн і Гамбл сталі віцэ-чэмпіёнамі з 86 баламі, а Жульен Каналь з Уільямам Сцівэнсам з шэсцьдзесят пятага экіпажа каманды Panis Racing, якія перамаглі ў Монцы, а ў Парцімане разам з Джэймсам Аленам фінішавалі чацвёртымі, зарабілі 74,5 ачка і замкнулі першую тройку.

У Лорэнца Хёра па ходу сезона мяняліся калегі па экіпажы, таму чэмпіёнам у LM P3 ён стаў аднаасобна, набраўшы 105 ачкоў. Нікаля Маліні, Мэцью Бэл і Ніклас Круэтэн з дзевятнаццатага экіпажа Cool Racing у фінальнай гонцы сезону фінішавалі восьмымі і саступілі немцу ўсяго адно ачко! Уэлдану, Бойду і Кагопу чэмпіёнства і так не свяціла – яны з 75,5 бала сталі трэцімі.

Мастранардзі, Крэсоні і Маліна ў LM GTE зарабілі 126 ачкоў, моцна апярэдзіўшы бліжэйшых канкурэнтаў – Данкана Кэмерана і Дэвіда Перэла з пяцьдзсят пятага экіпажа Spirit of Race, якія з 89 баламі занялі другое месца. У Парцімане яны разам з Мэцью Грыфінам фінішавалі чацвёртымі. Равэры, Калару і Перадо і так не пашанцавала – яны ў партугальскай гонцы прыйшлі да фінішу дзясятымі і апошнімі, у чэмпіянаце праз гэта замкнуўшы тройку мацнейшых. За сезон яны набралі 83 ачкі.

Сезон Еўрапейскай серыі Ле Ман 2021 года мінуў, а новы пачнецца 17 красавіка ў французскім Ле Кастэле. Супакоіцца ж можна тым, што да гэтага яшчэ пройдзе шмат цікавых гонак. У тым ліку чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць, які пачынае свой перадапошні этап ужо заўтра ў Бахрэйне. Надыходзячы суботні заезд будзе шасцігадзінным, а фінальны, які ўсяго праз тыдзень пройдзе на той жа трасе Сахір у той жа яго галоўнай канфігурацыі, будзе доўжыцца ўжо восем гадзін. «Гоначная псіхапатыя» прасочыць за абедзвюма і пра абедзве ж раскажа!

Другие посты блога

Все посты