Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пераезд Ралі Швецыя і перамога на ім Кале Раванпэры. Як прайшоў першы этап WRC без Аж’е

Пераезд Ралі Швецыя і перамога на ім Кале Раванпэры. Як прайшоў першы этап WRC без Аж’е

Другі этап чэмпіянату свету па ралі прайшоў у мінулы ўік-энд у Швецыі, і два Себасцьена – Аж’е і Лёб – на яго ўжо не прыехалі. За перамогу цяпер б’юцца тыя, хто раней быў крыху ў цені.

1 марта 2022, 17:14
Пераезд Ралі Швецыя і перамога на ім Кале Раванпэры. Як прайшоў першы этап WRC без Аж’е

Фота: wrc.com

Другі этап чэмпіянату свету па ралі прайшоў у мінулы ўік-энд у Швецыі, і два Себасцьена – Аж’е і Лёб – на яго ўжо не прыехалі. За перамогу цяпер б’юцца тыя, хто раней быў крыху ў цені.

Аўта- і мотагонкі – справа інтэрнацыянальная і выключна мірная. Блог «Гоначная псіхапатыя» таксама заўсёды быў мірным і стаяў за мір і сяброўства з усімі суседзямі Беларусі. І сёння, калі наша краіна стала плацдармам для нападу расійскага дыктатара і фашыста на братнюю Украіну, я адчуваю боль і сорам за гэта.

Я заклікаю беларускіх вайскоўцаў не пляміць сябе кроўю нашых суседзяў, братоў і сяброў і не браць на сябе яшчэ большы грэх, чым той, які яны зрабілі ў 2020-м, падтрымаўшы не народ Беларусі, а дыктатара, які прайграў выбары. Не едзьце ва Украіну са зброяй і не саўдзельнічайце ў злачынствах! Дыктатар здохне, а вы, калі застанецеся жывымі, жыць будзеце ў вечнай пагардзе.

Узброеныя сілы Украіны! Дзякуй вам за прыклад мужнасці, адвагі і любові да сваёй радзімы. Вы сапраўдныя супергероі, і дзеці ўсяго свету цяпер будуць хацець быць падобнымі на вас. Ваш прафесіяналізм і сіла ўсяго народа, які вам зараз дапамагае і таксама супрацьстаіць акупантам, стаў для іх вельмі непрыемным сюрпрызам. Біце любога, хто сунецца да вас са зброяй, незалежна ад яго грамадзянства! Слава Україні! Героям слава! Жыве Беларусь!

А прыклад міру – тыя ж гонкі, у тым ліку сусветнае ралі. У мінулы ўік-энд яно наведала Швецыю, дзе адсутнічала ў 2021 годзе і дзе гэтым разам адбыўся другі ў сезоне этап. Адбыўся на новым месцы – у наваколлях не Карлштаду, а Умэа, што на 800 кіламетраў паўночней. І снегу, у адрозненні ад некалькіх папярэдніх візітаў у Швецыю, было багата.

Адпаведна, усе спецучасткі былі новымі для ўсіх. І вельмі хуткімі! Нетыповыя для ралі доўгія прамыя моцна падвысілі сярэднія хуткасці, дый абсалютныя. Але дарожкі пры гэтым былі вузкія, і памыліцца на іх было лёгка, што і адбылося ў першы ж дзень двойчы на адным і тым жа другім спецучастку Kamsjön 1 з Крейгам Брынам. Пасля першага разу гоншчык M-Sport Ford здолеў працягнуць рух, а вось пасля другога зляцеў з трасы канчаткова.

Аднак у групе лідараў у пятніцу раніцай усё роўна было шчыльна. Пасля чатырох допаў першая шасцёрка ўлазіла меней чым у шэсць з паловай секунд. Лідзіраваў на той момант Элфін Эванс з Таёты, якога паспрабаваў быў атакаваць яго канкурэнт з Hyundai От Цянак. Але эстонец сышоў з дыстанцыі на шостым спецучастку праз праблемы з гібрыдным складнікам сілавой устаноўкі яго i20 N Rally1.

Тады ў атаку адправіўся партнёр чэмпіёна 2019 года па камандзе Цьеры Нэвіль, які і скончыў першы спаборніцкі дзень лідарам. Эванс саступаў яму 7,4 секунды і займаў трэцюю пазіцыю, а паміж бельгійцам і валійцам уклініўся малады фін Кале Раванпэра, які таксама выступае за Таёту. Ён да гэтага і сам паспеў пабыць першым пасля трэцяга допа, але потым прапусціў некалькіх канкурэнтаў наперад.

Кола фаварытаў вымалевалася, але наперадзе было яшчэ два дні, і здарыцца на снежных дарожках пад Умэа магло многае. І першае, што здарылася ў суботу – лідарства захапіў Раванпэра. Нэвіль спачатку паспрабаваў за ім угнацца, але тэмпу яму не ставала, і на нейкі час гоншчык Hyundai нават выпаў з першай тройкі.

Барацьбу за перамогу павялі паміж сабой Раванпэра і Эванс, і працягвалася яна да пятнаццатага спецучастку, апошняга з суботніх. Гэта быў суперспэшл з гледачамі і прамой трансляцыяй, і Элфін на яго апошніх метрах зладзіў сапраўднае шоў, калі на выхадзе з апошняга правага павароту памыліўся, пераехаў цераз снежны бруствер і лініі фінішу крануўся ўжо за межамі трасы, стукнуўшыся перадам аб асвятляльнае абсталяванне, за што пазней атрымаў 10-секундны штраф.

Канчаткова ж з барацьбы яго вывела памылка ў нядзелю раніцай, калі валіец моцна пашкодзіў перад свайго GR Yaris Rally1. Так што Раванпэры заставалася проста не дапускаць памылак і кантраляваць адрыў ад канкурэнтаў, з чым юнак выдатна справіўся, атрымаўшы трэцюю ў кар’еры перамогу. Нэвіль, саступіўшы яму 22 секунды, заняў другое месца, а трэцім у першай жа сваёй гонцы пасля вяртання ў завадскую Таёту атрымаў суайчыннік Раванпэры Эсапека Лапі.

Кале цяпер узначальвае і асабісты залік чэмпіянату, маючы 46 ачкоў. Нэвіль з 32 на другім месцы, а Лёб, які перамог на ралі Монтэ-Карла і мае 27 ачкоў, фармальна трэці. Фактычна ж першую тройку замыкае Гас Грынсміт з M-Sport Ford, які ў Швецыі заняў пятае месца. У яго 20 балаў. Toyota захапіла лідарства ў камандным заліку, дзе мае 83 ачкі. M-Sport Ford, у якога 59 ачкоў цяпер другі, Hyundai з 47 баламі па-ранейшаму трэція.

У катэгорыі WRC2 чарговую перамогу атрымаў яе дзейсны чэмпіён, а таксама дзейсны чэмпіён еўрапейскага першынства Андрэас Мікельсэн. Яго супернікам амаль увесь час быў яго суайчыннік Оле Крысціан Вэйбі, але ў пятніцу ён страціў прыкладна 20 секунд, заглушыўшы матор свайго Volkswagen Polo GTI, а ў нядзелю не пазбег развароту.

Мікельсэн на сваёй Škoda Fabia Rally2 пераадолеў баявыя кіламетры без прыгод, апярэдзіўшы Вэйбі, які заняў другое месца. Да нарвежцаў на подыуме далучыўся фін Яры Хутунен на Ford Fiesta Mk II. Пры гэтым усе трое патрапілі ў першую дзясятку абсалютнага заліку, размясціўшыся на пазіцыях з сёмай па дзявятую.

Катэгорыя WRC3 на Ралі Швецыя аб’ядналі з залікам юніорскага чэмпіянату. Відаць, таму, што і там, і там усе ўсё роўна выступалі на аднолькавых пярэднепрывадных Fiesta Rally3. Хіба што ачкі кожны набіраў у сваім асобным заліку. У выніку тут мацнейшым стаў брытанец Джон Армстранг, які доўга біўся з фінам Лаўры Йоонай, якога апярэдзіў усяго на 2,7 секунды. Лаўры задаволіўся тым, што фармальна перамог якраз у юніорскім заліку, моцна, без малога на дзве з паловай хвіліны абагнаўшы свайго непасроднага суперніка – ірландца Вільяма Крэйтана, які фінішаваў трэцім.

Да свайго наступнага этапу чэмпіянат свету бярэ паўзу ў паўтары месяцы – Ралі Харватыя пройдзе 21-24 красавіка.

Другие посты блога

Все посты