Усе навіны

Рыжанкоў пра бан: «Нашы мэтры працягваюць гуляць ужо на расійскіх сур'ёзных пляцоўках, адтуль сышлі легіянеры, пакінуўшы ім магчымасць сябе выявіць»

28 красавіка 2023, 22:39

Старшыня беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў падзяліўся меркаваннем пра перамогу «Гарызонта» ў чэмпіянаце Беларусі сярод жанчын, а таксама пра міжнародны бан беларускіх каманд.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Фінал атрымаўся, мне б, як старшыні федэрацыі, хацелася б, каб серыя працягнулася. Але я вельмі задаволены гульнямі гэтых двух каманд, асабліва перадапошняй і апошняй: каманды ішлі, як гаворыцца, ноздра ў ноздру!

Гэта сведчыць пра тое, што гродзенскае майстэрства пачынае даганяць «Гарызонт» – ім ужо складаней іх перамагаць. І мы маем такі паўнавартасны чэмпіянат, з пункту гледжання топ-каманд: «Мінск», «Гарызонт», «Алімпія» і іншыя клубы да іх падцягваюцца.

– Перажываеце за ўзровень баскетбола за гэты год, год адхілення нас ад міжнароднай арэны?

– З улікам таго, як гуляюць нашы баскетбалісты ў расійскіх клубах: я вельмі задаволены, а яны сёння выступаюць у самых топавых камандах: што хлопцы, што дзяўчынкі (Максім Салаш выйграў Кубак Расіі). А нашы дзяўчаты прызнаны там аднымі з лепшых у сваіх лігах: у вышэйшай і Суперлігах.

Улічваючы, як развіваецца наш чэмпіянат, з'явілася вельмі шмат моладзі – вось я вельмі задаволены, што мы, нават ва ўмовах санкцыйнай палітыкі, абсалютна надуманай палітычнай, што мы захавалі чэмпіянат.

У нас з'яўляецца таленавітая моладзь. Нашы мэтры працягваюць гуляць ужо на расійскіх сур'ёзных пляцоўках, адтуль сышлі легіянеры, пакінуўшы ім магчымасць сябе праявіць – а расійскі чэмпіянат адзін з самых моцных у свеце, ну і мы тут у сваім чэмпіянаце вельмі прыстойна развіваемся, – сказаў Рыжанкоў.