Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Дзе цяпер амерыканцы, якія гулялі за зборную Беларусі па баскетболе: адна – чэмпіёнка ў Расіі, другая трэнуе ў НБА, усе мужчыны ўжо скончылі

Дзе цяпер амерыканцы, якія гулялі за зборную Беларусі па баскетболе: адна – чэмпіёнка ў Расіі, другая трэнуе ў НБА, усе мужчыны ўжо скончылі

Помніце іх?

Аўтар — bytribuna com
4 траўня 2023, 10:01
Дзе цяпер амерыканцы, якія гулялі за зборную Беларусі па баскетболе: адна – чэмпіёнка ў Расіі, другая трэнуе ў НБА, усе мужчыны ўжо скончылі

Не так даўно ў жаночым чэмпіянаце Расіі па баскетболе вызначыўся ўладальнік тытула: УГМК з Екацерынбурга прайшоў без адзінай паразы і «рэгулярку», і плэй-оф (сезонная серыя перамог ва ўсіх унутраных турнірах склала 44 матчы) і ўзяў свой 16-ты тытул у гісторыі , прычым 14 з іх УГМК аформіў за апошнія 15 гадоў, саступіўшы ў фінале толькі раз - у мінулым сезоне курскаму «Дынама». Залатыя медалі з клубам заваявалі адразу дзве баскетбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі: Марыя Папова і Алекс Бэнтлі. 32-гадовая амерыканка з беларускім пашпартам увогуле па многіх паказчыках увайшла ў топы першынства: 4-е месца па сярэдняй колькасці ачкоў за матч (13,8), 12-ы радок па сярэдняй колькасці перадач (3,4), 10-е месца па перахопах (1,7 у сярэднім за гульню), 8-е па каэфіцыенце карыснасці (13,9) і 1-е па паказчыку "плюс/мінус" (17,1).

А вось як ідуць справы ў іншых амерыканцаў, якія гулялі за зборную Беларусі.

Ліндсэй Хардынг

Першы нумар драфта WNBA-2007 за зборную Беларусі пачала выступаць у 2015-м, да таго двойчы праляцеўшы міма топ-турніраў у складзе зборнай ЗША: у 2010-м была ў пашыраным спісе амерыканак на ЧС у Чэхіі, але так і не патрапіла ў канчатковы ростар; тое самае адбылося праз два гады перад Алімпіядай у Лондане - Хардынг і яшчэ восем баскетбалістак апынуліся па-за складам па выніках падрыхтоўчага кэмпа.

На момант запрашэння ў беларускую «нацыяналку» разыгрываючая выступала за курскае «Дынама». Яе агентам быў расіянін Барыс Лельчыцкі, які быў знаёмы з тагачасным трэнерам зборнай Анатолем Буяльскім - гэта паспрыяла супрацы. Беларуская каманда ў той момант мела вострую патрэбу ў першым нумары праз сыход Наталлі Марчанкі.

Ліндсэй да таго ж была згуляная з Аленай Леўчанкай, з якой яны разам выступалі за «Атланта Дрым», а кампанейскі характар дапамог максімальна хутка ўліцца ў калектыў. Ужо на Еўрабаскеце-2015 Хардынг была адным з лідараў каманды, хаця прыйшла ў яе толькі перад самым турнірам - і гэта паўплывала на вынік: беларускі сталі чацвёртымі і ўзялі пуцёўку на кваліфікацыйны турнір да АГ-2016 у Рыа. Там зборнай удалося ўвайсці ў топ-5 і адабрацца на галоўны старт чатырохгоддзя. Праўда, на саміх Гульнях фурору не адбылося: толькі адна перамога (над зборнай Бразіліі) у пяці матчах і дзявятае месца. Пасля Алімпіяды Хардынг скончыла кар'еру ў зборнай, а адыграўшы яшчэ сезон у турэцкім «Бешыкташы», адышла ад спраў як гулец, але з баскетболам не скончыла.

33-гадовая Ліндсэй пайшла ў трэнерства, прычым адразу стала працаваць з мужчынскімі камандамі НБА. Першым месца стаў "Таронта" - там Хардынг займала пасаду памочніка галоўнага трэнера падчас гульняў Летняй лігі. Далей быў год у Basketball Operations Associate Program (сістэма дапамогі экс-гульцам у пошуках працы ў амерыканскім баскетболе), дзе выдатна сябе зарэкамендавала і атрымала шэраг запрашэнняў на сталую працу ад клубаў НБА. Хардынг выбрала "Філадэльфію" і стала скаўтам клуба - да яе толькі адна жанчына атрымлівала падобны пост у галоўнай баскетбольнай лізе свету. Але ў гэтай ролі Хардынг не прапрацаваў і сезона: экс-баскетбалістка настолькі добра сябе зарэкамендавала, што ўжо да плей-оф яе прызначылі трэнерам па развіцці гульцоў «Сіксэрс» - Ліндсэй стала восьмай жанчынай у трэнерскім штабе клуба НБА ў гісторыі.

З сезона-2019/20 Хардынг займае аналагічную пасаду ў «Сакрамэнта» - у цяперашнім розыгрышы «Кінгз» упершыню з 2003 года стаў пераможцам Ціхаакіянскага дывізіёна і перапыніў антырэкордную серыю з 16 сезонаў запар без плэй-оф НБА. Праўда, далёка прайсці «Сакрамэнта» не здолеў: па выніках сяміматчавага супрацьстаяння ў другі раўнд ступіў дзейны чэмпіён «Голдэн Стэйт». Акрамя таго, з красавіка 2021-га Ліндсэй узначальвае зборную Паўднёвага Судана.

Каментавала баскетбалістка і тое, што адбывалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Яна падтрымлівала былую партнёрку па зборнай Леўчанку, калі тую арыштавалі сілавікі Лукашэнкі, а самога дыктатара называла «дрэнным хлопцам, які прайграе».

***

У мужчынскай зборнай засвяціліся трое амерыканцаў, прычым усе яны, у адрозненне ад Хардынг і Бэнтлі, гулялі не толькі ў беларускай нацыянальнай камандзе, але і ў беларускім клубе - «Мінск-2006», ён жа «Цмокi-Мінск», ён жа «Мінск ».

Дантэ Стыгерс

Першапраходцам быў разыгрываючы Дантэ Стыгерс, які прыехаў перад сезонам-2008/09. Ён стаў не толькі першым натуралізаваным легіянерам у зборнай, але і першым амерыканцам у чэмпіянаце Беларусі. Дантэ не хаваў, што мала чаго ведае пра Беларусь. У першы ж сезон са Стыгерсам тады яшчэ "Мінск-2006" выйграў першыя ў сваёй гісторыі залатыя медалі, а сам абаронца з лета 2009-га пачаў разглядацца як варыянт для ўзмацнення "нацыяналкі".

Выклікацца ў зборную Дантэ пачаў яшчэ пры Аляксандры Папкове, а працягнуў і пры Міхаілу Феймане, і пры Андрэю Крываносе. А вось пасля прызначэння Руслана Байдакова ў 2013-м патрэба ў амерыканцы адпала.

Што да клубнай кар'еры Стыгерса, то пасля сезона-2009/10 і другога чэмпіёнскага тытула ў Беларусі ён адправіўся ў працяглае турнэ па Еўропе: Кіпр, Грэцыя, Польшча і Германія, а скончыў з баскетболам як гулец ужо ў Мексіцы. Потым займаўся развіццём уласнай дзіцячай школы, а таксама ладзіў невялікія канцэрты.

Дэвон Сэдлер

Пагуляўшы ў Італіі, Грэцыі і Венгрыі, у верасні 2017-га Сэдлер апынуўся ў "Цмоках". Спачатку абаронца не вельмі ўражваў, але пасля месяца адаптацыі справы пайшлі куды лепш, а ўжо праз паўгода амерыканец у тэрміновым парадку атрымаў беларускі пашпарт, каб дапамагчы зборнай зладзіць сенсацыю і абгуляць у кваліфікацыі да ЧС-2019 дзейнага на той момант чэмпіёна Еўропы Славенію ( 93:92). Дэвон у тым паядынку выбіў 25 ачкоў, 8 асістаў і 5 падбораў - найлепшы паказчык у зборнай. Праўда, "нацыяналка" ў тым адборы заняла апошняе месца ў групе і на топ-турнір не адабралася. А чатыры матчы ў складзе зборнай у той год - гэта ўсё, што найграў Дэвон на міжнародным узроўні.

У траўні 2019-га, незадоўга да таго стаўшы MVP фіналу ЧБ, ён перабраўся ў «Аўтадор» Саратаў (Расія), але там, нягледзячы на беларускі пашпарт, быў прызнаны легіянерам, з-за чаго ні разу не выйшаў на пляцоўку, а ўжо у жніўні апынуўся ў «Макабі» з Рышон-ле-Цыёна. Але і ў Ізраілі надоўга не затрымаўся: згуляўшы тры матчы, пакінуў клуб, а ўжо ў лістападзе ў 28-летнім веку абвясціў пра завяршэнне кар'еры. Дэвон вярнуўся на Радзіму і цяпер трэнуе там у адной з прыватных дзіцячых школ.

Малік Уэйнс

На момант дэбюту ў нацыянальнай зборнай Беларусі ў 2016-м разыгрываючы меў за плячыма прыстойны досвед, у тым ліку і невялікі перыяд у НБА: у складах «Філадэльфіі» і «Лос-Анджэлес Кліперз» правёў 29 матчаў.

Далей былі Італія (менавіта тады ўзнік варыянт са зборнай Беларусі), Расія, Ізраіль, Іспанія і Францыя - "Цмокi" здарыліся ўжо ў 2019-м, калі кар'ера Уэйнса ў "нацыяналцы" па сутнасці заканчвалася. Пасля паўгода ў Мінску Малік перайшоў у «Махрам» з чэмпіянату Ірана, які і стаў для яго апошнім клубам у гульнявой кар'еры.

Далей Уйэнс працаваў над развіццём студэнтаў-спартсменаў мужчынскай баскетбольнай каманды ўніверсітэта Віланавы, чыім выпускніком з'яўляецца і сам. А ўжо ў лістападзе мінулага года быў зацверджаны на пасадзе галоўнага трэнера баскетбольнай каманды сярэдняй школы Камдэна.

Іншыя пасты блога

Усе пасты