Tribuna/Футбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Дарагія арэны, цягнік замест самалёта і падзенне заробкаў у разы. Колькі каштуе ўтрыманне «Мінска» – галоўнага слабака Лігі ВТБ

Дарагія арэны, цягнік замест самалёта і падзенне заробкаў у разы. Колькі каштуе ўтрыманне «Мінска» – галоўнага слабака Лігі ВТБ

Калісьці гульцы атрымлівалі 18 тысяч долараў, але сёння не так.

Аўтар — bytribuna com
20 лістапада, 17:49
3
Дарагія арэны, цягнік замест самалёта і падзенне заробкаў у разы. Колькі каштуе ўтрыманне «Мінска» – галоўнага слабака Лігі ВТБ

Баскетбольны «Мінск», у нядаўнім мінулым «Цмокi», – каманда ўнікальная. У Беларусі ёй няма роўных з сезона-2008/09 (15 разоў запар станавілася чэмпіёнам і ўзяла 14 Кубкаў), затое на міжнароднай арэне мінчукі выдаюць правальныя сезоны адзін за адным. У расійскай Адзінай лізе ВТБ каманда гуляе з чэмпіянату-2010/11 і яшчэ ні разу не трапляла ў плэй-оф. Найвышэйшае месца ў рэгулярцы – дзявятае, тады як у накаўт-раўнд пападалі восем калектываў. А ў апошнія сезоны «Мінск» спецыялізуецца на антырэкордах: у мінулым беларусы прайгралі 29 матчаў з 32 і занялі апошняе, 12-е, месца ў лізе. Сёлета правялі ўжо 11 матчаў – і ўсё прайгралі. Пры гэтым Расціслаў Вяргун працягвае трэнаваць каманду з 2019 года, а клуб працягвае траціць грошы на легіянераў, удзел у Лізе ВТБ і гэтак далей.

«Трыбуна» расказвае, наколькі гэта дорага.

Самы нізкі бюджэт у Лізе, фармуецца з трох крыніц

21 верасня, перад стартам чарговага сезона турніру, па традыцыі быў абнародаваны памер бюджэтаў удзельнікаў. Самыя вялікія грашы мае «Зеніт» з Санкт-Пецярбурга – прыкладна 21,2 млн еўра на момант апублікавання. У ЦСКА з Масквы лічбы больш сціплыя, але не нашмат – 20,7 млн еўра. Сярод аўтсайдараў – краснаярскі «Енісей» (2,7 млн еўра) і саратаўскі «Аўтадор» (каля 1,9 млн еўра). Гэта самыя бедныя расейскія каманды лігі.

Замежныя клубы (на сёння гэта толькі «Мінск» і «Астана») не абавязаныя раскрываць сваю бухгалтэрыю, зрэшты, вядома, што не першы год самы маленькі бюджэт сярод усіх удзельнікаў турніру мае менавіта прадстаўнік Беларусі. У верасні 2021-га старшыня БК Юрый Шакола расказваў пра два мільёны еўра на сезон. Прычым гэта былі грошы не толькі на асноўную мужчынскую каманду, але і на ўтрыманне СДзЮШАР, жаночага калектыву і рэзервістаў.

У верасні гэтага года генеральны дырэктар Лігі ВТБ Ілона Корсцін раскрытыкавала «Мінск» за правальны мінулы сезон і адзначыла, што ў клубе прыслухаліся да крытыкі і прыкметна павялічылі бюджэт, быццам правёўшы нядрэнную трансферную кампанію.

Як сцвярджаюць нашы суразмоўцы са свету баскетбола, гэтыя словы не адпавядаюць рэчаіснасці, таму што «Мінск» перажывае вельмі няпростыя (калі не самыя складаныя ў сваёй гісторыі) часы ў фінансавым плане, і перад сезонам дакладна не было перадумоў для «істотнага павелічэння бюджэту». Па звестках некаторых крыніц, цяпер «Мінск» траціць на мужчынскую каманду менш за паўтара мільёна еўра за сезон, а агульны бюджэт «сапраўды ніжэйшы, чым нават у «Аўтадора».

Бюджэт клуба фармуецца з трох крыніц. Першая – паступленні з дзяржбюджэту (тое, што вылучаюць лукашэнкаўскія ўлады па Мінску). Гэта больш за палову ўсіх сродкаў клуба, але іх нельга выкарыстоўваць, напрыклад, на заробкі гульцоў. Бюджэтнымі грашыма пакрываюцца выдаткі на ўтрыманне ДзЮСШ, на пералёты мужчынскай каманды, пражыванне гульцоў, арэнду залаў, экіпаванне, камунальныя плацяжы спарткомплексу БК »Мінск«.

Другая крыніца даходу – спонсарская дапамога. Згодна з сайтам клуба, у партнёрах у «Мінска» 35 кампаній. Прычым прадстаўленыя яны зусім рознымі сферамі: і гандаль, і радыё, і букмекеры, і банкі. Хапае партнёраў і сярод дзяржпрадпрыемстваў. Вось якраз са спонсарскіх паступленняў фармуецца зарплатная ведамасць гульцоў.

Трэцяя крыніца – даходы ад продажу квіткоў, сезонных абанементаў, атрыбутыкі, сувеніраў. Ільготны білет на матч «Мінску» каштуе 5-9 рублёў (1,4-2,5 еўра) у залежнасці ад катэгорыі, кошт дарослага варʼіруецца ад 9 да 15 рублёў (2,5-4,2 еўра). На матчы ў выходныя і калі прыязджаюць топавыя супернікі («Зеніт», ЦСКА, «Лакаматыў-Кубань» і «УНІКС») квіткі дадаюць у кошце два рублі. Каб заняць месца ў VIP-ложы, трэба выкласці 27 рублёў (7,5 еўра) незалежна ад дня і суперніка.

У мінулым сезоне каманда збірала ў сярэднім крыху больш за 500 гледачоў на хатніх матчах пры ўмяшчальнасці таго ж Falcon Club у амаль дзве тысячы гледачоў. Толькі на матч супраць «Лакаматыва-Кубані», які прайшоў на «Мінск-Арэне» 20 лістапада, паводле афіцыйных звестак, раптам захацелі прыйсці 9727 чалавек – адразу ўтрая з паловай разы больш, чым на пяці папярэдніх «дамашках» разам узятых. Гэта стала рэкордам наведвальнасці ў Адзінай лізе ВТБ сезона-2022/23, аднак па прысутных на трыбунах было зразумела, што без адміністрацыйнага рэсурсу тут не абышлося. Колькі пры гэтым рэальна было прададзена білетаў, а колькі раздалі проста так, невядома.

Сезонныя абанементы на хатнія матчы «Мінска» крыху не дацягваюць да 200 рублёў (у раёне 50 еўра). Але колькі клубных карт удаецца рэалізаваць, «Мінск» не дае такую справаздачу.

Што тычыцца продажу атрыбутыкі, то такі артыкул даходаў зусім сціплы, улічваючы кошт тавараў: ад паўтара рублёў за сцяжок або магніт да 120 рублёў за худзі і 150 за вялікага плюшавага цмока.

Таксама ўсе клубы атрымліваюць грошы ад Лігі ВТБ за ўдзел у турніры. Публічна яны ніколі не агучваліся, аднак паводле нашай інфармацыі, узнагарода для «Мінска» складае некалькі дзясяткаў тысяч долараў за сезон.

Арэнда хатняй залы – гэта вельмі дорага

У 2021 годзе Шакола казаў, што больш за ўсё грошай з дзяржаўнага бюджэту ў «Мінска» сыходзіць на арэнду залы для хатніх матчаў. Адзначым, што за пляцоўку ва ўласным спарткомплексе клуб нічога не плаціць, але і праводзіць там толькі матчы чэмпіянату Беларусі. Траціцца на арэнду даводзіцца, калі калектыў прымае супернікаў на «Мінск-Арэне» або на пляцоўцы Falcon Club. Выбар пляцоўкі часта абумоўлены ўзроўнем суперніка – топы, напрыклад, прыязджаюць на «Мінск-Арэну». Пры гэтым арэнда гэтых залаў па кошце прыкладна роўная – каля 15 тысяч долараў у суткі. У кошт уваходзяць карыстанне памяшканнямі арэны, VIP-ложай, прэс-ложай, фае, гардэробам, распранальнямі, табло.

Але трэба разумець, што аднымі суткамі арэнда залі не абмяжоўваецца. Супернік «Мінска» прылятае ў сталіцу Беларусі за дзень да матчу і мусіць правесці трэнаванне на пляцоўцы, дзе будзе гуляць. Адпаведна, «Мінск» аплачвае двое сутак арэнды, а гэта каля 30 тысяч долараў агулам. У мінулым сезоне «Мінск» правёў удома 16 матчаў. То-бок выдаткі на арэнду склалі каля паўмільёна долараў – сапраўды нямала.

Пералёты і пражыванне. Тут без пантоў

Асобным пунктам выдаткаў стаяць, вядома, і пералёты каманды, а таксама пражыванне падчас выездаў. У мінулым сезоне Лігі ў «Мінска» было 16 гасцявых сустрэч.

Клубная дэлегацыя лётае на матчы рэгулярнымі рэйсамі, што істотна зніжае выдаткі, калі параўноўваць з чартарамі. Для прыкладу, сёння кампанія «Белавіа» прапануе білеты па маршруце Мінск – Масква – Мінск ад 89 еўра за чалавека. Да Астаны і назад можна дабрацца за 500 еўра за чалавека. Аднак трэба разумець, што дэлегацыя ў БК немаленькая – амаль 20 асоб. Гэта і 12 гульцоў выязнога складу, і два трэнеры, і трэнер па фізпадрыхтоўцы, і доктар, і масажыст, менеджар каманды. Адпаведна, нават калі ўзяць недарагі пералёт да Масквы і назад, то адзін з самых блізкіх і недарагіх выездаў можа абысціся клубу паўтары тысячы еўра.

Пры гэтым, паводле нашай інфармацыі, у мінулым сезоне на некаторыя матчы каманда ездзіла аўтобусам, а да Краснадара, дзе гуляе «Лакаматыў-Кубань», дабіралася цягніком (гэта каля паўтары тысячы кіламетраў).

Што да пражывання за мяжой, то ў адрозненне ад, напрыклад, футбольных каманд Беларусі, «Мінск» не селіцца выключна ў пяцізоркавых гатэлях. Галоўны крытэр пры выбары гатэля – блізкасць да арэны, дзе будзе праходзіць матч. Баскетбалісты жывуць і ў гатэлях на чатыры зоркі, і ў трохзоркавых. Гульцы селяцца ў нумарах па двое, а вось прадстаўнікі трэнерска-адміністрацыйнага штабу – па адным.

Зарплаты гульцоў праселі за апошнія гады

Нарэшце, самы цікавы артыкул выдаткаў клуба. Тамака імкнуцца захоўваць у сакрэце гэтыя звесткі, у БК мала хто ў курсе, колькі атрымліваюць баскетбалісты і трэнеры. Толькі пару гадоў таму Шакола абмовіўся, што сярэдні заробак спартоўцаў знаходзіцца на адзнацы ў тры тысячы долараў. Пры гэтым, паводле нашых звестак, яшчэ некалькі гадоў таму ў «Мінск» заязджалі легіянеры, якія атрымлівалі па 18 тысяч долараў на месяц. Самыя нізкія заробкі для замежных гульцоў былі ў раёне 5-6 тысяч долараў. У беларусаў жа самая высокая лічба дасягала 10 тысяч долараў, самая нізкая знаходзілася на ўзроўні 1-2 тысячы.

На сёння ў ростары мужчынскай каманды значацца 14 спартсменаў і сем прадстаўнікоў трэнерска-адміністрацыйнага штаба. Па звестках нашых крыніц, заробак Вергуна складае каля 5 тысяч долараў. Што да гульцоў, то сёлета лідары-беларусы маюць каля дзвюх тысяч долараў за месяц. Легіянеры – а гэта канадзец Джарэд Агунгбемі-Джэксан, славенец Якаб Лоўрэнц Чабашак і расіянін Рыгор Матавілаў – наколькі нам удалося высветліць, атрымоўваюць крыху больш за беларускіх калег – на ўзроўні 4 тысяч долараў. Ёсць у «Мінску» спартсмены, якія гуляюць і за некалькі сотняў долараў, але гэта ў асноўным маладыя беларусы.

Падчас выязных матчаў баскетбалістам належаць і так званыя сутачныя. У лепшыя часы іх памер даходзіў да 250 долараў за суткі на чалавека, але цяпер яны ўпалі ў разы.

Ну і варта сказаць, што клуб забяспечвае пражыванне сваім гульцам – легіянерам і тым беларусам, у якіх няма свайго жылля ў сталіцы. У кантрактах прапісваецца сума, якую БК выдзяляе на арэнду кватэры для баскетбаліста (звычайна гэта каля 500 долараў). Калі гулец жадае здымаць кватэру даражэйшую, то розніцу даплочвае са сваёй кішэні. Характэрна, што вопытныя гульцы жывуць паасобку, а вось прадстаўнікі рэзервовай каманды «Мінска» могуць засяляцца і па двое ў адну кватэру.

Фота: minskbasket.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты