Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Лукашэнкаўскі чыноўнік раскрытыкаваў кіраўніцтва БК «Мінск» за працу, хаця раней яго ўсё задавальняла

Лукашэнкаўскі чыноўнік раскрытыкаваў кіраўніцтва БК «Мінск» за працу, хаця раней яго ўсё задавальняла

Да трэнерскага штаба, які прайграў усе матчы гэтага сезону, у яго няма пытанняў.

Аўтар — KentYara98
8 снежня, 21:11
Лукашэнкаўскі чыноўнік раскрытыкаваў кіраўніцтва БК «Мінск» за працу, хаця раней яго ўсё задавальняла

Кіраўнік Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў 4 снежня ў эфіры праграмы «Арэна» на прапагандыстскім тэлеканале «Беларусь 1» рэзка раскрытыкаваў кіраўніцтва баскетбольнага клуба «Мінска». Чыноўнік падкрэсліў, што незадаволены найперш кіраўніцтвам сталічнага клуба:

«Мы вельмі разлічвалі, што ў гэтым сезоне гэты клуб праявіць сябе больш сур'ёзна. І ў першую чаргу, шчыра кажучы, у мяне прэтэнзіі прадметныя і сумневы ёсць да кіраўніцтва клуба, а не да трэнерскага штаба. Да таго, як сёння выбудавана сістэма падтрымкі ў клубе, фінансаванні, інфраструктуры. Насамрэч там аснова нейкіх пытанняў. Таму што калі ты фармуеш каманду, то каманда ні ў чым не павінна мець патрэбу. Пытанні з зарплатай ці своечасовай выплатай зарплаты ўвогуле не павінны ўзнікаць.

Калі Вы бераце на сябе абавязанні цягнуць нейкія кірункі баскетбольныя, тыя вы павінны іх цягнуць. Нажаль, у цяперашняга кіраўніцтва гэта не атрымліваецца. Яны дрэнна працуюць з маркетынгавымі службамі, дрэнна працуюць са спонсарамі, партнёрамі эканамічнымі».

Гэты каментар выклікае некаторую збянтэжанасць. Па-першае, здзіўляе адсутнасць пытанняў да трэнерскага штаба, бо пад кіраўніцтвам Расціслава Вергуна каманда пікіруе далёка не першы сезон. Чаго варты перапісаны ў мінулым сезоне антырэкорд лігі па агульнай колькасці паражэнняў за сезон – 29.

Па-другое, здзіўляе і тое, што да моманту зʼяўлення цікавасці да баскетбола з боку Салігорска ў Рыжанкова не было пытанняў да кіраўніцтва «Мінска». Вось, напрыклад, чыноўнік усміхаецца на прэзентацыі экс-«Драконаў» у пачатку гэтага сезона.

Як пісала клубная прэс-служба, тады Рыжанкоў нават выступіў з прывітальным словам. Раней чыноўнік не быў частым госцем на такіх мерапрыемствах.

А вось яго каментар са снежня мінулага года, тады мінчане здолелі атрымаць толькі 1 перамогу ў 16 матчах:

«Трэба разумець, што ў Лізе ВТБ гуляюць 12 клубаў, з якіх 10 – гэта расійскія топ-клубы. Цалкам ашаламляльныя бюджэты, сурʼёзныя магчымасці па найму ігракоў, стварэнню ўмоў, у тым ліку прэміяльных. Канешне, цягацца з імі фінансава ў цяперашніх умовах немагчыма, ды і не трэба.

Гнацца за кантрактамі, спрабаваць іх усімі намаганнямі захаваць у Мінску – гэта не наш шлях. Вы паглядзіце на саму каманду. Яна значна амаладзілася. У ёй прысутнічаюць маладыя гульцы, прычым атрымліваюць шмат больш часу. Таму гэты і наступныя гады – гэта ў першую чаргу час для росту моладзі і падрыхтоўкі да вельмі сурʼёзных міжнародных турніраў, якія рана ці позна наступяць.

Самае непрыемнае – лiк. А тое, як мы выглядаем з пункту гледжання, арганізацыі, падрыхтоўкі, правядзення матчаў, сустрэч гасцей на нашай тэрыторыі, заслугоўвае самай высокай адзнакі. І мы ўвесь час яе чуем ад кіраўніцтва Лігі ВТБ, ад трэнерскіх штабоў іншых каманд, ад саміх гульцоў, якія прыязджаюць у Мінск. Арэна, судзейства, спецыялісты тут найвышэйшага класа».

Што змянілася за мінулы год – задача са зорачкай. Вядома, клуб не збірае поўныя арэны без адмінрэсурсу, але забаўляе тых нямногіх заўзятараў як можа.

Тут вам і бясплатныя дэгустацыі.

І нейкія актыўнасці са спонсарамі.

І шмат чаго іншага.

Ды і ў цэлым, неадназначная рэч – крытыка маркетынгавага складніку ад чалавек, пад чыім кіраўніцтвам на ЧС U-17 сярод дзяўчынак на подыум для ўзнагароджанняў паклалі дыван.

Варта таксама адзначыць, што паводле нашай інфармацыі, затрымак у клубе па зарплаце, пра якія кажа Рыжанкоў, апошнім часам няма, хаця гэта не такая і рэдкая зʼява ў белспорце.

Далей рэжымны чыноўнік тлумачыць, што федэрацыя была вымушаная забраць у «Мінска» баскетбол 3х3, які, у свой час сама навязала клубу:

«Вось заўзятарам зараз прама кажу: распярэджваўся я за гэты кірунак, таму што ў яго сёння значна больш магчымасцяў развіцця ў міжнародным кантэксце (таму што ёсць турніры ў Расеі і іншыя міжнародныя спаборніцтвы, дзе бяруць удзел і сербы, і італьянцы, бразільцы, і дзе мы нядрэнна сябе паказалі). І вось сёння гэтую каманду ўзяў на сябе Салігорск: я вельмі ўдзячны тут кіраўніцтву «Беларуськалія«», і ім удалося выбудаваць на сёння пісьменную пазіцыю, як развіваць баскетбол 3 на 3: вось яны сумясцілі ўсё, што трэба. Каманда ні ў чым не мае патрэбы. Найлепшы трэнерскі штаб, дзе ўсе нашы спецыялісты, акрамя галоўнага трэнера.

Аказваецца, калі прыўнесці сістэмна добрым мэнэджментам нешта ў развіццё клуба і каманды, то вынік атрымаецца. Вось гэта і паказвае сёння Салігорск. Тыя ж хлопцы, той жа штаб – і калі ласка: яны сёння шматлікіх «выносяць у адну брамку» у Расіі, і вельмі спадзяюся, што яны сябе яшчэ праявяць. А там, як абяцаў Салігорск, можа яны сябе праявяць у баскетболе 5 на 5».

І зноў узнікаюць пытанні да чыноўніка. Па-першае, вядома, што трэнерскі штаб у Салігорску змяніўся цалкам у параўнанні з часам у «Мінску», але ці магчыма за ўмоўныя 2 тыдні зрабіць каманду, якая, як Рыжанкоў выказаўся, «выносіць усіх у адну брамку», ці гэта атрымалася дзякуючы сталічнай камандзе, яе спецыялістам і яе выхаванцам. Каратцоў, Мілашэўскі, Зарэцкі, Марынін (дарэчы, сын генсека федэрацыі, ці не гэта нагода прасоўваць каманду больш багатаму спонсару) – усе прайшлі школу «Мінска».

Наогул уся гэтая гісторыя з баскетболам 3х3 пакідае ўражанне таго, што федэрацыя знайшла сваё «залатое цяля». Каманда ўдзельнічае з расійскіх турнірах з невысокай канкурэнцыяй і атрымлівае нейкія перамогі, якія можна паказаць у справаздачах перад вышэйстаячымі. Гэта вам не Ліга ВТБ, у якую нават пасля пачатку вайны в Украіне і спартыўныя санкцыі, з-за якіх каманды не удзельнічаюць у міжнародных турнірах, працягваюць прыязджаць вельмі якасныя легіянеры.

А вось апошні каментар Рыжанкова прымушае задумацца аб будучыні самога «Мінска». Чыноўнік ужо казаў аб планах стварыць там каманду 5x5, якая замахнецца на тытул чэмпіёна Беларусі, які апошні паўтарадзесяцігоддзя заваёўвае сталічная каманда. Як такое магчыма зрабіць хутка? Проста заўсёды можна адабраць гульцоў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты