Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/У Гродна з Эквадора прыехаў кубінец, які гуляў за зборную Беларусі, а Магілёў падпісаў экс-«цмока», які даў рады анкалогіі

У Гродна з Эквадора прыехаў кубінец, які гуляў за зборную Беларусі, а Магілёў падпісаў экс-«цмока», які даў рады анкалогіі

Адразу два гучныя вяртанні ў белбаскеце.

Аўтар — Pam-pam
11 лютага, 12:46
У Гродна з Эквадора прыехаў кубінец, які гуляў за зборную Беларусі, а Магілёў падпісаў экс-«цмока», які даў рады анкалогіі

Беларускі баскетбол не часта дае падставы звярнуць на сябе ўвагу, калі размова не ідзе аб правалах «Мінска». Пакуль эск-«Цмокі» абнаўляюць антырэкорды Лігі ВТБ, на ўнутранай арэне ціхенька праводзяць свае чэмпіянаты. За паўгода, што мінулі з пачатку новага сезона, можна ўспомніць хіба што цудоўнае з'яўленне генеральнага сакратара федэрацыі Марынінай на дзяржТБ, ды нечаканую перамогу ў Кубку Беларусі магілёўскага «Барысфена».

І вось на днях адбылося адразу дзве цікавых нагоды. 7 лютага прэс-служба «Гродна-93» абвясціла пра падпісанне гульца нацыянальнай зборнай Беларусі Дарала Эрнандэса-Зіненка.

Беларуска-кубінскі форвард добра знаёмы нямногім аматарам беларускага баскетбола – у свой час адзін з найлепшых маладых гульцоў Кубы перабраўся ў Беларусь, на Радзіму маці, у студзені 2015-га, калі яму было ўжо 24, і пачаў выступаць за БДУ. У «студэнцкай» камандзе Эрнандэс-Зіненка паказваў прыстойныя лічбы – 17,6 ачкоў і 10,8 падбораў у сярэднім за гульню – і атрымаў прапанову ад «Гродна-93». Як успамінаў сам гулец, у той час у яго ўсё было дрэнна з рускай мовай і з англійскай, але дапамагалі партнёры – вучылі пісьменна складаць словы і сказы.

У Гродне статыстыка моцна прасела – па пунктах у тры разы, па падборах у два, так што цікавых прапаноў у Беларусі ён не атрымаў і паехаў гуляць у Эквадор, дзе правёў на пачатку сваёй прафесійнай кар'еры амаль чатыры сезоны.

У гэтай краіне таксама ўсё было не вельмі роўна. Сезоны 2016 і 2018 ён цалкам правёў з камандай «Ікан Макас», а вось у 2017-м удзельнічаў толькі ў перадсезонцы.

У студзені 2019-га Эрнандэс-Зіненка зноў прыехаў у Беларусь, але на гэты раз у «Барысфен». У Магілёве форвард скончыў сезон 2018/19 і пачаў наступны, але ў сярэдзіне кастрычніка нечакана змяніў наш чэмпіянат на мексіканскі. У мясцовай «Ленадарэс дэ Дуранга» баскетбаліст правёў 16 матчаў з сярэднімі паказнікам у 6.8 пунктаў і 4.8 падборы.

І ўсё ж Беларусь не адпускала Эрнандэса-Зіненка – увосень 2020-га кубінец зноў едзе ў Магілёў. Прыкладна ў гэты ж час вырашаецца пытанне з грамадзянствам – яго больш не лічаць у Беларусі легіянерам, што адчыняе дзверы ў зборную (на той момант адзіную квоту на натуралізаванага гульца ў камандзе займаў Дуду).

Амаль адначасова з вырашэннем пытання па зборнай адбыўся пераход да «Цмокаў» – абодва калектывы ўзначальваў трэнер Расціслаў Вяргун. Эрнандэс-Зіненка казаў, што гульня за зборную – адна з яго мэтаў у спорце. Ён чакаў запрашэньня на Кубе, але застаўся там незаптрабаваным. Выступаць за Беларусь ён пагадзіўся без асаблівых ваганняў.

З «Цмокамі» кубінец правёў паўтара сезона і паспеў пагуляць у Лізе чэмпіёнаў, Кубку ФІБА, Лізе ВТБ, а яшчэ стаць чэмпіёнам Беларусі і двухразовым уладальнікам Кубка краіны. Іронія ў тым, што трэнер, які паклікаў яго ў зборную, у выніку стаў прычынай чарговага адʼезду з Беларусі. На працягу сезона-2022/23 паміж гульцом і трэнерам увесь час узнікалі канфлікты, якія і падштурхнулі да рашэння сысці з клуба. Нечаканым плюсам стала тое, што ў «Цмоках» тады затрымлівалі заробак. Гэта дало падставу пакінуць каманду без выплаты няўстойкі.

У лютым 2023-га Эрнандэс-Зіненка падпісаў кантракт з аргенцінскім «Рэгатас Карыентэс». У мясцовай Ла Лізе форвард правёў 19 матчаў з сярэдняй статыстыкай у 4 пункты і 3.3 падборы, пасля чаго вярнуўся ў Эквадор выступаць за «ІМП Альварада», а цяпер ізноў збіраецца гуляць у Беларусі. Па чутках, у паслугах 34-гадовага нападніка быў зацікаўлены «Барысфен», аднак бакі не дамовіліся аб умовах.

Замест кубінца Магілёў падпісаў Цімафея Паралёва. Форвард пачынаў займацца баскетболам у БК «Мешчаракова», адкуль перабраўся ў другую каманду «Цмокаў». Пасля двух з паловай сезонаў у сталіцы баскетбаліст адправіўся ў «Табол» з казахстанскага чэмпіяната. Там правёў бляклы па мерках легіянера сезон – 16 матчаў з сярэдняй статыстыкай у 6.1 пункта, 2.2 падборы і 1.1 перадачы. Але, нягледзячы на гэта, прымудрыўся патрапіць у літоўскую НКЛ (2-я ліга краіны), дзе правёў за «Дэлікатэсас Ёнішкіс» 31 гульню з сярэднімі паказнікам 2.7 пункты і 2 падборы.

Улетку 2019-га Паралёў вяртаецца ў Мінск, дзе спачатку выступае за рэзерв «драконаў», а ў лістападзе 2021-га дэбютуюе за асноўную каманду ў Лізе ВТБ у матчы супраць «Зялёнай Гуры». Наступны сезон стаў больш паспяховым – тут і рэгулярнае трапленне ў «аснову», і выклік у зборную. Усё змяніў травень 2022-га, калі ў Паралёва выявілі адну з формаў раку. Гулец прыпыніў карʼеру і заняўся асабістай «бітвай». Паралёва падтрымлівала БФБ і калегі па паркеце.

У выніку спартсмен здолеў справіцца з хваробай, але не адразу вярнуўся ў прафесійны баскетбол – летась ён спрабаваў сілы ў камандзе «Рыч Флех», якая выступае ў расійскай медыялізе. Але цяпер, верагодна, гатовы выйсці на больш сур'ёзны ўзровень.

Паралёў не адзіны экс-«Цмок», які здолеў вярнуцца ў спорт пасля страшнай хваробы. За пару месяцаў да яго свой «прысуд» пачуў гулец моладзевых зборных Беларусі і «Мінску» Раман Гесць.

Захворванне гульца – апластычная анемія – патрабавала амаль бесперапыннага пералівання донарскай крыві. А паколькі ён, нажаль, быў не адзіны такі пацыент, то атрымаць чужую кроў было не так проста. Федэрацыя запусціла дабрачынную акцыю «Рома, мы з табой», а да здачы крыві падключыліся не толькі баскетбалісты, але і гандбалісты СКА.

Каманда таксама ўвесь час нагадвала пра Рамана.

Як і Паралёў, Гесць здолеў даць рады хваробе і вярнуцца ў баскетбол, хай і не гульцом, а трэнерам-пачаткоўцам. Сёння ён набіраецца вопыту ў трэнерскім штабе БК «Мінск».

Іншыя пасты блога

Усе пасты