Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Беларускі баскетбол рэагуе на смерць трэнера Феймана. Узначальваў зборную, а вы мусіце ведаць гульцоў, з якімі ён працаваў

Беларускі баскетбол рэагуе на смерць трэнера Феймана. Узначальваў зборную, а вы мусіце ведаць гульцоў, з якімі ён працаваў

Падзяка ад Мешчаракова, Трасцінецкага і іншых.

Аўтар — Pam-pam
13 лютага, 15:32
Беларускі баскетбол рэагуе на смерць трэнера Феймана. Узначальваў зборную, а вы мусіце ведаць гульцоў, з якімі ён працаваў

12 лютага стала вядома, што на 73-м годзе жыцця памёр баскетбольны трэнер Міхаіл Фейман.

Заслужаны трэнер, ён быў трохразовым чэмпіёнам і двухразовым уладальнікам Кубка краіны, чатыры разы (у 2004-м, 2005-м, 2007-м і 2008-м) прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі.

Фейман і сам калісьці гуляў, праўда, паспяховай яго кар'еру не назавеш – у чэмпіянаце СССР правёў два гады ў мінскім РТІ і пяць гадоў у гомельскім «Лакаматыве», у чэмпіянаце БССР выступаў за каманду Інстытута фізкультуры.

Адгуляўшы, Фейман пераключыўся на трэнаванне – нейкі час працаваў з дзецьмі ў СДзЮШАР № 10, якая пасля стала базай дзіцячай школы БК «Мінска».

З 1998-га ўзначальваў каманды са складанымі абрэвіятурамі – РШВСМ-РВАР, РШВСМ-БДПА і проста РШВСМ. У гэтых калектывах праз «рукі» спецыяліст прайшлі такія гульцы як Уладзімір Верамеенка, Аляксандр Кудраўцаў, Расціслаў Вяргун, Аляксей Сухавецкі. А яшчэ ў той час у камандзе Феймана гуляў Юры Яцук – сын бізнэсмэна і ў свой час уладальніка гандлёвай сеткі «Віталюр» Аляксандра Яцука. Менавіта дзякуючы яго фінансавым уліванням у свой час зʼявіўся баскетбольны клуб «Віталюр», з якім спецыяліст і выйграваў беларускі чэмпіянат і Кубак краіны.

У сезоне 2006/07 Фейман папрацаваў у «Гродне-93», з якім стаў срэбным прызёрам, саступіўшы «Віталюру», з якога быў звольнены.

У 2008 Фейман узначаліў моладзевую зборную U-18, а ў 2010-м нацыянальную. Пад яго кіраўніцтвам зборная Беларусі заняла 3-е месца ў падгрупе дывізіёна В у кваліфікацыі да Еўрабаскета-2011, выйграўшы 4 з 8 матчаў і прапусціўшы наперад Швецыю і Азербайджан. Пасля Міхаіл Фейман падаў у адстаўку.

У апошнія гады Фейман адышоў ад баскетбольных спраў, хаця яшчэ ў сезоне 2017/18 працаваў са студэнцкімі камандамі БДТУ.

У 2021-м Фейман прыняў удзел у праекце «Мінска» пра першага трэнера, дзе ўспамінаў пачатак спартыўнай кар'еры Аляксея Трасцінецкага, а яшчэ прадэманстраваў сваю форму.

Трасцінецкі адзін з першых, хто адрэагаваў на трагічную навіну пра смерць трэнера у сваіх сацсетках – гулец зрабіў рэпосты запісаў федэрацыі баскетбола.

Для гульца «Рубона» Максіма Шустава Фейман таксама быў першым трэнерам, таму ён прысвяціў некалькі сторыз спецыялісту.

Не прайшоў міма і Ягор Мешчаракоў – ён прысвяціў трэнеру пост.

«Сёння сумны дзень для мяне і шматлікіх баскетбалістаў Мікіты Мешчаракова, Макса Шустава, Аляксея Трасцінецкага, чые жыцці назаўжды змяніліся дзякуючы працавітасці і неардынарнаму падыходу трэнера Міхаіла Феймана. Здаецца, толькі ўчора мы адзначалі яго 70-годдзе ў Мінску, Беларусь... Трэнер можа навучыць нейкім гульнявым навыкам, філасофіі спорту, падыходу пераможцаў, але вялікія трэнеры вучаць быць сумленным чалавекам і прытрымлівацца сваіх прынцыпаў незалежна ад абставін.

Шаную кожны ўрок, трэнер М.Фейман 🏆🏀🙏🏼 Спачывай з мірам, мой сябар».

А Аляксей Факееў, які сёння развівае ўласную школу, нагадаў, які ўнёсак у беларускі баскетбол зрабіў спецыяліст.

Іншыя пасты блога

Усе пасты