Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Чэмпіён-беларус марыў пра Галівуд і здымаўся ў кліпе Робі Уільямса (той злавіў яго на спартыўнай хлусні), а сёння яго боль – «русафобія»

Чэмпіён-беларус марыў пра Галівуд і здымаўся ў кліпе Робі Уільямса (той злавіў яго на спартыўнай хлусні), а сёння яго боль – «русафобія»

Вы маглі бачыць гэтага персанажа ў кіно.

Аўтар — Pam-pam
15 лютага, 19:46
1
Чэмпіён-беларус марыў пра Галівуд і здымаўся ў кліпе Робі Уільямса (той злавіў яго на спартыўнай хлусні), а сёння яго боль – «русафобія»

Магілёвец Андрэй Свірыдаў – гулец таго складу маладзёжнай зборнай Беларусi, якая ў 1994 годзе нечакана выйграла чэмпіянат Еўропы.

Пасля турнiру Свiрыдаў стаў адным з чатырох гульцоў, якiя паехалi ў Амерыку. Але за баскетбольную каманду ўнiверсiтэта Джорджа Вашынгтана ў сталiцы ЗША за два сезона правёў усяго 11 гульняў, так i не набраўшы нiводнага ачка. Свiрыдаў атрымаў дыплом, але потым паехаў гуляць на Радзiму, у 1998-м паспеўшы стаць бронзавым прызёрам ЧБ з РТI-АЗАА. Далей 212-сантыметровы цэнтравы крыху пагуляў за «Тэмп-АШВСМ» (цяперашнi «Барысфен») з роднага Магiлёва, а таксама за ўкраiнскiя «БIПА-Мода» i «Кiеў». У 25 гадоў Свiрыдаў скончыў з прафесійным спортам з-за траўмы спіны.

Пасля былы баскетбаліст вырашыў каардынальна змяніць жыццё і стаць акцёрам, для чаго вярнуўся вучыцца ў ЗША. Але мары пра Галiвуд не споўнiлiся – на прэм’ерах i чырвоных дыванах Свiрыдаў з’яўляўся толькi як ахоўнiк. Але ў ЗША экс-спартсмен пазнаёмiўся з расійскім акцёрам Андрэем Краско, які паверыў у яго талент і прывёз у Расію. Там Свiрыдаў цяпер адносна вядомы – прычым iзноў як ахоўнiк: менавiта такая праца ў персанажа Гены з сiткомаў «Універ» і «СашаТаня» (апошнi выходзiць ужо больш за 10 гадоў).

У Амерыцы ж галоўнымi поспехамi Свiрыдава сталi маленькiя ролi ў музычных клiпах. У вiдэа Энрыке Іглесіяса на песню Addicted экс-баскетбалiст іграе зноў ахоўніка – гэтым разам турмы.

А яшчэ Свірыдаў у 2005-м зняўся ў кліпе на песню Tripping вядомага брытанскага спевака Робі Уільямса, якi ўваходзiць у топ-120 самых прадаваемых выканаўцаў свету за ўсю гiсторыю. Як успамінаў сам гулец, пра пробы ў кліп яму паведамiлi за 15 хвiлiн да пачатку, але Свірыдаў паспеў i быў зацвержданы. На здымках прыйшлося абуцца ў велізарныя чаравікі i апрануць жаночае адзенне: па сюжэце Уiльямсу мроiлiся фантасмагарычныя карцiны, адна з якiх – суседства ў лiфце з грамiлам-жанчынай, якую Робi спрабуе пабiць, але не дасягае нiякага эфекту.

У свежым інтэрв'ю расійскай «Газета.Ru» Свірыдаў згадаў пра размову з брытанцам, якога чамусьцi назваў амерыканцам. Па словах Свiрыдава, Уільямс спытаў пра паходжанне, а яшчэ нiбыта прадэманстраваў веданне вынiкаў МЧЕ-1994.

«Доўга было тлумачыць амерыканцу, што я з Беларусі, і я сказаў, што з Расіі, тым больш што для мяне гэта адна краіна. І яшчэ сказаў яму, што я гуляў у баскетбол, быў чэмпіёнам Еўропы ў 1994 годзе. А Робі адказаў: «Хлусіш, тады беларусы выйгралі!» – заявiў Свiрыдаў.

Экс-баскетбалiст не першы раз кажа, што Уiльямс нiбыта ведаў пра беларускi поспех: напрыклад, тое ж можна знайсцi ў iнтэрв’ю Свiрыдава з 2018-га. Але ж у астатнiх крынiцах вельмi цяжка знайсцi хоць нейкую згадку таго, што Уiльямс увогуле цiкавiўся баскетболам. Зато спявак дакладна гуляў у футбол, а зусiм нядаўна стаў прэзiдэнтам клуба англiйскага Д3 «Порт Вэйл» з роднага Стока.

Свірыдаў жа сваiм домам цяпер лiчыць Расію. Любоў да яе выказваў розным чынам – так, яго інстаграм мільгае фатаграфіямі ў спартыўным адзенні з назвай краіны.

Ёсць у арсенале і фота з байцом Джэфам Монсанам, які ў лютым 2023-га адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства на карысць расiйскага. На здымку Свірыдаў у футболцы з Пуцінам.

Так што зусім не дзіўна, што цяперашнія спартыўныя санкцыі Свірыдаў лічыць праявай прадузятасці і русафобіі.

«Ідзе вайна супраць усяго рускага, людзі баяцца. Але хто не з намі – той супраць нас. Мы мацнейшыя. Трэба арганізоўваць свае спаборніцтвы – не патрэбная нам гэтая Еўропа. Давайце не забываць, што мы жывем у самай вялікай краіне», – пафасна заявiў былы баскетбалiст.

Але занадта давяраць Свірыдаву не станем. Сярод iншага ў свежым iнтэрв’ю ён сказаў, што на тым самым МЧЕ-1994 Іспанія нiбыта не выйшла атрымліваць бронзавыя медалі з-за «гордасцi». Але ж захавалася відэа ўзнагароджання, дзе бачна: насамрэч іспанцы спакойна атрымалі медалі і паслухалі беларускi гімн пад узняцце тады дзяржаўнага БЧБ-сцяга (адзнака 1:47:04).

Іншыя пасты блога

Усе пасты