Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Гулец легендарнай беларускай маладзёжкі прывёз у анэксаваны расіянамі Марыупаль «гуманітарку»

Гулец легендарнай беларускай маладзёжкі прывёз у анэксаваны расіянамі Марыупаль «гуманітарку»

Які ж крынж!

Аўтар — Pam-pam
5 сакавіка, 22:11
Гулец легендарнай беларускай маладзёжкі прывёз у анэксаваны расіянамі Марыупаль «гуманітарку»

Былы беларускі баскетбаліст Андрэй Свірыдаў, які ў складзе маладзёжнай зборнай у 1994-м нечакана выйграў золата чэмпіянату Еўропы, зноў прыцягнуў увагу да сваёй персоны.

Мы ўжо расказвалі як габарытнаму хлопцу, які шмат гадоў здымаецца ў расійскім сіткоме «СашаТаня», мроіцца русафобія і прадузятасць у спартыўных санкцыях. А зараз высветлілася, што былы спартовец яшчэ ў студзені гэтага года наведаў акупаваны Марыупаль.

Да поўнамаштабнай вайны ў Марыупалі жылі каля 540 тысяч чалавек. Горад, размешчаны на ўзбярэжжа Азоўскага мора, быў важным культурным і прамысловым цэнтрам, а таксама адной з ключавых гандлёвых кропак дзякуючы марскому порце.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага 2022 года расійскім войскам спатрэбілася некалькі дзён, каб узяць Марыупаль у кальцо і яшчэ каля паўтара месяца, каб цалкам захапіць горад.

Фатаграфіі з гэтага горада, зробленыя ўкраінскімі журналістамі, сталі фіксацыяй расійскіх ваенных злачынстваў. 9 сакавіка пуцінскія войскі нанеслі ўдар па тэрыторыі бальніцы. Пацыенты і лекары выбеглі ў двор, на месца прыехалі выратавальнікі, якія пачалі выносіць параненых. Адной з іх была цяжарная Ірына Калініна. На фота журналіста Яўгена Малалеткі яна ляжыць на насілках і трымаецца рукой за жывот. Праз некалькі гадзін Ірына памерла. Яе дзіця таксама не выжыла.

Яшчэ адной трагедыяй Марыупаля, якая шакіравала ўвесь свет, стала бамбёжка мясцовага драмтэатра. Будынак быў сховішчам для мясцовых жыхароў, а на асфальце перад ім вялікімі літарамі быў нанесены надпіс «Дзеці», які можна было ўбачыць з паветра. 16 сакавіка расейскія войскі скінулі на тэатр дзве авіябомбы.

Але, здаецца, былога баскетбаліста нічога з вышэйпералічанага не бянтэжыць. У канцы студзеня Свірыдаў прывёз у Марыупаль так званы гуманітарны груз – прадукты харчавання, лекі, сродкі гігіены, маскіровачныя сеткі, акопныя свечкі, бензапілы, генератары і многае іншае.

Пра тое, што да лютага 2022-га жыхары ўкраінскага горада ні ў чым не мелі патрэбу, Свірыдаў, верагодна, нават не задумваўся.

«Упэўнены, ад першага візіту ў Марыупаль у Андрэя застануцца самыя прыемныя ўражанні, і ён яшчэ не раз вернецца ў гасцінны горад ля мора», – напісаў у сваім тэлеграме акупант Алег Маргун, прызначаны расійскім бокам мясцовым кіраўніком.

Іншыя пасты блога

Усе пасты