Выведка РФ выкарыстала ралі Silkway для прыкрыцця сваёй дзейнасці. Праект меў ваенныя мэты
Журналісты знайшлі адпаведныя дакументы.
Расія з 2009 года развівае ралі «Шаўковы шлях» (Silkway Rally). Журналісты Der Spiegel, Le Monde і The Insider выявілі сувязі кіраўнікоў спартыўнага спаборніцтва з ключавым расійскім органам выведкі – ГРУ (Галоўнае ўпраўленне МО РФ).
Дакументы «Шаўковага шляху»: ствараўся як пляцоўка для ўплыву на краіны і прасоўвання ВПК
Журналісты атрымалі доступ прынамсі да трох унутраных дакументаў, якія сведчаць аб пазаспартыўным характары дзейнасці «Шаўковага шляху».
Першы – са снежня 2021-га, называецца «камунікацыйная платформа Шаўковага шляху». Згодна з ім, ралі павінны былі, сярод іншага, спрыяць сумеснаму праекту «Газпрама» і Кітая па пастаўках расійскага газу Siberian Power 2 і, увага, забяспечваць палітычную стабільнасць у Манголіі.
Другі – прадстаўляе ралі як «платформу для народнай дыпламатыі» з мэтай збліжэння краін, па тэрыторыі якіх праходзіць маршрут. Яго планавалі на канец 2022-га проста-такі велізарным – са сталіцы Катара Дохі праз краіны Цэнтральнай Азіі і Турцыю ў сталіцу Сірыі, Дамаск.
Сярод планаў было таксама пабудаваць у кожнай краіне «Лагістычныя тэрміналы», у тым ліку з закрытай сеткай сувязі.
Там былі выкладзены і асноўныя мэты праекту:
* замацаванне пазіцый РФ у рэгіёне праз ролю пасярэдніка ў адносінах Катара, Ірану і Турцыі;
* уплыў на Саудаўскую Аравію;
* уплыў на Турцыю праз Сірыйскі складнік маршруту на ўсе важныя для РФ пытанні, уключаючы карабахскі канфлікт, Крым і ўласна Сірыю;
* прапанова Талібану дарожнай карты адносна міжнароднай легітымнасці ў абмен на прызнанне Крыму часткай РФ.
Трэці – даклад старшыні асацыяцыі Silkway Rally Булата Янбарысава міністру абароны РФ Сяргею Шайгу з грыфамі «надзвычай сакрэтна»і «не капіяваць». У ім, у прыватнасці, паказваюцца ваенныя мэты існавання праекту:
* магчымасці стварэння новых ваенна-палітычных саюзаў;
* павелічэнне ваеннай прысутнасці ў Цэнтральнай Азіі і на Усходзе з мэтай » недапушчэння дэстабілізацыі рэгіёну»;
* кантроль над узбраеннем у рэгіёне;
* магчымасць вываду прадукцыі расійскага ваенна-прамысловага комплексу на новыя рынкі, з якімі былі праведзены папярэднія перамовы. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб Катары, Кітаі, Турцыі і ААЭ.
Кіраўнік асацыяцыі Silkway Rally мае цесныя сувязі з ГРУ – меў зносіны з прадстаўнікамі вайсковай часткі, якая датычная да атручвання Скрыпалёў і выбухаў на складах у Чэхіі
Вышэйзгаданы Янбарысаў цесна звязаны з Міністэрствам абароны РФ чалавек. Сувязі выходзяць далёка за сакрэтны даклад для Шайгу. Яго, дарэчы, паводле метададзеных файла, стварылі на кампутары сына Янбарысава – Аміра.
Напрыклад, толькі за 2022 год Янбарысаў меў зносіны з намеснікам старшыні ГРУ Уладзімірам Аляксеевым больш за 60 разоў. Апошні таксама меў зносіны з вышэйзгаданым сынам Амірам Янбарысавым. Адзначаецца, што асабліва цеснымі кантакты былі незадоўга да і ў першыя два месяцы пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Ад Аляксеева Янбарысаў-старэйшы нават атрымаў ваенны ордэн Аляксандра Неўскага – за «заслугі ва ўмацаванні абараназдольнасці краіны».
Таксама Янбарысаў-старэйшы меў зносіны яшчэ з 11-ю супрацоўнікамі ГРУ. Трое з іх раней належалі да вайсковай часткі 29155, датычнай да атручвання Скрыпалёў і да выбухаў на вайсковых складах у Чэхіі і Балгарыі. Адным з такіх служачых быў Рустам Джафараў – і вось гэта супадзенне, у 2021-м ён лічыўся супрацоўнікам Silkway Rally Directorate. Што цікава, у 2010-2013 гадах у яго быў пашпарт з імем Рустама Джамалава, нумар якога толькі на адзінку адрозніваўся ад нумароў знакамітых «Пятрова» і «Башырава», якія атручвалі Скрыпалёў.
Сярод суразмоўцаў Янбарысава былі людзі, датычныя да ПВК «Вагнер». Гэта экс-камандзір расійскіх сіл спецыяльных аперацый Алег Марцьянаў, «спецыяліст у працы з прыватнымі вайсковымі кампаніямі», Валерый Чакалаў, блізкая да ўладальніка «Вагнера» Яўгена Прыгожына асоба, і яшчэ адзін неназваны блізкі да Прыгожына суразмоўца.
У расследаванні таксама адзначаецца, што кватэра Янбарысава ў Парыжы і маёнтак у Сазопалі (Балгарыя) маглі выкарыстоўвацца ў мэтах выведкі – сцвярджаецца, што прадстаўнікі в/ч 29155 рэгулярна з'яўляліся ў Парыжы, а таксама былі ў Сазопалі незадоўга да атручвання «навічком» Емяльяна Гебрава, уладальніка складоў, якія былі ўзарваныя.
* * *
У 2023 годзе ралі пройдзе выключна па тэрыторыі Расіі і працягнецца дзесяць дзён. Спаборніцтва ў першай палове ліпеня адбудзецца па маршруце Казань-Уфа-Магнітагорск-Арэнбург-Саратаў-Валгаград-Ліпецк-Масква.
Два апошнія гады на ралі ў тройку прызёраў уваходзіць беларускі экіпаж МАЗ-СПОРТаўта пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча. У 2021-м беларусы сталі другімі, у 2022-м – трэцімі. Таксама Вязовіч са сваім экіпажам браў бронзу ў 2013-м.
Фота, інфаграфіка: The Insider