Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/У Беларусі ўсё яшчэ існуе «спартыўная партыя» – стваралася федэрацыямі і чэмпіёнамі АГ, заўсёды была за Лукашэнку, але блізкая да закрыцця па новых рэжымных «правілах»

У Беларусі ўсё яшчэ існуе «спартыўная партыя» – стваралася федэрацыямі і чэмпіёнамі АГ, заўсёды была за Лукашэнку, але блізкая да закрыцця па новых рэжымных «правілах»

Вось вам і «спорт па-за палітыкай».

Аўтар — bytribuna com
25 красавіка 2023, 16:22
У Беларусі ўсё яшчэ існуе «спартыўная партыя» – стваралася федэрацыямі і чэмпіёнамі АГ, заўсёды была за Лукашэнку, але блізкая да закрыцця па новых рэжымных «правілах»

У бліжэйшыя месяцы ў Беларусі адбудзецца перарэгістрацыя палітычных партый. Паводле прагнозаў экспертаў і чыноўнікаў, з 15 існых застануцца толькі тры-чатыры. Верагодней за ўсё, знікне і Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя. Чаго яна была вартая і што страціць беларускі спорт, калі яна перастане існаваць?

Не так даўно рэжым Лукашэнкi ўзмацнiў жорсткасць патрабаванняў да грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Мінімальная колькасць членаў партыі павялічылася з 1 да 5 тысяч. А рэгіянальныя арганізацыйныя структуры цяпер павінны дзейнічаць не толькі ў Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, але і як мінімум у траціне раёнаў у кожнай з абласцей. Да 5 чэрвеня мiіністэрства юстыцыі Лукашэнкi патрабуе ад усiх партый падаць заяву на перэрэгiстрацыю, да якой прыкласцi спіс аддзяленняў i членаў з кантактамі, месцамi працы і адрасамi сталага жыхарства ў Беларусі.

Праз гэта, хутчэй за ўсё, нелегiтымны рэжым аб'явiць нелегiтымнымi для яго большасць партый – апрача праблемы людскіх кадраў (пасля падзеяў 2020 года з’ехала больш за 100 тысяч актыўных беларусаў, а канвеер рэпрэсій не спыняецца), гэта яшчэ пытанне юрыдычных адрасоў і выдаткаў на арэнду памяшканняў. Толькі дзве дзейныя партыі на момант аб'явы «мiнюста» мелi патрэбную колькасць аргструктур – прарэжымныя Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Не даводзiцца сумнявацца, што без праблем будзе зарэгістраваная свежаствораная партыя з прарэжымнага «грамадскага аб'яднання» «Белая Русь». Цалкам верагодна, што і ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, гаманлівага апалагета татальных рэпрэсій, атрымаецца выканаць новыя патрабаванні. «Міністр юстыцыі» Сяргей Хаменка (сiлавiк Лукашэнкi заадно ўзначальвае беларускi мiнi-футбол) чакае, што ў Беларусі пасля перарэгістрацыі застануцца тры-чатыры партыі.

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя наўрад ці дажыве да свайго 30-годдзя. З'явiлася яна яшчэ пры канцы 1994 года, праз некалькі месяцаў пасля прыходу Лукашэнкi да прэзідэнцтва. Заснавальнікамi партыi – нiякага «спорту па-за палiтыкай» – называлiся федэрацыі цяжкай атлетыкі, бокса, культурызму, тхэквандо і каратэ, а таксама непасрэдна спартсмены, сярод якiх былi i знаныя алімпійскія чэмпіёны, штангіст Леанід Тараненка і скакун у вышыню Генадзь Аўдзеенка (гэты ўраджэнец Адэсы перабраўся ў Беларусь, на Радзіму жонкі, у пачатку 1990-х гадоў). Новую партыю пазіцыянавалі як «канкрэтную і дзелавую» з намерамi папулярызацыі здаровага ладу жыцця і абароны інтарэсаў спартсменаў.

Нягледзячы на складаны ў эканамічным плане час, стваральнікі БССП прэзентавалі яе з размахам. Устаноўчы з’езд адбыўся ў доме-музеі І з’езду РСДРП у Мінску, а на прэзентацыі партыі дэлегатаў і гасцей забаўляў папулярны дуэт Ядзвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, якія жвава танцавалі са славутымі спартсменамі («каралём» на сцэне назвалi гiмнаста Iвана Iванкова). А яшчэ на сцэне паказвалi баявыя прыёмы – на ТБ гэта зразумелi як знак, што «партыя не з хiлых».

Зрэшты, пасля гучнай прэзентацыі палітычны поспех не настаў. Рэйтынг партыі вагаўся ў межах сацыялагічнай статыстычнай памылкі. Чым зараз займаецца партыя, так проста не дазнацца – за час яе iснавання ў яе так і не з’явілася сайту, для сувязi трэба шукаць на сайце «Мiнюста» партыйны тэлефон. Няма i паўнавартаснага офіса нават у Мінску – толькi пакой у адным з будынкаў на вуліцы Каліноўскага, які куды больш вядомы тым, што тут знаходзіцца са сваёй трэнажорнай залай Беларуская федэрацыя бодыбілдынгу і фітнесу. У тым i сакрэт – яе, федэрацыю, узначальвае нязменны старшыня партыі Уладзімір Александровіч. Пры гэтым яго федэрацыя дастаткова актыўная. У красавіку быў праведзены ўжо 36-ы профiльны чэмпіянат Беларусі – срэбным медалiстам на iм стаў удзельнiк расiйскай дзяржрэкламы для заахвочвання ваяваць ва Украiне.

Александровіч – адзін з першых майстроў спорту па культурызме ў Беларусі, у пачатку 1990-х узначальваў федэрацыю атлетызму. Да палiтычнай кар’еры заняўся бізнесам, у тым ліку звязаным са спортам. Сярод яго першых фірм было ТАА з гучнай назвай «Міжнародная прафесійная ліга спорту». Узгаданы сузаснавальнiк БССП Аўдзеенка распавядаў пра працу на свайго сябра Александровіча ў той кампанii: «Працаваў віцэ-прэзідэнтам па спорце. Тады ж усе называліся прэзідэнтамі. Мы i факсы прадавалі, і спартыўнае харчаванне для бодзiбілдараў. Шмат чаго. Тавар нам пастаўлялі з Амерыкі».

Як прадстаўнiк БССП Аўдзеенка пабыў у свой час членам «Цэнтрвыбаркама» з правам дарадчага голасу. Урэшце кінуў бізнес і пайшоў трэніраваць у ДзЮСШ, затым уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў звачайнай сярэдняй школе. Цяпер Аўдзеенка працуе ў цэнтры дзіцячай творчасці ў Бярозаўцы Лідскага раёна. «Я выкладчык дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі. Вяду чатыры гурткі: валейбол, баскетбол, футбол і лёгкую атлетыку, гэта больш як паўсотні дзяцей», – распавядаў экс-спартсмен. У 2020-м ён разам з калегамi па цэнтры падпiсаўся за рэжым.

Адзiным «дэпутатам парламенту» ў гiсторыi БССП застаецца Александровіч – перастаў iм быць у 2004-м. У 2007-м прадпрымальнiк уваходзiў у топ-30 самых уплывовых беларускiх бiзнесменаў – называўся доларавым мiльянерам, калі кіраваў даччынай фірмай расійскай групы кампаній «Ітэра» алiгарха Iгара Макарава, якi сябруе з Лукашэнкам i цесна звязаны з сусветным веласпортам. На апошніх жа «выбарах» у парламент Лукашэнкi ў 2019 годзе ад БССП кандыдатам была толькі дырэктарка мінскага каледжа кулінарыі Вера Дзянініс – прайграла намесніку гендырэктара МАЗ Аляксандру Гранкоўскаму.

Зараз у партыi ёсць «дэпутаты» ў рэжымным савеце па Мiнску – «абраныя» яшчэ ў 2018 годзе (павiнны былi сысцi у пачатку 2022-га, але рэжым так баяўся любых новых выбараў, што пакiнуў усiх на месцах да 2024-га). Тады ў «савет» трапiлi чатыры партыйцы, з якiх да спорту меў дачыненне толькі адзін – Сяргей Казлоў, дырэктар спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі». Праўда, ужо праз год Казлову прысудзілі два гады калоніі па крымінальным карупцыйным артыкуле: ён парушаў на службовым аўто ПДР, а штрафы сплачваць прымушаў падначаленых.

У інтэрв’ю «Трыбуне» ў 2015 годзе намесніца старшыні партыі Алена Клюйкова тлумачыла слабую актыўнасць тым, што ўлады ўжо і так шмат увагі надаюць развіццю спорту, а Лукашэнка адпавядае партыйнаму бачанню пабудовы дзяржавы. «На ўсіх прайшоўшых прэзідэінцкіх выбарах мы падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку. Бралі актыўны ўдзел у яго кампаніях, за яго гласавалі нашы члены. Калі ён перамагаў, мы былі задаволеныя. У пэўнай ступені мы ўлады дасягнулі», – лiчыла Клюйкова.

Такім чынам, у БССП даўно самі прызнаюць сваю дэкаратыўнасць. А палітолагі называюць партыю фэйкавай цi прынамсi партыяй-назральніцай, бо назіральнікаў ды членаў выбарчых камісій яна вылучала спраўна па некалькі соцень падчас кожнай выбарчай кампаніі, апошнім разам – на леташні «рэферэндум» для перапiсвання рэжымам «канстытуцыi». Тады на «датэрмiновае галасаванне» прыйшоў i сам Александровiч – i расказаў на дзяржТБ, што ў 1996-м, калi быў яшчэ адзiн лукашэнкаўскi рэферэндум, быццам бы «народ змяніў Канстытуцыю, і за гэты час, паглядзіце, колькі пабудавалася ўсяго, колькі спартыўных збудаванняў, колькі дарог адрамантавалася, колькі прадпрыемстваў рэканструявана», нiбыта без Лукашэнкi гэтага ўсяго не было б.

Можна выказаць меркаванне, што партыя для Александровіча – сацыяльнае хобі і спосаб забяспечыць праз прарэжымную пазіцыю спакойнае бізнес-існаванне. Толькi аднойчы БССП зрабiла штосьцi з таго, што не падабаецца рэжыму – Александровіч падпiсаўся пад рэзалюцыяй дзесяці беларускiх партый (як прарэжымных, так і апазіцыйных) з патрабаваннем спынiць гвалт, завесцi крымiнальныя справы за катаваннi мiрных пратэстоўцаў, а таксама прапановай цягам шасцi месяцаў правесцi новыя прэзiдэнцкiя выбары.

Рэпрэсіі БССП не напаткалі, падтрымкай «рэферэндуму» яна даказала лаяльнасць, але наўрад ці партыя патрэбная рэжыму Лукашэнкі ў той канфігурацыі, якую ён выбудоўвае – з дамінаваннем «Белай Русі» і некалькімі партыямі на ўмоўных левым і правым флангах (скажам, «камуністы» і «ліберал-дэмакраты»). Але, як стала вядома «Трыбуне», Александровіч спрабуе яшчэ пагуляць палітычнымі мускуламі. Рашэння пра самаліквідацыю ў партыі пакуль не прымалі і рэкрутуюць новых членаў. Павялічыць іх колькасць трэба ўдвая, аднак не забываемся на цуды адмінрэсурсу і «мёртвыя душы».

Іншыя пасты блога

Усе пасты