Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Юрэвічу «Энергетык» не дапаможа (фармальна ён там і не працаваў), адзін гулец сышоў у таксі, іншыя думаюць, дзе ўзяць грошы. Як жывуць тыя, каго АБФФ абклала штрафамі

Юрэвічу «Энергетык» не дапаможа (фармальна ён там і не працаваў), адзін гулец сышоў у таксі, іншыя думаюць, дзе ўзяць грошы. Як жывуць тыя, каго АБФФ абклала штрафамі

Многія думаюць, чым плаціць.

Аўтар — bytribuna com
30 траўня, 16:16
2
Юрэвічу «Энергетык» не дапаможа (фармальна ён там і не працаваў), адзін гулец сышоў у таксі, іншыя думаюць, дзе ўзяць грошы. Як жывуць тыя, каго АБФФ абклала штрафамі

Рашэнне па «справе «Шахцёра» агучылі 11 траўня. Амаль усе фігуранты атрымалі штрафы, за нясплату якіх ім пагражае дыскваліфікацыя, хаця ёсць і тыя, хто апынуўся ў горшай сітуацыі – ім трэба і заплаціць, і адбыць рэальнае адлучэнне ад футболу. Усяго АБФФ навыпісвала фінансавых санкцый на 323 тысяч долараў. Але дзе футбалістам браць грошы для разліку? Заробкі ў беларускім футболе і не растуць, і выплачваюцца не заўжды стабільна.

«Трыбуна» даведалася, як жывуць і што збіраюцца рабіць тыя, хто раптам стаў даўжніком.

«Белшына»

Ужо не першы раз патрапіла ў скандал з дамоўнымі матчамі. Цяпер пакаралі не толькі сам клуб, але і больш за 20 яго супрацоўнікаў: ад гульцоў да трэнераў і масажыстаў. Экс-форвард «Белшыны» Дзмітрый Гомза дык і ўвогуле стаў персонай нон грата за тое, што за 20 тысяч долараў і патэнцыйны кантракт з «гарнякамі» быццам бы здаваў гульню з «Шахцёрам». Акрамя таго, ён атрымаў штраф у 37 тысяч рублёў.

Па нашай інфармацыі, гулец апеляцыю не падаваў. Што да штрафу, то, паводле звестак «Трыбуны», ён дагэтуль не сплачаны. Ці збіраецца плаціць гулец, таксама пытанне. Прынамсі ўзяць такія грошы Гомзе пакуль няма адкуль. Пры гэтым адзначым, што, паводле рашэння АБФФ, у выпадку нявыплаты штрафу ў 30-дзённы тэрмін (да 9 чэрвеня) сума падвоіцца. Калі ж былы гулец так і не разлічыцца, то АБФФ мае права звярнуцца з пазовам у суд і ўжо там дамагацца выплаты (уласна, так робяць і футбалісты, калі выбіваюць грошы з клубаў).

Што да астатніх супрацоўнікаў «Белшыны»-2022, то іх пакаранні клуб паспрабаваў апратэставаць – у федэрацыю была накіраваная апеляцыя. Паводле нашых звестак, апеляцыйны камітэт павiнен даць адказ у чацверг.

Яшчэ да вынясення рашэння былы галоўны трэнер «шыннікаў» Альберт Рыбак свой штраф пагасіў. Трэнер сышоў з бабруйскага клуба і атрымаў прапанову ўзначаліць «Нафтан». Для гэтага трэба было разлічыцца з доўгам, каб не атрымаць адлучэнне ад прафесіі на паўгады. Рыбак выплаціў усе 7400 рублёў са сваёй кішэні – дапамаглі асабістыя ашчаджанні і пазычаныя грошы. «Нафтан» пры гэтым, па нашых звестках, у сітуацыю не ўмешваўся.

Трэнерам, гульцам і прадстаўнікам адміністрацыйнага штаба «Белшыны» далі зразумець, што яны мусяць плаціць з уласных сродкаў. Па-першае, клуб не мае грошаў, каб дапамагчы. Па-другое, ФК сам яшчэ павiнен разлiчыцца, бо атрымаў штраф на 74 тысячы рублёў. А штрафы чальцам каманды прызначаныя ў памеры ад 3700 да 7400 рублёў. Па нашых звестках, як мінімум адзін футбаліст праз гэта ўжо скончыў кар'еру - гаворка пра абаронцу Артура Слабашэвіча.

34-гадовы футбаліст увогуле трапіў у дзіўную сітуацыю. Мала таго, што патрапіў у чорны спіс «Мінспорту» і не мог гуляць да рашэння "спецыяльнай камісіі", дык яшчэ і аказаўся фігурантам скандалу з дамоўнымі матчамі. Яму далі бан у шэсць месяцаў, які пачынае дзейнічаць у выпадку нясплаты 7400 рублёў. Гулец палічыў, што прасцей у прынцыпе скончыць кар'еру – тады і плаціць нічога не трэба. Пры гэтым у Слабашэвіча быў варыянт з чэмпіянату Крыма, але абаронца адмовіўся ад такога працягу кар'еры. У выніку, паводле нашых звестак, Артур уладкаваўся таксістам у Мінску.

Што тычыцца астатніх «штрафнікоў», то, па словах нашых суразмоўцаў, якія ведаюць сітуацыю, пакуль усё ідзе да таго, што як мінімум палова гульцоў i спецыялiстаў са спісу вымушана будзе прыпыніць кар'еру – у людзей проста няма грошай. Але ж дыскваліфікацыя будзе доўжыцца да таго часу, пакуль АБФФ не атрымае штраф. А калі не ўкласціся з выплатай у 30 дзён, то сума падвоіцца. Некаторыя разважаюць над тым, ці браць пазыку для разліку, але не кожны на такое наважыцца.

«Энергетык-БДУ»

У сталічным клубе вялікія штрафы атрымалі толькі двое – тыя, хто, меркавана, і вёў перамовы з «Шахцёрам». Гаворка вядзецца пра стваральніка футбольнага праекту Анатоля Юрэвіча і тэхнічнага дырэктара Арама Абдаль-Маджыда.

Юрэвіч, які ўсяго пару месяцаў прабыў куратарам айчыннага футболу, атрымаў пяцігадовую дыскваліфікацыю, а да яе штраф у памеры 37 тысяч рублёў. Трэнер звярнуўся ў АБФФ з апеляцыяй, і атрымаў пэўную палёгку: дыскваліфікацыю пакінулі нязменнай, а вось грашовае спагнанне знізілі ўдвая. Па нашай інфармацыі, гэты доўг цалкам ляжа на плечы Юрэвіча. Клуб, нават каб хацеў, дапамагчы трэнеру не змог бы, бо той афіцыйна і не быў працаўладкаваны ў РЦОР-БДУ - арганізацыі, якую прадстаўляе "Энергетык". Так, Юрэвіч займаўся футбольным праектам, быў яго натхняльнікам, дамаўляўся з гульцамі і трэнерамі пра кантракты, шукаў для іх грошы, але фармальна ў клубе не працаваў. Цалкам дзіўная сітуацыя.

Другі фігурант «справы «Шахцёра» ад «Энергетыка-БДУ» – тэхнічны дырэктар ФК, правая рука Юрэвіча Арам Абдаль-Маджыд, які ў свой час сам гуляў за сталічны клуб і даўно знаёмы з кіраўніком «Энергетыкі-БДУ». Араму выпісалі бан на тры гады і штраф 14800 рублёў. Зразумела, што за сваю не самую яскравую кар'еру Абдаль-Маджыд такіх грошай не зарабіў. Нашыя суразмоўцы з футбольных колаў лічаць, што калі той і заплаціць штраф, то хіба што з дапамогай Юрэвіча. Хаця некаторыя кажуць, што трэнеру і за сябе заплаціць будзе складана.

«Дынама-Брэст»

У няпростую сітуацыю патрапіў форвард брэсцкага клуба Міхаіл Гардзяйчук. Яму «за ролю пасярэдніка» далі бан у 12 месяцаў, але пачне ён дзейнічаць толькі ў выпадку нявыплаты штрафу ў памеры 18500 рублёў. Па нашай інфармацыі, практычна адразу ж пасля вынясення рашэння форвард самастойна падаў апеляцыю – пакуль яна не разглядалася.

Што тычыцца штрафу, то ў клубе далі зразумець, што, нягледзячы на статус аднаго з лідараў калектыву, дапамагаць з пакараннем футбалісту не будуць, то бок калі што, плаціць давядзецца самастойна (хаця можна проста на год сысці з футбола. У кіраўніцтве клуба палічылі, што гулец дзейнічаў самастойна, адпаведна, і праблемы свае мусіць вырашаць сам.

Нашыя суразмоўцы, якія ведаюць гульца, упэўненыя, што за кар'еру той зарабіў дастаткова, каб закрыць пытанне (акрамя БАТЭ пагуляў у Казахстане і Латвіі). У той жа «Ліепаі» да вяртання ў Беларусь форвард атрымоўваў шэсць тысяч еўра на месяц. За «Ліепаю» беларус выступаў з лютага 2021-га па чэрвень 2022-га і быў там адным з самых высокааплатных гульцоў.

Пакуль жа 33-гадовы Гардзяйчук працягвае гуляе за «Дынама», кантракт з якім дзейнічае да канца 2024 года. Тыдзень таму стаў аўтарам першага хет-трыка ў бягучым чэмпіянаце.

«Шахцёр»

А вось у Салігорску сітуацыя кардынальна адрозніваецца ад таго, што мы назіраем у Мінску, Брэсце і Бабруйску.

Як вядома, «гарнякі» 22 траўня падалі апеляцыю на рашэнне КДК АБФФ. Сярод іншага клуб апратэстоўвае пакаранне свайму капітану Мікіце Корзуну.

Футбалісту далі гадавы бан, і пачне ён дзейнічаць у выпадку нявыплаты штрафу ў 11100 рублёў. Пакуль Корзун гуляе і чакае рашэння апеляцыйнага камітэта. Але, паводле нашай інфармацыі, «Шахцёр» ужо даў зразумець гульцу, што гатовы пагасіць за яго штраф, калі рашэнне ў АБФФ прымуць не на карысць клуба. І кіраўнікі, і трэнерскі штаб зацікаўленыя ў тым, каб паўабаронца працягваў сезон і дапамог камандзе выбрацца з дна табліцы. Як лічаць нашы суразмоўцы, Корзун стаў ахвярай дзеянняў клуба, таму цалкам справядліва і лагічна, калі адміністацыя закрые пытанне па капітану. Пры гэтым дададзiм, што і на «Шахцёр» накладзены вялікі штраф - 370 тысяч рублёў.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты