Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Чэмпіён з Брэстам павысіў заробак у Расіі, усю вайну кажучы, што «палітыка нецікавая» – пры гэтым лічыць, што ў Беларусі падрабілі выбары

Чэмпіён з Брэстам павысіў заробак у Расіі, усю вайну кажучы, што «палітыка нецікавая» – пры гэтым лічыць, што ў Беларусі падрабілі выбары

Парадокс Марцала Лічкі.

Аўтар — Tribuna.com
24 чэрвеня, 19:00
1
Чэмпіён з Брэстам павысіў заробак у Расіі, усю вайну кажучы, што «палітыка нецікавая» – пры гэтым лічыць, што ў Беларусі падрабілі выбары

У 2019-м чэшскі трэнер Марцал Лічка прывёў брэсцкае «Дынама» да гістарычнага золата ЧБ, але кантракт з ім не працягнулі. Коўч паўгода адпачыў – і ў канцы жніўня 2020-га ўзначаліў «Арэнбург». Там праца атрымалася вельмі паспяховай – у першы сезон узяў срэбра расійскага Д2 (але каманда не прайшла ліцэнзаванне ў Д1), у другім усё ж вывеў «Арэнбург» у эліту, а ў трэцім прывёў каманду ў РПЛ да сёмага месца, прычым яна адрознівалася сімпатычным гульнявым стылем.

Пасля такога Лічка казаў, што не супраць падняцца на наступны ўзровень. Але замест гэтага адправіўся ў каманду з дзевятага месца чэмпіянату Расіі – маскоўскае «Дынама». Інсайдары сцвярджаюць, што сталічны клуб заплаціў «Арэнбургу» кампенсацыю ў мільён еўра. Столькі ж належыць самому трэнеру за першы год працы па кантракце, які падпісаны да лета 2024-га з опцыяй падаўжэння яшчэ на два сезоны. Гэта яўнае павышэнне – у «Арэнбургу» сцвярджалі, што там заробак Лічкі «вельмі сціплы па мерках РПЛ».

Такім чынам, Лічка працягне працаваць у Расіі, якая з 24 лютага 2022 года працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але на ўсе пытанні пра гэта чэх увесь час адказвае адно і тое ж.

«Я вырашыў, што застануся ў Расіі, дзе жыву і працую не першы год. Я нічога не магу зрабіць з тым, што адбываецца ва Украіне. Не хачу пра гэта казаць, у мяне могуць быць праблемы ў клубе. Палітыка мне зусім нецікавая», – словы Лічкі ў пачатку лета 2022-га.

«Нехта можа асуджаць мяне за маё рашэнне, але яно такое – я застаўся. Я спартсмен, мая справа – футбол. Ніколі не цікавіўся палітыкай», – гэта чэх казаў у верасні 2022-га.

«Тое, што адбываецца ва Украіне, вельмі сумна. Але ў мяне кантракт у «Арэнбургу». Маё асяроддзе разумее, што я ў Расіі дзеля спорту. Палітыка мяне не цікавіць», – гэта Марцал сказаў у пачатку 2023-га.

«Не ведаю, ці быў які-небудзь ціск на мяне ў Чэхіі. Я такога не заўважыў. Людзі ведаюць, што мне нецікавая палітыка, а важны футбол, спорт», – так Лічка сфармуляваў у цяперашнім чэрвені.

Толькі вось жа парадокс – Лiчка цалкам умее заўважаць тую «палітыку» (хоць увесь час дзівішся – пры чым тут палітыка, калі пытанне пра вайну?), якая для яго засталася ззаду. Вось у сярэдзіне 2021-га «Трыбуна» спытала ў Лічкі, як ён успрыняў дзеянні беларускага рэжыму, які ў тым ліку ўпёк за краты экс-прэс-сакратара брэсцкага «Дынама» Вольгу Хіжынкову (з ёй Лічка працаваў) і журналіста «Трыбуны» Аляксандра Івуліна (ездзіў да Лічкі ў госці ў Прагу для запісу выпуску на YouTube-канал «ЧестнОК»). Мог трэнер адказаць, што не цікавіцца палітыкай? Канешне, але чамусьці сказаў зусім іншае.

«Я па навінах бачыў, што ў краіне ідуць пратэсты. Людзі хацелі перамен. А потым пачаліся затрыманні… За што затрымалі Хіжынкову? Яна проста выказвала свой пункт гледжання, сваю пазіцыю, як гэта прынята ў дэмакратыі. Івулін за кратамі? Гэта жудасна. Мне гэта незразумела», – выказаўся чэх.

На пачатку 2023-га журналісты на Радзіме таксама спыталі ў Лічкі, што ён думае пра сітуацыю ў Беларусі. І зноў трэнер чамусьці зусім не адмовiўся ад адказу.

– Калі я працаваў у Беларусі, там ужо ніхто не мог моцна высоўвацца, гэта факт. Выбары ў 2020-м, я думаю, былі сфальсіфікаваныя. Пасля шматлікіх дэманстрацый Лукашэнка закруціў гайкі, каб зрабіць людзей больш паслухмянымі, – сказаў Лічка.

Цяпер вельмі цікава: дапрацуй Лічка ў Беларусі да жніўня 2020-га, мы б і на пытанні пра Беларусь чулі б, што трэнер ніколі не цікавіўся палітыкай? Калі што, у Брэсце трэнер зарабляў 7 тысяч еўра ў месяц – у Маскве зараз будзе ў 12 разоў больш.

Іншыя пасты блога

Усе пасты