Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/О духе времени/Каго з беларускіх эмігрантаў 2020-х чакаць на АГ: у Ціманоўскай – амаль гарантыя, яшчэ двое вельмі блізкія

Каго з беларускіх эмігрантаў 2020-х чакаць на АГ: у Ціманоўскай – амаль гарантыя, яшчэ двое вельмі блізкія

А нехта ўжо трэніруецца толькі для сябе.

Аўтар — bytribuna com
22 лютага, 06:00
Каго з беларускіх эмігрантаў 2020-х чакаць на АГ: у Ціманоўскай – амаль гарантыя, яшчэ двое вельмі блізкія

8 снежня выканкам МАК афіцыйна аб’явіў, што дапусціць на АГ-2024 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія пройдуць кваліфікацыю ў адпаведнасці з дзейнымі сістэмамі міжнародных федэрацый алімпійскіх відаў спорту. Пры гэтым для спартсменаў прапісана мноства ўмоў, якіх яны павінны прытрымлівацца пры валоданні пуцёўкай на Алімпіяду.

Аднак застаецца незразумелым лёс тых беларускіх спартсменаў, якія паказвалі дастаткова высокія для траплення на Гульні вынікі, але пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі і вымушаныя былі пакінуць Радзіму. Так склалася, што сярод іх былі запар дзяўчыны. Якія шанцы ўбачыць іх у Парыжы? Разбіралася «Трыбуна».

Святлана Кудзеліч, бег

36-гадовая бягуха на вялікія і сярэднія дыстанцыі, чэмпіёнка Еўропы-2015 ужо ўдзельнічала ў дзвюх Алімпіядах. У 2012 годзе ў Лондане на дыстанцыі 3 тысячы метраў фінішавала 32-й, а ў 2016-м у Рыа-дэ-Жанейра ў гэтай жа дысцыпліне была 22-й. У 2020-м Кудзеліч па палітычных матывах звольнілі са зборнай, аднак ад намеру выступаць на Гульнях яна не адмовілася.

У пачатку 2021-га пасля сур’ёзнай аперацыі на ступнях пры падтрымцы беларусаў з’ездзіла на зборы ў Кенію. Там рыхтавалася да марафону ў Капенгагене, дзе можна было заваяваць алімпійскую ліцэнзію. Аднак марафон у Даніі адмянілі з-за каранавіруса, і адабрацца ў Токіа не ўдалося.

У паўзе Кудзеліч нарадзіла сына Платона, а затым разам з мужам і трэнерам Ігарам Жаваранкам пераехала ў Казахстан, дзе вярнулася да актыўнага спартыўнага жыцця: удзельнічала ў розных спаборніцтвах і перамагала ў паўмарафоне ў Алматы, там жа стала першай на дыстанцыі 10 км і выйграла забег Winter Run (10 км).

У жніўні 2022-га бягуха казала, што не губляе надзеі патрапіць у Парыж – і строiла падрыхтоўку, каб дасягнуць гэтай мэты. Дзеля яе была гатовая выступаць і пад нейтральным сцягам.

Аднак за апошнія паўгады Кудзеліч вымушана прапусціла некалькі стартаў, у тым ліку марафонаў, дзе можна было выканаць алімпійскі нарматыў, таму што арганізатары, у тым ліку ў Турцыі, адмаўляліся рэгістраваць удзельніцу з беларускім пашпартам. Заліковы перыяд для АГ у марафоне закрываецца ўжо 30 красавіка (ва ўсіх астатніх дысцыплінах – толькі 30 чэрвеня). Так што бягуха ўжо не спадзяецца трапіць на Гульні. Аднак і кар’еру завяршаць не збіраецца – трымае сябе ў форме на той выпадак, калі стануць дапускаць да міжнародных стартаў.

Яна Максімава, мнагаборства

35-гадовая лёгкаатлетка, жонка мнагаборца Андрэя Краўчанкі, з-за пагрозы пераследу летам 2021-га з сям’ёй перабралася ў Германію, дзе зараз жыве і трэніруецца.

Пасля пераезду Максімава так і не паўдзельнічала ні ў адным старце – і таксама з-за беларускага пашпарта. Адпаведна, і выканаць нарматыў для АГ-2024 не магла. Выступіць на Гульнях сяміборка ўжо не разлічвае.

Пра завяршэнне кар’еры Максімава не аб’яўляла і працягвае трэніравацца, але робіць гэта проста для падтрымкі формы.

Крысціна Ціманоўская, бег

Пасля спробы (за публічнае ўказанне на тэхнічныя памылкі функцыянераў БФЛА) прымусовай высылкі ў Беларусь з АГ-2020 беларуская спартсменка перабралася ў Польшчу. Там у верасні 2022-га па ўказе прэзідэнта атрымала польскае грамадзянства, а міжнародная федэрацыя скараціла «каранцін», дзякуючы чаму ўжо на ЧС-2023 Ціманоўская паехала ў складзе зборнай Польшчы. У асабістых стартах атрымалася не вельмі – на стомятроўцы не прайшла кваліфікацыю, паказаўшы час 11,32, а на 200 метрах у паўфінальнай стадыі заняла выніковае 23-е месца (23,34 с). Затое ў эстафеце 4х100 выдатна дапоўніла польскую каманду, з якой заняла пятае месца (42,66).

Рэгулярна выступае Ціманоўская на ўнутрыпольскіх спаборніцтвах, дзе нярэдка трапляе ў прызы. На нядаўнім чэмпіянаце Польшчы ў памяшканнях бягуха ўзяла сярэбраныя медалі на дыстанцыях 60 і 200 метраў, а ў адборы на другой з дыстанцый нават абнавіла асабісты рэкорд.

У 27-гадовай бягухі выдатныя перспектывы патрапіць на АГ. Бо выкананне нарматываў (іх Ціманоўская пакуль не дасягнула) – гэта не адзіны шлях у Парыж. Тым, хто іх адужаў, аддаецца максімум палова агульнай квоты на дысцыпліну – а ўсіх астатніх дабіраюць па сусветным рэйтынгу, з якога выключаюцца тыя, хто нарматыў выканаў. А яшчэ ў асабістых спаборніцтвах не можа выступаць больш за тры спартсмены ад адной краіны – што таксама «чысціць» рэйтынг (ад чацвёртых і ніжэй нумароў моцных зборных). Атлеты з адхіленай зборнай Беларусі ў рэйтынгу воляй міжнароднай федэрацыі не ўлічваюцца ўвогуле – а вось у прадстаўнікоў зборнай Польшчы такіх праблем няма.

У выніку Ціманоўская на дадзены момант уваходзіць у зону квоты на абедзвюх практыкуемых дыстанцыях. На 200-метроўцы яна 36-я ў сусветным рэйтынгу – але дзякуючы ўсiм з яго выключаным трымаецца 15-й у спісе прэтэндэнтак на 31 месца на АГ (усяго там павінна быць 48 спартсменак, нарматывы пакуль выканалі толькі 17). На 100-метроўцы Ціманоўская 60-я ў рэйтынгу – а ў спісе прэтэндэнтак 25-я (там у доступе пакуль 38 месцаў – нарматыў выканалі 18 спартсменак, а ўсяго на Гульні пусцяць 56). У квоце самой Польшчы бягуха таксама трымаецца – на стомятроўцы трэцяя па рэйтынгу, а на двухсотметроўцы другая.

Зрэшты, нават калі Ціманоўская раптам «праляціць» з асабістымі дыстанцыямі, ёсць яшчэ эстафета 4х100 – і там магчымы не толькі ўдзел, а барацьба усур’ёз за медалі.

Вольга Сафронава, конны спорт

Сафронава двойчы станавілася чэмпіёнкай Беларусі па выездцы, удзельнічала ў фінале Кубка свету і нават мела права паехаць на Алімпіяду ў Токіа (у Беларусі была ліцэнзія, вершніца была наймацнейшай з прэтэндэнтак). Але хатнія «чыноўнікі» прыдумалі хваробу каня і не пусцілі Сафронаву на АГ – відавочна, з-за выказвання грамадзянскай пазіцыі пасля выбараў-2020.

У чэрвені 2021-га Сафронава з’ехала ў Польшчу, а ў лістападзе 2022-га атрымала польскае грамадзянства, а разам з ім – і шанцы патрапіць на Алімпіяду.

На першым жа чэмпіянаце Польшчы з новым грамадзянствам Сафронава стала сярэбраным прызёрам. Пасля былі іншыя старты з узнагародамі.

Сёння спартсменка мае вельмі добрыя шансы заваяваць пуцёўку на Алімпіяду. Пра сістэму адбору нам расказала сама Сафронава.

– Польская каманда па выездцы заваявала пуцёўку на АГ у мінулым годзе – на тры асноўныя пары спартсмен/конь і адну рэзервовую. Каб патрапіць у гэтую каманду, трэба два разы ў пэўныя тэрміны паказаць пэўны вынік на міжнародных турнірах. У мяне з [канём] Сандрам адзін такі вынік ужо ёсць, другога трэба дасягнуць да 24 чэрвеня 2024 года. Па выніках мінулага сезона мы ўваходзім у асноўны склад зборнай Польшчы, якая складаецца з шасці пар. Сезон для нас пачнецца ў сакавіку, і ўся работа цяпер накіраваная на тое, каб паказаць неабходны вынік для Алімпіяды.

Усё залежыць ад суддзяў. Патрэбна прысутнасць на турніры суддзі 5* – вышэйшай катэгорыі (у новых дакументах замест 5* указваецца L4 – Tribuna.com). Такіх арбітраў чалавек 100 у свеце, яны працуюць на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Кожнае выступленне ацэньвае пяць суддзяў. І калі фінальны сярэдні вынік пары складае ад 67% максімуму і вышэй, пры гэтым асабіста суддзя 5* таксама ацаніў выступленне ў 67% і вышэй, – тады вынік пары лічыцца кваліфікацыйным.

Ці шмат патрэбных турніраў? Пяць-шэсць па Еўропе кожны месяц. Так што ўсе шанцы ёсць, – кажа вершніца.

Марыя Жодзік, скачкі ў вышыню

27-гадовая спартсменка павінна была паехаць яшчэ на Алімпіяду ў Токіа, аднак прапусціла яе з-за Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі – там не арганізавалі для Жодзік неабходную колькасць допінг-проб для допуску да Гульняў (яна выканала нарматыў незадоўга да АГ, а да гэтага ў скакуху, падобна, не верылі, таму на тэсты не пасылалі).

Пасля спартсменка яшчэ выступала ў Беларусі, у лютым 2022-га перамагла на чэмпіянаце з вынікам 180 см. Затым атрымала карту паляка і пераехала ў Беласток. Год Жодзiк не знаходзіла шляхоў у польскі спорт – трэніравалася для сябе, а зарабляла ў «Макдональдсе». Але потым яе ўсё ж заўважылі, далi шанц у клубе «Падляссе» – і скакуха хутка стала паказваць вынікі лепш, чым канкурэнткі са ўсёй краіны.

Аднак у зборную Польшчы Жодзік не ўваходзіць. Для гэтага трэба выкананне дзвюх умоў – атрыманне польскага грамадзянства і заканчэнне «каранціну». Заяву на пашпарт прэзідэнту Польшчы беларуская спартсменка падала ў кастрычніку 2023-га, але інфармацыі пра яе лёс пакуль няма. Каранцін жа, па словах Жодзік, канчаецца 21 чэрвеня 2024-га – але там у выпадку выдачы пашпарта трэба будзе спяшацца, таму што зацвярджаюць спісы ўдзельнікаў АГ «міжнароднікі» ужо 7 ліпеня.

Туды спартсменка павінна трапляць, бо 18 лютага на чэмпіянаце Польшчы ў памяшканні выканала кваліфікацыйны нарматыў. Ён складае 197 сантыметраў, менавіта такую планку Жодзік драматычна пераадолела з трэцяй спробы.

«Міжнароднікі» вынік у сваіх сістэмах залічылі, паставіўшы насупраць прозвішча Жодзік чырвона-зялёны сцяг. А вось чэмпіёнкай спартсменка не стала – з-за пашпарта выступала па-за конкурсам. Пры гэтым польская пераможца адолела вышыню толькі 1,84 метра. Лагічна, што іншых высотнiц з выкананым нарматывам АГ, акрамя Жодзік, у краіне няма.

Карына Казлоўская

23-гадовая лучніца з беларускай камандай стала чацвёртай на АГ-2020. Увесну 2022-га Казлоўская пераехала ў Польшчу, пазней расказаўшы пра атрыманне пагроз у Беларусі. У новай краіне лучніца ўвайшла ў склад клуба ў невялікім мястэчку Жывец і працягвала паказваць прыстойныя вынікі. У 2023-м спартсменка ўладзіла пытанні з дакументамі, увайшла ў склад зборнай Польшчы, а ў чэрвені з новай камандай узяла бронзу этапа Гран-пры Еўропы. У жніўні Казлоўская з’ездзіла за Польшчу і на ЧС-2023 – без асаблівых поспехаў: у індывідуальным турніры стала 53-й у кваліфікацыі, а ў асноўнай сетцы прайграла першы ж матч, у камандзе было падобна – 15-е месца ў адборы і адразу пройгрыш В’етнаму.

У кастрычніку 2023-га 23-гадовая спартсменка заявіла, што ўзяла паўзу ў кар’еры, бо адчувала пастаянны стрэс з-за ціску польскага трэнера. Той, у сваю чаргу, заявіў, што Казлоўская павінна была трэніравацца па 40 гадзін у тыдзень – і была звольненая з клуба лучнікаў за невыкананне гэтага графіка.

Аднак у сёлетнім лютым пасля паўгадавой паўзы Казлоўская вярнулася – у складзе клуба з Жывеца паехала на чэмпіянат Польшчы ў памяшканні, дзе ў індывідуальным заліку дайшла да чвэрцьфіналу (прайграла будучай чэмпіёнцы), а ў камандах узяла бронзу (у паўфінале трэці склад клуба, куды адправілі лучніцу, саступіў першаму).

Кваліфікацыя на АГ у стральбе з лука працягваецца. Ліцэнзіі неіменныя, спартсмены выйграюць іх для сваіх алімпійскіх камітэтаў – і ў Польшчы пакуль няма пуцёвак, але яшчэ ёсць магчымасць забраць іх. Аднак гэта нялёгка. Польскай камандзе трэба або выйграць еўрапейскую кваліфікацыю ў пачатку траўня, або трапіць у топ-4 на чэрвеньскім сусветным адборы, або пасля няўдач у гэтых спробах увайсці ў лік дзвюх найлепшых каманд у сусветным рэйтынгу, якія яшчэ не будуць мець ліцэнзій. Гэта значыць пуцёвак толькі сем – а не маюць іх яшчэ 10 каманд, якія на ЧС-2023 былі вышэй за Польшчу. Да таго ж у сусветным рэйтынгу полькі зараз 17-я. Ёсць таксама пяць свабодных індывідуальных месцаў, але ў гэтым заліку шанцаў у дзяўчат з Польшчы не праглядаецца (аднак калі на АГ трапіць польская каманда, то яе ўдзельніцы выступяць і ў асабістым першынстве Парыжа).

Тым больш незразумела, ці паспее Казлоўская пасля раптоўнага перапынку хутка набраць форму для таго, каб патрапіць у зборную Польшчы і дапамагчы камандзе з адборам. Але калі так – то гэта будзе топ-гісторыя.

Фота: Instagram герояў матэрыялу

Іншыя пасты блога

Усе пасты