Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Давідс заканчваў у «Барнэце»: узяў першы нумар, тройчы адзначаўся за 8 матчаў, трэніраваў каманду, седзячы ў «Бэнтлі»

Давідс заканчваў у «Барнэце»: узяў першы нумар, тройчы адзначаўся за 8 матчаў, трэніраваў каманду, седзячы ў «Бэнтлі»

Легендарнаму гульцу споўнілася 50.

14 сакавіка 2023, 16:06
Давідс заканчваў у «Барнэце»: узяў першы нумар, тройчы адзначаўся за 8 матчаў, трэніраваў каманду, седзячы ў «Бэнтлі»

У 90-х і 2000-х, здаецца, не было ніводнага заўзятара, які не сімпатызаваў бы Эдгару Давідсу. У «Аяксе», «Мілане», «Юве», «Барселоне» і іншых клубах ён заўсёды выклікаў станоўчыя эмоцыі. Хоць футбаліст па мянушцы Пітбуль не меў такіх выбітных атакуючых скілоў, як Бергкамп ці Зеедорф, але дзякуючы фактурнай знешнасці і акулярам, у якіх яму дазволілі гуляць з-за праблем са зрокам, Эдгар заўсёды трапляў у футбольныя рэкламы з зоркамі сусветнага футбола. На ЧС-2022 мы маглі бачыць яго ў трэнерскім штабе Луі ван Гала ў зборнай Нідэрландаў, але першыя трэнерскія спробы Давідса адбываліся ў вельмі незвычайным месцы.

Ураджэнец Сурынаму заканчваў з футболам у некалькі заходаў. У 2008 годзе ў яго скончыўся кантракт з «Аяксам», а затым паўабаронца доўга не мог дамовіцца з іншымі камандамі. Праз два гады ён апынуўся ў «Крыстал Пэлас», які выступаў у Чэмпіёншыпе, але Пітбуля хапіла ўсяго на шэсць матчаў – ён быў не гатовы да тэмпу другога па сіле англійскага дывізіёна, тым больш, што коўч з нейкай прычыны адправіў яго гуляць левага абаронцу. Пасля гэтага ён паспрабаваў сябе ў якасці спартыўнага функцыянера ў «Аяксе», пакуль 11 кастрычніка 2012 года не апынуўся ў «Барнэце».

Самае крывое поле ў Англіі і зона вылету ў чацвёртым дывізіёне

Богам забыты клуб з Паўночнага Лондана за ўсю сваю гісторыю ніколі не гуляў у вышэйшым дывізіёне, не кажучы ўжо пра АПЛ. «Барнэт» выступаў у чацвёртай па сіле лізе Англіі, а да прыходу легенды з Нідэрландаў быў вядомы хіба тым, што меў самы крывы стадыён у краіне. Пабудаваная ў 1907 годзе арэна «Андэрхіл» мела цікавую асаблівасць: паўночны бок поля знаходзіўся крыху вышэй за паўднёвы. У 2013 «Барнэт» пераехаў на новенькі «Хайв», а ў 2018-м «Андэрхіл» знеслі, таму што зямля ў Лондане занадта дарагая, каб трымаць стадыён з няроўным полем.

Шукаць логікі ў гэтым пераходзе Давідса не варта, проста Эдгар засумаваў па футболе, а кіраўніцтва «Барнэта» любіць мяняць трэнераў. Спачатку ён дзяліў трэнерскія абавязкі з Маркам Робсанам, але потым стаў трэніраваць сам.

Прыйшоўшы ў каманду ў кастрычніку, Эдгар убачыў калектыў, які яшчэ ні разу ў сезоне не выйграў. За 11 матчаў у каманды было 8 паражэнняў, і гэта выглядала як праца мары Сэма Элердайса, а не выклік для пераможцы Лігі чэмпіёнаў.

Але сваім прыкладам Давідс натхніў партнёраў, каманда абгуляла «Нортхэмптан», пакрысе пачала наладжваць гульню. Здавалася, што Пітбуль выратуе каманду ад вылету, але ў апошніх турах клуб не змог выграсці са дна табліцы. Хоць 51 ачко было рэкордным для «Барнэта» за гісторыю выступаў у чацвёртым дывізіёне, але «пчолы» занялі месца ў зоне вылету па розніцы галоў.

Ратаваў на дарозе заўзятараў і праводзіў трэніроўкі проста з уласнага аўтамабіля

Заўзятары жартавалі, што ў іх у складзе ў той час было больш пераможцаў Лігі чэмпіёнаў, чым у «Тотэнхэма» і «Арсенала». Нягледзячы на не вельмі ўдалыя вынікі, фаны «Барнэта» з цеплынёй успамінаюць Давідса. У сакавіку 2013-га, калі «пчолы» прайгралі ў гасцях «Акрынгтану», вяртаючыся дадому, каманда сустрэла фанатаў, аўтобус якіх зламаўся прама на дарозе. Давідс загадаў клубнаму кіроўцу адвезці футбалістаў да найбліжэйшага СТА, высадзіць іх і вярнуцца за заўзятарамі, якія замярзалі на дарозе. Праз некалькі гадзін 36 фанаў «Барнэта» пілі каву з коўчам і камандай, пакуль іх аўтобус рамантавалі.

Але ў камандзе Давідса ўсё ж лічылі дзівакаватым, хаця прызнавалі яго заслугі. «Перад пачаткам сезона мне патэлефанаваў трэнер і спытаў, ці не супраць я, каб ён узяў першы нумар. Вы – менеджар, вам і вырашаць», – успамінаў галкіпер каманды Грэм Стэк. У Канферэнцыі (пяты дывізіён Англіі) легендарны паўабаронца бегаў з адзінкай на спіне. Таксама ён папрасіў кіраўніцтва клуба дазволу не ездзіць на далёкія матчы, якія патрабуюць начлегу, хоць гэта і даволі дзіўна для капітана і трэнера ў адной асобе. Але ўладальнік пагадзіўся на такія саступкі.

Выходзячы на поле, Давідс усё часцей зрываўся на сапернікаў, таму за 8 матчаў у Канферэнцыі атрымаў 3 чырвоныя карткі.

Партнёры па камандзе з іроніяй успамінаюць яго трэніроўкі. Напрыклад, Джэк Хайд распавядаў: «Часам зімой ён не з'яўляўся своечасова на трэніроўцы, а праз гадзіну мы бачылі, як ён ехаў праз аўтастаянку прама на поле на сваім «Бэнтлі» за 100 тысяч фунтаў. Калі зірнуць на аўтамабільныя яго дыскі, то яны былі збітыя – Эдгар не быў добрым кіроўцам. Ён станавіўся за варотамі, уключаў у машыне абаграванне і выстаўляў ногі на прыборную панэль. Аднойчы падчас трэніроўкі ён пачаў буксаваць і не мог выехаць з бруду. Гэтыя гісторыі будуць з намі вечна».

Як бы там ні было, але ў гісторыі «Барнэта» Давідс пакуль застаецца самым зорным гульцом, якога з усмешкай успамінаюць заўзятары.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты