Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/У «Балоні» 6 капітанаў за 7 тураў – так трэнер матывуе выкладвацца на трэніроўках

У «Балоні» 6 капітанаў за 7 тураў – так трэнер матывуе выкладвацца на трэніроўках

Арыгінальная (але не новая) ідэя Цiяга Моты.

7 кастрычніка, 09:41
У «Балоні» 6 капітанаў за 7 тураў – так трэнер матывуе выкладвацца на трэніроўках

У мінулыя выходныя некаторыя шатландскія СМІ і заўзятары ў твітары ўзрадаваліся – цэнтральны паўабаронца Льюіс Фергюсан, іх суайчыннік, вывеў «Балонню» на матч супраць «Эмпалі» з капітанскай павязкай. Льюіс хоць і выклікаецца ў зборную Шатландыі, але гуляе там вельмі мала (130 хвілін за два гады), таму факт таго, што ён зараз з'яўляецца капітанам клуба Серыі А, наштурхнуў многіх на думку, што зараз яму стануць давяраць больш часу ў нацыянальнай камандзе.

Але калі б шатландцы больш уважліва сачылі за Серыяй А, успрынялі б гэтую навіну крыху спакайней. Раптоўнаму капітанству Фергюсана ёсць простае (але адначасова і незвычайнае) тлумачэнне. Галоўны трэнер «Балоння» Ціяга Мота выкарыстоўвае ратацыю… капітанскай павязкі!

За 7 тураў Серыі А ў гэтым сезоне ў «Балонні» было 6 розных капітанаў:

Нікалас Дамінгес – у матчы супраць «Мілана»;

Рыкарда Арсаліні – у матчы супраць «Ювентуса»;

Штэфан Пош – у матчы супраць «Кальяры»;

Ларэнца дэ Сільвестры – у матчах супраць «Вероны» і «Монцы»;

Мішэль Эбішэр – у матчы супраць «Напалі»;

Люіс Фергюсан – у матчы супраць «Эмпалі».

Цяпер перад кожным новым турам адной з інтрыг ёсць пытанне – хто ж будзе капітанам «Балонні». Напрыклад, на паядынак супраць «Эмпалі» прагназавалі, што з павязкай выйдзе форвард Джошуа Зіркзе, але ў Моты было іншае меркаванне. Хоць часам трэнер загадзя абʼяўляе, хто будзе капітаніць у наступнай гульні (як было з Пошам).

Хоць нельга сказаць, што і да гэтага Ціяга прытрымліваўся традыцый ролі капітана. Узначаліўшы каманду ў верасні мінулага года, Ціяга Мота спачатку не ўздымаў капітанскую тэму, даверыўшыся Гары Мэдэлю і Раберта Сарыяну, якія былі лідарамі і да яго прыходу (цяпер абодвух ужо няма ў камандзе). Але ўжо вясной з павязкай на поле выходзілі таксама Джон Лукумі, Нікалас Дамінгес, Эрык Схаўтэн, Рыкарда Арсаліні і Адама Сумаора – 7 чалавек. Выходзіць, калі ў нядзелю супраць «Інтэра» у «Балонні» зноў будзе новы капітан, то за 8 тураў яны паўтораць свой рэкорд у мінулым сезоне па колькасці футбалістаў, якія выводзілі каманду на гульню з павязкай.

Навошта Мота гэта робіць?

Усё проста – гэта своеасаблівае заахвочванне да працы на трэніроўках на працягу тыдня. Такім рашэннем малады трэнер паказвае, што любы футбаліст можа выйсці на поле з павязкай, калі будзе добра працаваць.

«Капітанамі будуць тыя гульцы, якія запрацуюць гэтую выдатную адказнасць сваёй працай і часам», – каментаваў Мота свой падыход.

Адзінае абмежаванне – капітанам «Балонні» пры трэнерстве Ціяга ніколі не зможа стаць брамнік. Спецыяліст лічыць, што гэтая роля павінна выконвацца гульцом, які можа апынуцца ў любой частцы поля.

Цікава, што ідэя хоць і арыгінальная, аднак Мота не першы, хто выкарыстоўваў такі метад у Серыі А. Вальтэр Дзенга, трэніруючы «Катанні» ў сезоне 2008/09, таксама даваў павязку многім футбалістам, не замацоўваючы яе за кімсьці адным.

«На тэхнічным сходзе першапачатковая ідэя заключалася ў тым, каб зрабіць капітанам Джузэпэ Маскару, таму што ён быў адным з самых вядомых гульцоў складу. Потым кіраўнік дырэктар сказаў мне: «Чаму б нам не мяняць капітана кожны матч?». Я пагадзіўся.

Неяк Марымота (японскі цэнтрфорвард – заўв. Tribuna.com) быў капітанам у гульні з «Напалі» – хоць ён не казаў ні слова на італьянскай. Гэта было смешна, але сышло нам з рук», – прызнаваўся пазней Дзенга.

***

«Балоння» ідзе на 7-м месцы ў Серыі А. У каманды 10 ачкоў, толькі адна параза і найлепшая пасля «Інтэра» абарона ў лізе. Прайграўшы ў першым туры «Мілану», каманда Моты забрала ачкі ў «Ювентуса», перамагла «Кальяры», а затым выдала тры паядынкі з аднолькавым вынікам – 0:0. Перамога над «Эмпалі» 3:0 падводзіць каманду ў добрым настроі да матчу супраць лідара табліцы «Інтэра».

А Ціага Мота, калі раптам хтосьці прапусціў, лічыцца адным з перспектыўных трэнераў Серыі А. Экс-паўабаронца «Інтэра» і «ПСЖ» дапамог «Балонье» фінішаваць у першай дзясятцы па выніках мінулага сезона. У сярэднім каманда пад яго кіраўніцтвам набірае самавітыя 1,52 ачка за гульню.

Фота: Serena Campanini/Global Look Press, Maurizio Borsari/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты