Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Саудаўская Аравія накупіла зорак, але іх чэмпіянат усё роўна не хочацца глядзець

Саудаўская Аравія накупіла зорак, але іх чэмпіянат усё роўна не хочацца глядзець

Вынік адной з асноўных з'яў года ў футболе.

17 снежня, 16:12
Саудаўская Аравія накупіла зорак, але іх чэмпіянат усё роўна не хочацца глядзець

2023-і дакладна не ўвойдзе ў топ самых цікавых футбольных гадоў у XXI стагоддзі. Вялікіх турніраў зборных не было, галоўны клубны трафей Еўропы выйграў клуб, якому прадказвалі перамогу яшчэ ў верасні 2022-га, «Залаты мяч» зноў узяў Ліянель Месі, але сіл доўга спрачацца з гэтым ужо проста няма, а ў топ-лігах толькі «Напалі» здзівіў перамогай па выніках сезона. Таму гэта той выпадак, калі год больш асацыюецца з трансферамі: Ліянеля Месі ў ЗША і дзясяткаў зорак з-топ-ліг у Саудаўскую Аравію.

Зараз хайп вакол гэтых двух тэм ужо сціх, але па розных прычынах. У Штатах проста скончыўся сезон, клуб Месі скончыў свае выступы яшчэ некалькі месяцаў таму. А ў Саудаўскай Аравіі чэмпіянат да гэтага часу працягваецца (пойдуць на перапынак аж 30 снежня), але такое адчуванне, што яны скончылі недзе ў верасні – якраз з закрыццём трансфернага акна.

Шчыра кажучы, было дастаткова тых, хто не пляваўся, чытаючы навіны пра пераходы зорных футбалістаў у клубы з назвамі, якія пачынаюцца на «Аль-». Гэта сучасныя рэаліі: футбалістам прапануюць высокія заробкі, яны згодныя, окей, іх выбар. І ў Саудаўскай лігі было шмат шанцаў зацікавіць сабой. Але праз некалькі месяцаў усё ж варта прызнаць – у цяперашнім выглядзе іх чэмпіянат асуджаны на няўдачу ў плане росту папулярнасці і масавага прыцягнення новай аўдыторыі.

Пачнём з таго, што ўмяшанне саудаўцаў у еўрапейскі трансферны рынак атрымалася занадта ўжо рэзкім. Амаль год таму пераход Крышціяну Раналду ў «Аль-Наср» быў разабраны пад мікраскопам і смакаваўся не адзін тыдзень. Было цікава ўсё – ад гісторыі яго новага клуба да гатэля, дзе пасяліўся партугалец са сваёй сям'ёй. Так, тут вялікую ролю адыграла і персона Раналду – легенды футбола, кожны крок якой заўсёды цікавы шырокай аўдыторыі.

А што мы атрымалі ўлетку? Шквал чутак і афіцыйных абвяшчэнняў пра падпісанне ўсё новых і новых зорак футбола з Еўропы. Ужо недзе ў пачатку жніўня пачалася інфармацыйная каша - Фабінья цяпер аднаклубнік каго? Марэза, Бензема ці Мілінковіча-Савіча? О, Садыя Манэ і Раберта Фірміна ўз'ядналіся! А, стоп… гэта не той клуб. А калі Брозавіч паспеў заскочыць у «Аль-Наср»? У нейкі момант стала проста складана адсочваць усе перамяшчэнні, а тым больш паспрабаваць запомніць, у форме якога колеру зараз будуць гуляць гэтыя футбалісты. Дайшло да таго, што пад канец трансфернага акна пераходы Лапорта ці Вейналдума ўжо не ўспрымаліся са здзіўленнем.

Другі момант – чыста візуальны. І гаворка не пра тое, што арэны клубаў саудаўскай лігі ў большасці сваёй дастаткова сціплыя па памерах і банальныя па дызайне, у найбліжэйшыя гады там пабудуюць шмат вялізных і бліскучых аб'ектаў пад ЧС-2034. Праблема ў тым, што нават нягледзячы на дзясяткі набытых у Еўропе зорак, мясцовая публіка не спяшаецца запаўняць нават 15-20-тысячныя стадыёны.

У топ-3 па адсотку запаўняльнасці трыбун на дамашніх матчах «Дамак», «Аль-Тавун» і «Аль-Наср». Але сакрэт першых двух просты – іх арэны месцяць усяго па 5 тысяч. А клуб Раналду, нягледзячы на трэці паказчык, рэдка збірае аншлагі на сваім 25-тысячным стадыёне, маючы сярэднюю колькасць гледачоў 19 874. Усе астатнія клубы лігі, пачынаючы з «Аль-Хіляля», дэманструюць менш за 50% запаўняльнасці стадыёнаў. Матчы, на якіх менш за тысячу гледачоў, – не такая ўжо рэдкасць для чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. Увосень у Англіі смяяліся над тым, што Джордану Хендэрсану прыйшлося гуляць перад 696 гледачамі.

У рэкламных матэрыялах, прадстаўленых міжнародным СМІ напярэдадні сезона 2023/24, кіраўніцтва саудаўскай лігі сцвярджала, што «80% насельніцтва краіны зараз прыцягнута да футбола, альбо назіраючы за ім, альбо гуляючы ў яго». Падобна, большасць з гэтых адсоткаў проста ганяюць мяч у двары. Бываюць візуальна прыгожыя матчы, як, напрыклад, сустрэча зорных «Аль-Насра» і «Аль-Ахлі», але куды часцей, уключаючы трансляцыі, узнікае адчуванне, што глядзіш нейкі паядынак ЧС U-17. Вядома, прымусова заганяць людзей на стадыёны – не найлепшае выйсце з сітуацыі, але і марнаваць кучу грошай на кантракты зорак, заяўляючы пры гэтым пра 80-адсоткавую цікавасць насельніцтва да футбола, і бачыць потым на 2/3 пустыя трыбуны - таксама смешна.

Трэцяй праблемай саудаўскай лігі з'яўляецца адсутнасць адметных рыс у каманд па-за «вялікай чацвёркай» («Аль-Наср», «Аль-Хіляль», «Аль-Ахлі» і «Аль-Іціхад»). Амаль увесь бюджэт, як кажуць, пайшоў на тое, каб запоўніць склады гэтых каманд, з чым таксама крыху перашчыравалі, пра што было напісана вышэй. Так, яшчэ мы ведаем, што ёсць «Аль-Іціфак» з Хендэрсанам, Вейналдумам і Джэрардам. Окей, на фоне іншых «шэрых» каманд яшчэ вылучаецца «Дамак», але самі разумееце, чаму.

Гэта складаны момант, банальнае і смешнае рашэнне якога можа заключацца ў тым, каб проста прыбраць з назваў «Аль-». Але калі сур'ёзна, то саудаўскія клубы тыпу «Аль-Фатэха», «Аль-Вакры», «Аль-Шабаба», «Аль-Духаіля», «Аль-Ухдуда» або «Аль-Шамаля» таксама павінны выклікаць хоць нейкую цікавасць. Паглядзіце на еўрапейскія лігі – нават «Рэн», «Сельта» ці «Лутан» выклікаюць нейкія асацыяцыі. А ў Саудаўскай Аравіі – нуль прывязак да больш за палову каманд лігі. Вы, мабыць, нават не заўважылі, што ў гэтым спісе шэрых саудаўскіх клубаў насамрэч кожны другі – прадстаўнік чэмпіянату Катара.

Але ёсць пытанні і да марнавання грошай на трансферы гульцоў. Калі вы хочаце зрабіць свой чэмпіянат папулярным, падпісанне Раналду, Нэймара і Бензема – правільнае рашэнне. Падпісанне Марэза, Манэ, Брозавіча, Мітравіча, Мендзі – пустая трата грошай для дасягнення такой мэты. Гэтыя гульцы, вядома, значна ўзмоцняць становішча саудаўскіх клубаў на міжнароднай арэне і зробяць вочныя матчы сваіх каманд усярэдзіне «вялікай чацвёркі» лягчэйшымі для прагляду. Але калі глядзець цвяроза, то зараз у чэмпіянаце Саудаўскай Аравіі ёсць толькі тры вялікія зоркі, на якіх і трымаецца хоць нейкая цікавасць да лігі. Забярыце адтуль Крыша, Карыма і бразільца – мала каму будзе цікавы матч «Аль-Іціфака» Хендэрсана супраць «Аль-Ахлі» Фірміна. Калі ў гэты час паралельна ідзе паядынак «Астан Вілы» супраць «Брайтана», то, хутчэй за ўсё, выбар сярэднестатыстычнага заўзятара ўпадзе на гульню не самых топавых каманд АПЛ.

Як доказ гэтаму – колькасць праглядаў на афіцыйным ютуб-канале саудаўскай лігі. 3,8 тысячы праглядаў у матча зорнага «Аль-Ахлі» супраць «Аль-Шабаба», гістарычны разгром «Аль-Хазема» 9:0 у выкананні «Аль-Хіляля» Невеша, Мітравіча, Мілінковіча-Савіча (без Нэймара) – 4,3 тысячы праглядаў. Для разумення: некалькі тыдняў таму «Бёрнлі» выклаў на сваім канале агляд паразы ад «Вулверхэмптана» (0:1) – і гэта відэа праглядзелі 200 тысяч разоў. Кароткія нарэзкі прыгожых галоў або кур'ёзных момантаў (ды і пажадана, каб у выкананні кагосьці вядомага) у твітэры – адзіны зараз шлях саудаўцаў, каб засвяціць кадры са свайго чэмпіянату для вялікай аўдыторыі футбольных заўзятараў з усяго свету.

На дадзены момант складаецца адчуванне, што ў пагоні за тым, каб паспець рэалізаваць кучу праектаў у рамках праграмы Vision 2030, у саудаўскіх улад проста не хапіла рук на тое, каб якасна і ўзважана падысці да пытання папулярызацыі футбола ўсярэдзіне краіны і падвышэння цікавасці да яго ў свеце. Ёсць набор не да канца дапрацаваных і не да канца рэалізаваных стратэгій. Зараз здаецца, што чэмпіянат Саудаўскай Аравіі ўсё-ткі проста ператворыцца ў грашовую лігу для зорак, якім за трыццаць. І нават падпісанне 21-гадовага Вейгі ці 26-гадовага Невеша не выпраўляюць сітуацыю – гэтых гульцоў мала і яны проста сыходзяць з-пад увагі вялікага футбола.

Ну а калі саудаўцы ўсё ж вырашаць працягваць працаваць толькі ў тым жа духу, то ім варта папрацаваць над тым, каб пераканаць Крышціяну Раналду гуляць да 45. Зараз толькі ён прымушае звяртаць увагу на мясцовую лігу хаця б раз на тыдзень. Ды і сам партугалец, улічваючы яго пагоню за 1000-м голам, наўрад ці будзе моцна супраць пагуляць дзесьці да 2030-га.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты