Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як жывуць гульцы ЧБ, якія чакаюць камісіі Кавальчука – Пуцілы: па-ранейшаму ў клубах, але з сайтаў некаторых прыбралі, атрымалі новыя ўмовы на выпадак даравання

Як жывуць гульцы ЧБ, якія чакаюць камісіі Кавальчука – Пуцілы: па-ранейшаму ў клубах, але з сайтаў некаторых прыбралі, атрымалі новыя ўмовы на выпадак даравання

Трэнiруюцца без кантрактаў і не атрымлiваюць ніякіх грошай.

Аўтар — bytribuna com
6 красавіка 2023, 13:04
4
Як жывуць гульцы ЧБ, якія чакаюць камісіі Кавальчука – Пуцілы: па-ранейшаму ў клубах, але з сайтаў некаторых прыбралі, атрымалі новыя ўмовы на выпадак даравання

Ужо больш за месяц у поўнай нявызначанасці знаходзіцца дзясятак футбалістаў, якіх лукашэнкаўскае міністэрства спорту ўключыла ў спіс непажаданых асоб. Клубам не дазволілі заключыць з імі кантракты на сезон-2023, а тыя пагадненні, што дзейнічалі, прымусілі скасаваць. Лёс гульцоў – сярод іх прадстаўнікі «Белшыны», «Слуцка», БАТЭ і «Нёмана» – павінна вырашыць адмысловая камісія. Яе пасяджэнне збіраліся правесці яшчэ 28 сакавіка ў будынку так званай генеральнай пракуратуры, але не зрабiлi гэтага.

Што зараз адбываецца з непажаданымі спартсменамі? Якія новыя ўмовы ім выстаўляюць? Як справы ў мінскага дынамаўца Антона Пуцілы, які збіраецца судзіць калег? «Трыбуна» адшукала адказы на некаторыя з гэтых пытанняў.

Чакалі камісію ў канцы сакавіка, але яе без тлумачэнняў перанеслі

Навіны пра тое, што непажаданых футбалістаў пачалі звальняць з каманд, з'явіліся яшчэ ў пачатку сакавіка, перад першымі матчамі чвэрцьфіналу Кубка Беларусі. Некалькі гульцоў засталіся без працы ў «Слуцку» і «Нёмане». Не патрапілі ў заяўку на матчы Кубка супраць БАТЭ некалькі прадстаўнікоў «Белшыны».

Ну а крыху пазней, паспеўшы згуляць у Кубку, але яшчэ да старту ЧБ, статус беспрацоўных набылі некалькі футбалістаў БАТЭ. Сярод іх і тыя, хто ў свой час выступаў за ўладу: і ўдзельнічаў у ганебных мерапрыемствах, і ў відэа здымаўся, і падпісваў ліст за Лукашэнку. Да Драгуна і Бардачова, якія аказаліся непажаданымі яшчэ раней, далучыліся Бяссмертны, Нячаеў і Шчарбiцкi.

Далейшы лёс футбалістаў павінна была вырашыць так званая камісія пад кіраўніцтвам так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. Пра стварэнне камісіі было заяўлена ў канцы студзеня 2023-га на сумесным пасяджэнні Мінспорту Лукашэнкі і АБФФ. У сярэдзіне сакавіка «Трыбуне» стала вядома, што рэжым не жадае абмяжоўвацца банальнымі гутаркамі ў будынку Мінспорту. Пасяджэнне камісіі тады планавалі на 28 сакавіка, і яго мусілі правесці ў лукашэнкаўскай генеральнай пракуратуры. Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, адзначалі, што спярша пра гэта паведамілі кіраўнікам клубаў, а тыя ўжо праінфармавалі непажаданых спартсменаў.

Аднак у выніку 28 сакавіка нічога не адбылося. Па якой прычыне – ніхто не ведае, нават тыя, хто маральна ўжо быў гатовы да не самай прыемнай гутаркі ў месцы, якое сёння асацыюецца выключна з беззаконнем. Пасля гэтага ў футбольных колах загучалі размовы пра тое, што ўсё вырашыцца пасля матчаў зборнай Беларусі. Акурат 28 сакавіка каманда Кандрацьева прайграла ў Румыніі.

Аднак распачаўся красавік, праз некалькі дзён пройдуць матчы трэцяга тура вышэйшай лігі, а гульцы па-ранейшаму не разумеюць, якая іх чакае будучыня. Калі адбудзецца пасяджэнне, сёння невядома.

Непажаданым на выпадак даравання выставілі новыя ўмовы (фінансавыя)

Пад прэс сістэмы патрапілі футбалісты «Слуцка», БАТЭ, «Нёмана» і «Белшыны». Але на сайтах дзвюх першых каманд гульцы застаюцца пазначанымi ў раздзеле «Асноўны склад». А вось у гродзенцаў і бабруйчан адтуль непажаданыя рэжыму футбалісты зніклі. У «Белшыны» гэта Артур Слабашэвіч, Павел Чыкiда і Кірыл Леановіч, у «Нёмана» - Валерый Жукоўскі (шматгадовы капітан), Сяргей Курганскі, Яўген Ляшко і Раман Пасевіч.

Пры гэтым, па нашай інфармацыі, усе непажаданыя футбалісты па-ранейшаму знаходзяцца ў камандах, але ў статусе беспрацоўных. Па сутнасці, яны ўжо не першы месяц трэнiруюцца без кантрактаў і без заробку ў спадзеве, што сітуацыя неяк вырашыцца на іх карысць.

Зрэшты, па нашай інфармацыі, настрой у рэпрэсаваных спартсменаў досыць змрочны. Яны працуюць разам з усімі, удзячныя клубам за такую магчымасць, але многія ўжо проста страцілі надзею на хуткі, а ўжо тым больш станоўчы вынік.

У футбольных колах жартуюць, што з пасяджэннем камісіі будуць цягнуць, пакуль не згуляюць БАТЭ і мінскае «Дынама». Сустрэча мае адбыцца ў Барысаве 15 красавіка. На думку прадстаўнікоў беларускага футбола, з якімі нам удалося пагутарыць, ужо занадта відавочны сантымент так званага міністра спорту да «бела-блакітных», а татальная чыстка ў шэрагах аднаго з асноўных супернікаў падвышае шансы ў барацьбе за чэмпіёнства. Да «Дынама» ў ідэалагічным плане ніякіх пытанняў няма.

Нават калі жарт выявіцца не жартам і камісія сапраўды збярэцца толькі пасля «класіка», то ў клубаў застанецца магчымасць заявіць футбалістаў на сезон – зрабіць гэта можна да 1 траўня. Па факце, усе гульцы на сёння маюць статус свабодных агентаў, што дазваляе заключыць з імі кантракты.

Таксама «Трыбуне» сталі вядомыя новыя ўмовы, якімі абстаўляюць выключэнне футбалістаў з «чорнага спісу». Кіраўніцтву па меншай меры дзвюх каманд, дзе ёсць такія гульцы, спусцілі загад: нават калі камісія дазволіць вярнуць спартсменаў і заключыць з імі новыя кантракты, іх заробак не павінен перавышаць 1 тысячу рублёў. Па нашай інфармацыі, кіраўнікі клубаў на такія ўмовы пагадзіліся. І футбалісты таксама: падацца ў Беларусі ім няма куды, за мяжу нават калі і клікалі, то сёння гэтыя прапановы ўжо неактуальныя.

Калега, які будзе іх судзіць, не па законе атрымлівае вялікія грошы, але не гуляе

Як ужо паведамляла «Трыбуна», сярод тых, хто будзе вырашаць лёс непажаданых - дзейны футбаліст мінскага «Дынама» Антон Пуцiла. Псеўдаміністр Кавальчук зрабіў яго сваёй даверанай асобай і памочнікам, які павінен радзіць, каго са спісу казніць, а хто заслугоўвае «даравання». Натуральна, такі стан рэчаў спарадзіў пэўнае стаўленне да Пуцілы сярод калег.

Нягледзячы на датычнасць да ўдзелу ў «дзяржаўных справах», Пуцілу ў «Дынама» не надзялілі ні статусам капітана, ні хаця б віцэ-капітана (зрэшты, так было і ў папярэднія гады). Пытанне вырашалася галасаваннем футбалістаў. Павязку на бягучы сезон атрымаў Сяргей Паліцевіч, які толькі вярнуўся ў клуб, а яго намеснікамі сталі Раман Бегуноў, Аляксандр Сачыўка і Максім Швяцоў.

Што тычыцца гульнявой практыкі, то ў гэтым сезоне Пуціла, якому клуб з асабістага дазволу Кавальчука плаціць каля 8 тысяч долараў на месяц, што значна вышэй за ўсе ліміты, на полі пакуль не з'яўляўся. 35-гадовага паўабаронцы нават не было ў заяўцы на першыя два туры чэмпіянату. Пры гэтым, мяркуючы па відэа з трэніровак, працуе футбаліст-суддзя у асноўнай групе.

Але, па нашай інфармацыі, пэўныя праблемы са здароўем у гульца маюць месца, чым і выкліканы ягоны прафесійны прастой. Праца на сінтэтыцы негатыўна адбілася на каленях Пуцiлы: узнік дыскамфорт, які не дае працаваць у поўную сілу. Адпаведна, пакуль Вадзім Скрыпчанка не можа разлічваць на гульца.

Іншыя пасты блога

Усе пасты