Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Замежныя агенты ў белфутболе: афрыканскія завозы, суд кліента з Брэстам на 600 тысяч, пастаўшчык «Шахцёра» – з Расіяй

Замежныя агенты ў белфутболе: афрыканскія завозы, суд кліента з Брэстам на 600 тысяч, пастаўшчык «Шахцёра» – з Расіяй

Фота з заснавальнікам Putin Team, рэспект беларусам на абароне Украіны.

Аўтар — bytribuna com
6 траўня 2023, 08:04
Замежныя агенты ў белфутболе: афрыканскія завозы, суд кліента з Брэстам на 600 тысяч, пастаўшчык «Шахцёра» – з Расіяй

У беларускім футболе ўсё менш якасных гульцоў з-за мяжы – адпаведна, усё менш удзелу замежных агентаў. Не, мы не пра тых людзей, якіх аб'яўляюць «ворагамі народа» ў Расіі – гаворка пра футбольных агентаў з-за межаў Беларусі, якія спрыялі прыезду ў краіну легіянераў, а беларускім футбалістам дапамагалі ўладкавацца за мяжой. Успомнім самых прыкметных з такіх пасярэднікаў, некаторыя з якіх усё яшчэ працягваюць працу ў нашых краях.

Валерыюс Міжыгурскіс

40-гадовы экс-форвард зборнай Літвы рана скончыў гульнявую кар'еру і стаў агентам. Ужо гадоў дзесяць таму ён працаваў з такімі вядомымі прадстаўнікамі белфутбола, як Антон Пуціла, Сяргей Кісляк, Максім Бардачоў, Максім Валадзько, Арцём Радзькоў, Аляксандр Паўлаў і Юрый Кендыш. З імі Міжыгурскіс і яго агенцтва MV Team супрацоўнічалі па стандартнай еўрапейскай схеме, забіраючы за свае паслугі 10% ад заробку футбаліста. З часам беларускія падапечныя Валерыюса альбо заканчвалі кар'еры, альбо вярталіся з замежных клубаў у вышэйшую лігу, дзе агенцкія паслугі статусным футбалістам былі асабліва не патрэбныя.

Апошнія гады працоўныя інтарэсы Міжыгурскіса перамясціліся ў расійскі футбол. Цяпер з агентам супрацоўнічаюць больш за дзясятак расiян узростам 25 гадоў і маладзей, сярод якіх абаронца «Лакаматыва» Іван Кузьмічоў і форвард «Сочы» Георгій Мелкадзэ, чые трансферныя кошты ацэньваюцца вышэй за мільён еўра.

Пасля пачатку вайны ва Украіне агент працягвае па працоўных справах лятаць паміж Літвой, Расіяй і Турцыяй. Міжыгурскіс ніяк не каментуе тое, што адбываецца ў свеце, аднак у красавіку 2022-га распавёў, што на цікавасці да яго расiйскіх футбалістаў у Еўропе «абвастрэнне палітычнага становішча паставіла крыж». У жніўні 2022-га літовец сфатаграфаваўся з хакеістам «Вашынгтона» і заснавальнікам Putin Team Аляксандрам Авечкіным, у якога сумесны з Пуціным здымак стаіць на аватары ў Instagram.

Аляксандр Панкоў

Украінскі агент, якому вось-вось споўніцца 39, пасля прыходу ў брэсцкае «Дынама» грошай Аляксандра Зайцава пачаў прывозіць у каманду сваіх падапечных, самымі вядомымі з якіх былі Арцём Мілеўскі і Яўген Хачарыдзі. З апошнім берасцейцам не ўдалося развітацца без судовых разбораў. Спартыўны арбітражны суд пастанавіў, што дынамаўцы павінны выплаціць Хачарыдзі 600 тысяч долараў за датэрміновае скасаванне кантракта. Суму ў выніку пакрыў Зайцаў, які да таго моманту дачынення да клуба ўжо не меў.

Пасля гэтай гісторыі кліентаў Панкова у чэмпіянаце Беларусі ўжо не было. Ды і складана зразумець, з кім працуе ўкраінец. Спісу яго падапечных нідзе няма, а з сацсетак не зразумець, дзе ў агента проста фатаграфіі з футбалістамі, а дзе – з гульцамі, чые інтарэсы ён прадстаўляе. Сам Панкоў у подпісы свайго акаўнта ў Instagram распавядае, што ён «футбольны менеджар, спартыўны дырэктар у футболе і YouTube-прадзюсар».

Афіцыйны досвед працы спартыўным дырэктарам у Панкова атрымаўся нядоўгім. У студзені 2022-га ўкраінец заняў гэтую пасаду ў футбольным праекце Яўгена Савіна «Красава», які тады меў каманду ў расійскім Д3. Тады ж пасаду выканаўчага дырэктара ў клубе заняў беларускі менеджар Максім Краснабаеў.

Супрацоўніцтва працягнулася крыху больш за месяц – потым пачалася вайна ва Украіне, і Панкоў адразу ж пакінуў Расію, назваўшы краіну «агрэсарам» і выказаўшы здагадку, што там «будуць жыць у страху». Пазней агент дзякаваў Савіну за асуджэнне расійскага ўварвання. Таксама Панкоў пачаў казаць і пра палітычную абстаноўку ў Беларусі, пра якую раней маўчаў, – назваў Лукашэнку «крывавым» і рэспектаваў беларусам, якія пайшлі абараняць Украіну на фронце.

Цяпер Панкоў курсіруе паміж Кіпрам і Грэцыяй. Не выключана, што Аляксандр супрацоўнічае з грэчаскім «Іанікосам». Там выступае яго кліент Дзмiтрый Чыгрынскі, а дырэктар клуба часта катае Панкова на сваім матацыкле па прыгарадзе Афін.

Дзмітрый Сялюк

Расіянін, якому праз год 60, працягвае заставацца актыўным у белфутболе. Праўда, у «Слуцку», які яшчэ некалькі гадоў таму было складана ўявіць без футбалістаў Селюка, яго гульцоў ужо няма. Затое ў іншых клубах «вышкі» гуляюць пяцёра з Афрыкі, дзе Дзмiтрый па жыцці знаходзіць кліентаў, – абаронца Джонатан Джон («Гомель»), паўабаронцы Джозэф Ада («Дынама» Мiнск), Лукуман Аліу, Яо Джаха (абодва – «Смаргонь») і Сагір Абдулмаджыд («Белшына»).

Агент працягвае працаваць па старой схеме: абкатвае футбалістаў у чэмпіянатах Беларусі і Малдовы, а затым уладкоўвае найбольш паспяховых у больш статусныя і грашовыя лігі. Напрыклад, экс-нападаючы «Гомеля» Махамед Канатэ з сямю галамі зараз лепшы снайпер «Ахмата» Сяргея Ташуева – цікава, што гулец за амаль восем гадоў працы з Селюком ні разу не сустракаўся з ім ужывую. А два былыя футбалісты «Слуцка» Сенен Себаі і Стывен Альфрэд гуляюць у наймацнейшым ізраільскім дывізіёне за «Ірані» з Кір'ят-Шманы і «Хапаэль» з Хадэры адпаведна.

У самым пачатку вайны ва Украіне Сялюк зрабіў у сваім Instagram пару пастоў з пасылам «Не вайне», аднак на гэтым выражэнне яго меркавання па гэтай тэме скончылася. Затое агент для вырашэння праблем расійскага футбола, якія ўзніклі з-за міжнароднага бана ў адказ на вайну, хутка пачаў прапаноўваць РФС павялічыць колькасць клубаў у РПЛ праз запрашэнне каманд з Беларусі і Казахстана. Акрамя гэтага, Сялюк выступіў супраць пераходу расiйскага футбола з УЕФА ў Азію, а таварыскі матч з Таджыкістанам назваў «ганьбай». А наогул агент спадзяецца, што «розум возьме верх», пасля чаго «спартсменаў будуць не адхіляць, а наадварот, дапускаць».

У лютым 2023-га расiянiн сцвярджаў, што ён прыняў удзел у пераходзе ўкраінскага паўабаронцы Віктара Цыганкова з кіеўскага «Дынама» ў іспанскую «Жырону». Па словах агента, на трансфер футбаліста «ніякі палітычны складнік не паўплываў».

– Мне дык якая розніца – украінец ён, азербайджанец ці яшчэ хто? Паверце, калі «Чэлсі» сапраўды будзе зацікаўлены ў набыцці расiйскага футбаліста, ніякай праблемы не будзе, – запэўніваў Сялюк.

Фларын Біба

Албанскі ўладальнік агенцтва FBM зайшоў у беларускі футбол у пачатку 2021-га, калі яго кліента Дэмба Дарба падпісаў «Шахцёр» за 700 тысяч еўра. Гамбіец не адразу, але апраўдаў куплю сваёй гульнёй – за паўтара сезона ў вышэйшай лізе яе найлепшы футбаліст 2021 года забіў 24 мячы ў 40 матчах, пасля чаго летам 2022-га за 1,5 мільёна еўра перайшоў у эмірацкі «Аль-Наср».

Пасля такой удачы Біба прывёз у «Шахцёр» яшчэ некалькі гульцоў. У 2022-м у Салігорск пераехалі паўабаронцы Ардыт Крумі і Заім Дзіванавіч. Першы да гэтага часу выступае за «гарнякоў», а другі ў мінулае трансфернае акно за 150 тысяч еўра з'ехаў да Ташуева ў «Ахмат». Па словах Бібы, Дзiванавіч «зусім не баяўся ехаць у Расiю», дзе зараз футбаліста ўсё задавальняе. Скончыў свой сакавіцкі каментарый агент увогуле словамі: «Усім нам падабаецца Расія, мы разам!».

У пачатку гэтага года «Шахцёр» падпісаў чарговага кліента Бібы – абаронца Мілаш Дрынчыч каштаваў салігарчанам 80 тысяч еўра. Пакуль гулец не трапляе ў заяўку «гарнякоў» – у першым спарынгу міжсезоння атрымаў сур'ёзную траўму на роўным месцы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты