Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Новы бос АБФФ натхняў сабой «маладзёжку» перамагчы Андору, але адбыўся фэйл. Гол суперніка стаў для аўтара другім за суткі і 3 тысячы кіламетраў

Новы бос АБФФ натхняў сабой «маладзёжку» перамагчы Андору, але адбыўся фэйл. Гол суперніка стаў для аўтара другім за суткі і 3 тысячы кіламетраў

Кандрацьеў паспеў пахваліць ліміт – а ён зноў не дапамог.

Аўтар — bytribuna com
21 чэрвеня, 12:00
Новы бос АБФФ натхняў сабой «маладзёжку» перамагчы Андору, але адбыўся фэйл. Гол суперніка стаў для аўтара другім за суткі і 3 тысячы кіламетраў

20 чэрвеня ў чарговы раз непрыемна здзівіла зборная Беларусі – зараз маладзёжная. Яна не змагла абыграць аднагодкаў з Андоры – гасцявы матч скончыўся 1:1. Пры гэтым і першая гульня гэтых супернікаў, у сакавіку ў Арменіі, завяршылася ўнічыю (0:0). Той матч стаў першым з 2019-га, калі Андора U-21 не прапусціла, і першым з 2020-га, калі яна не прайграла.

Хоць здавалася, што зараз усё пройдзе лепш. 15 чэрвеня беларуская «маладзёжка» пад кіраўніцтвам Сяргея Ясінскага ў Барысаве згуляла спарынг з Расіяй U-20 – і разграміла сапернікаў 5:1. Хет-трык аформіў Ягор Карпіцкі – найлепшы бамбардзір ЧБ-2023, які аказаўся не патрэбны ў першай зборнай Георгію Кандрацьеву. Яшчэ адзін мяч госці забілі самі сабе, а Аляксей Анцілеўскі вызначыўся з 11-метровай адзнакі.

Паглядзеўшы матч з супернікамі на год малодшымi за беларускіх гульцоў, Кандрацьеў стаў нахвальваць ліміт на маладых, які ўжо не дапамог у першым матчы з андорцамі. «Гульня з расiянамі паказала, што мы знаходзімся на правільным шляху. Пасля ўводу ліміту ў нашых маладых хлопцаў з“явілася магчымасць стабільна гуляць у чэмпіянаце. Нашы футбалісты больш навучаныя, выглядалі лепш фізічна», – распавядаў Кандрацьеў.

Перад паездкай у Андору «маладзёжку» не пакінулі без «ідэалагічнага складніка». На наступны дзень пасля гульні ў Барысаве каманда паехала ў Хатынь, дзе «трэнеры і футбалісты агледзелі экспазіцыю мемарыяла, а таксама ўсклалі кветкі да помніка».

А ўжо ў Андоры каманду Ясінскага чакала размова з кіраўніком АБФФ Мікалаем Шарснёвым і яго першым намеснікам Андрэем Васілевічам – яны знаходзіліся са зборнай Кандрацьева ў Будапешце, так што ім арганізавалі відэасувязь. У паведамленні АБФФ гаварылася, што Шарснёў пажадаў удачы ў матчы.

Аднак відавочна жаданай для АБФФ кампазіцыі «Шарснёў даў зарад – і каманда тут жа выйграла» не атрымалася. Так, каманда Ясінскага валодала ініцыятывай, але трох балаў гэта не прынесла. Прычым яшчэ і адыгрывацца прыйшлося. Аўтарам першага ў матчы гола стаў андорскі 20-гадовы нападаючы Альберт Росас, які заслужыў таго, каб расказаць пра яго больш падрабязна.

Правы на форварда належаць «Андоры» – праекту Жэрара Піке, які ўжо прабіўся ў іспанскі Д2. Аднак мінулы сезон Росас правёў у арэндах у Д4, выступаючы за «Утэба» і другую каманду «Беціса». У міноры за 30 матчаў Альберт забіў 12 мячоў. Для зборнай Андоры гэта нармальны ўзровень – дэбютаваў за першую каманду форвард яшчэ ў лістападзе 2021-га. І там відавочна не пашкадавалі – з тых часоў Росас аформіў чатыры галы за 13 матчаў. Два з іх прыйшліся на кваліфікацыю ЧЕ-2024, дзе Андора знаходзіцца ў адной адборачнай групе з Беларуссю. У сакавіку Росас сваім мячом дапамог сваёй зборнай нават набраць ачко – згулялі 1:1 у Косава.

А 20 чэрвеня Альберт паразіў у гасцях вароты зборнай Ізраіля, чый абаронца проста падарыў мяч суперніку. Праўда, тут Андора прайграла 1:2.

Так, вы ўсё правільна зразумелі – матч з беларускай «маладзёжкай» быў для Расаса другім за суткі, за якія ён паспеў вярнуцца з Ізраіля ў Андору, пераадолеўшы адлегласць больш за 3 тысячы кіламетраў! Двухжыльны форвард у роднай краіне з“явіўся на полі на 56-й хвіліне – а ўжо на 58-й адкрыў лік.

Праз сем хвілін з пенальці забіў Кірыл Зіновіч, зрабіўшы лік роўным.

Ні Карпіцкі, ні іншыя гульцы атакі беларускай каманды дапамагчы ёй перамагчы не змаглі – выніковыя 1:1. Пацешна, што пры гэтым Беларусь з Андорай дзеляць лідарства ў групе (таму што яе фаварыты, Партугалія і Харватыя, яшчэ ўвогуле не гулялі). Паміж двума вочнымі сустрэчамі беларуская каманда аформіла нічыю з Грэцыяй (1:1), а Андора не прайграла Фарэрскім астравам (2:2).

Калі ў АБФФ ад такога выніку варта хапацца за галаву, то для невялікай пірэнейскай дзяржавы тры матчы запар без параз у «маладзёжкі» – выдатнае дасягненне. «Гэта трэба цанiць і смакаваць – чаму б і не, калі мы працягваем быць у лідарах групы. Гэта анекдатычная сітуацыя, калі шчыра, але пакуль яна доўжыцца, атрымлівайце асалоду!» – заклікала федэрацыя футбола Андоры.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты